Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія – за спрошчанае афармленьне «шэнгену» для беларусаў


Эўракамісія зацікаўленая ў тым, каб беларусы маглі максымальна карыстацца ўсімі магчымасьцямі Візавага кодэксу Эўразьвязу для спрошчанага атрыманьня шэнгенскіх візаў.

Пра гэта, як паведамляе БелаПАН, гаворыцца ў адказе кіраўніка візавага аддзелу Генэральнага дырэктарату ўнутраных спраў Эўракамісіі Яна дэ Чэстэра на зварот беларускіх грамадзкіх арганізацый з заклікам спрасьціць візавы рэжым.

Спадар Чэстэр падкрэсьліў, што Беларусь афіцыйна адказала на прапанову Эўразьвязу пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі. У выпадку пасьпяховага правядзеньня перамоваў і падпісаньня дакумэнтаў кошт шэнгенскіх віз для беларусаў будзе зьніжаны, сказана ў лісьце. Акрамя таго, для некаторых катэгорый грамадзян візы стануць бясплатнымі.

Прадстаўнік Эўракамісіі таксама адзначыў, што 47% віз, выдадзеных грамадзянам Беларусі ў 2013 годзе, былі шматразовымі. Акрамя таго, траціна ўсіх выдадзеных віз былі бясплатнымі.

29—30 студзеня ў Бруселі з працоўным візытам знаходзілася намесьніца міністра замежных справаў Беларусі Алена Купчына. Падчас яе перамоваў з прадстаўнікамі ЭЗ абмяркоўваліся і пытаньні спрашчэньня візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.
XS
SM
MD
LG