Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фанат БАТЭ: У міліцыі паказалі фота і сказалі: «Гэта ты»


Адзін з фанатаў БАТЭ ананімна распавёў Радыё Свабода, як міліцыя ў Барысаве перасьледуе заўзятараў за акцыю ў падтрымку Ўкраіны.

«У мінулыя выходныя валейбольны БАТЭ гуляў у Барысаве два матчы ў залі. Там ёсьць камэры назіраньня, на якіх відаць, як група людзей проста пасьля матча выходзіць з будынку, спускаецца з ганку.

Пасьля двух чалавек з апазнаных па камэры запрасілі на размову, паказалі запіс на відэа. Яны сябе пазналі: „Так, я вось выходжу з залі на вуліцу і іду пасьля дахаты“.

Але на фота з плякатамі ў падтрымку Ўкраіны яны адмаўляліся сябе пазнаваць. Тым не менш у судзе ёсьць прызнаўчыя паказаньні абодвух. Я думаю, іх проста паставілі перад фактам: пагаджаесься — 5 сутак, не пагаджаесься — 15.
Першы хлопец на сто працэнтаў прызнаўся.

А з другім хлопцам — проста жах. Яму пазванілі зранку і запрасілі на размову. Ён сказаў, што без позвы нікуды ня пойдзе, тады за ім прыехалі дахаты. Пасьля таго як ён быў тры гадзіны ў РУУС, прыехалі туды ягоны бацька з адвакатам. Ён за гэты час яшчэ пазваніў сваёй дзяўчыне, якая была зь ім на валейболе. Яна таксама пацьвердзіла, што на відэа ён і што яны разам выходзяць і ідуць дахаты. Але на фота яна яго не апазнала. Расьпісалася ў паказаньнях і яе адпусьцілі.

А хлопца ў той жа дзень асудзілі. Бацьку з адвакатам сказалі, што паперы ў суд павезьлі канвойныя. Яны дзьве гадзіны ня ведалі, што з хлопцам, бо ў судзе кажуць, што не прывозілі, а ў міліцыі — што адвезьлі. Урэшце бацька з адвакатам пад канцылярыяй праседзелі. А хлопца па-ціхаму прывезьлі, завялі праз нейкі іншы ўваход і хутка зачыталі прысуд.

Яны ўжо па факце даведаліся, што ён асуджаны.

Дзяўчыну памятаеце? Дык вось у пратаколе напісана, што яна яго пазнала. Але подпісу яе няма.

Мы ня ведаем, колькі людзей яшчэ не апазнана. Аднаму-двум званілі з міліцыі, але яны сказалі, што бяз позвы ня пойдуць. Прыяжджалі дахаты, але аднаго хлопца дома не было. Дарэчы, яго зусім на відэа ня можа быць, бо яго на матчы не было ў той дзень».

Аднаго з асуджаных павінны вызваліць сёньня ўвечары, другога — у сераду.

27 студзеня ў сеціве зьявіўся здымак, на якім 23 фанаты дзесяціразовага чэмпіёна краіны па футболе барысаўскага БАТЭ сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатамі «Трымайся, Украіна, мы з вамі!» і «Героям слава!»

Пазьней грамадзкі актывіст Сяржук Салаш паведаміў, што на ўсіх 23-х барысаўскіх удзельнікаў акцыі салідарнасьці з украінскім Эўрамайданам падрыхтаваныя судовыя пастановы на розныя адміністрацыйныя тэрміны.

Прэсавая служба УУС Менскага аблвыканкаму пацьвердзіла Свабодзе, што два фанаты Барысаўскага БАТЭ пакараныя за акцыю салідарнасьці з украінскім народам, іншых — шукаюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG