Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяне, па вялікім рахунку, не цікавіць мастацкая вартасьць «Авэля» — меркаванага «нацыянальнага блокбастэра». Было б і несумленна, і непрафэсійна пісаць пра магчымы мастацкі вынік таго, чаго, па-першае, яшчэ няма, а па-другое, у што я ня веру. За пару мільёнаў даляраў можна зьняць сёньня толькі неблагі гэтак званы малабюджэтны, камэрны, разьлічаны на фэстывалі фільм. Праўда, пры ўмове, што здымаць яго і здымацца ў ім будуць майстры, а не былыя каскадэры. У касавую выніковасьць «баевіка» ўсё з тых жа прычынаў тым болей ня веру.

Прапагандысцкі, ідэалягічны вынік будучага фільма мяне тым болей не хвалюе, бо за свой век я шмат нагледзеўся прапагандысцкага кіно і ведаю, што каэфіцыент карыснага дзеяньня агітак і антыагітак у сучасным сьвеце, калі ў любой кропцы плянэты любы твор даступны любому чалавеку, роўны нулю. Сёньня прапагандысцкае «мастацтва» не ўяўляе вялікай небясьпекі, бо ў людзей хапае розуму яго не глядзець, а творцам, якія за гэта бяруцца, звычайна не хапае таленту, каб прымусіць публіку гэта глядзець.

Мне глыбока абыякавыя тыя творцы, перадусім акторы, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у гэтым «нечым ня тым». У іх жа ёсьць мазгі, ці павінны быць, каб разумець, што калі яны пасьля будуць выходзіць на сцэну, гледачы, якія ўсё ж паглядзелі фільм, пазнаюць іх: «Ах, гэта той самы, які ў „Авэлі“ здымаўся...». Легендарная расейская акторка Фаіна Ранеўская колісь пра свае працы ў кіно сказала: «Грошы зьедзеныя, а сорам застаўся». Гэта калі адчуваць сорам. У мясцовым выпадку пасьля «Дзяцей хлусьні» прыходзіць «Авэль».

Не перажываю я і за «масоўку» на марозе. Не пад дулам жа аўтаматаў яны здымаліся. Звычайная зьява ў кіно, і ахвочых заўсёды поўна і за капейкі здымацца, і проста дзеля цікаўнасьці. І БРСМ мяне тут не цікавіць.

Для мяне ў выпадку з «Авэлем» што і важна, дык гэта толькі яго грашовае вымярэньне, ці, фігуральна кажучы, магчымая канвэртацыя гэтай цаны ў сапраўды культурныя праекты. Як паведамлялася, кошт таго, што ў інтэрнэце ўжо ахрысьцілі «нечым ня тым», складзе больш за 2 мільёны даляраў зь дзяржаўнай казны, зь бюджэту на культуру. Паўтаруся: каб зрабіць добры, канкурэнтны на міжнародным кінарынку фільм (а менавіта такую мэту дэкляруе замоўца — Міністэрства культуры), гэта нішто.

Але гэта вялікая сума для занядбанай і бядотнай беларускай культуры. У цану «чего-то не так» трэба ўключыць скарачэньне культработнікаў і нікчэмныя заробкі тых, хто яшчэ застаецца ў культуры і мастацтве, закрыцьцё бібліятэк, уразаньне сродкаў на рэстаўрацыю замкаў, няскончаны рамонт Маладзёжнага тэатру, Тэатру юнага гледача, Акадэміі мастацтваў, зьмяншэньне колькасьці новых пастановак у дзяржаўных тэатрах... Да гэтага пераліку людзі культуры і мастацтва могуць дадаць шмат чаго яшчэ.
За 20 мільярдаў можна паставіць 50 спэктакляў у акадэмічных тэатрах

У беларускіх рублях бюджэт «Авэля» складае больш як 20 мільярдаў. І вось якую арытмэтыку я абмеркаваў з адным з кіраўнікоў аднаго менскага тэатру. Сёньня прыстойная пастаноўка аднаго спэктакля ў сталічным тэатры ў сярэднім каштуе каля 400 мільёнаў беларускіх рублёў. Такім чынам, за 20 мільярдаў можна паставіць 50 спэктакляў у акадэмічных тэатрах. Пры прынятай норме пастановак 4–5 спэктакляў на год адзін тэатар можа працаваць 10 гадоў. Або цэлы год бязьбедна маглі б працаваць усе дзяржаўныя тэатры Беларусі, бальшыня якіх пра 400 мільёнаў рублёў на пастаноўку нават і ня мараць. Дадамо, што грошы не пайшлі б цалкам на вецер, бо кожны спэктакль пры пракаце на большы ці меншы працэнт акупляецца продажам квіткоў. Наўрад ці можна чакаць хоць нейкай акупнасьці «Авэля».

Яшчэ адна лічба. Сёлета на выкананьне праграмы «Замкі Беларусі» зь бюджэту дзяржавы выдзеляць амаль у дваццаць (!!!) разоў меней, чым на «что-то не так»: 1,4 мільярда рублёў, што нават на 1 мільярд меней (!), чым летась. Ці не на «Авэля» і адсюль адшчыкнулі?!

Фільм «Авэль» — зь ліку амбітных, вельмі дарагіх, але звычайна безвыніковых і непатрэбных нацыянальнай культуры праектаў, кшталту ўдзелу ў папсовым конкурсе «Эўрабачаньня». У беларускай культуры ўсё так, як і ў беларускім спорце, дзе бессэнсоўна фінансуецца хакей на фоне заняпаду іншых відаў, якія колісь прыносілі яму славу.

Вось і «нацыянальнае» кіно. Шмат гадоў ляцяць на вецер дзяржаўныя (народныя) грошыкі, а ніводнага вартага ўвагі і гледачоў, і крытыкаў фільму так і ня зьнята. Кіно ў сучасным сьвеце — і мастацтва, і камэрцыя. У Беларусі ані аднаго, ані другога. Найбольшым «здабыткам» айчыннага гэтак званага фэстывальнага кіно апошніх гадоў стала фінансаваньне замежнай (расейскай) кінастужкі «Роля». Засьвяціліся такім чынам на «Лістападзе», але не айчынным творам, а патрачанымі на чужое мастацтва грошыкамі. А ці ня лепш было б на гэтыя грошы даць магчымасьць экранізаваць нацыянальную прозу рэжысэру-дэбютанту з удзелам беларускіх актораў? А калі дадаць і грошы на «Авэля»?.. Пытаньне задаю рытарычнае, бо выдатна ведаю адказ: кіраўнікі культуры ня думаюць пра нацыянальную культуру і не працуюць на яе пэрспэктыву.

Кіно сёньня дорага каштуе. Камэрцыйныя, касавыя стужкі нідзе ў сьвеце не здымаюцца за дзяржаўныя грошы. У іх укладаюць капіталы бізнэсоўцы, разьлічваючы на прыбытак. У Беларусі гэтага няма, бо няма творцаў, якія б маглі зьняць такое кіно. І пры такой арганізацыі кінасправы, якая тут склалася, іх ня будзе.

Сапраўды, у беларускім кінэматографе дый увогуле ў беларускай культуры «что-то не так», бо ўсё падпарадкавана ня ім, а ахове рэжыму.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG