Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя выяўляе фанатаў БАТЭ. Двое ўжо сядзяць «за Ўкраіну»


Прэсавая служба УУС Менскага аблвыканкаму пацьвердзіла Свабодзе, што два фанаты Барысаўскага БАТЭ пакараныя за акцыю салідарнасьці з украінскім народам, іншых — шукаюць.

«Два чалавекі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 23.34. частка 1. Па пяць сутак ім далі. Цяпер устанаўліваюцца іншыя ўдзельнікі акцыі. Размаўляюць зь імі, абзвоньваюць», — паведаміў Радыё Свабода журналіст прэс-службы УУС аблвыканкаму Сяргей Басько.

«Я размаўляў з кіраўніком аддзелу па грамадзкай бясьпецы Барысаўскага УУС, і ён даў такую інфармацыю. Раз акцыя была незаконная, не было дазволу, то іх будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці. Будуць выклікаць на размовы, што ён рабіў. Можа, ён думаў — проста фатаграфуемся. Там жа стаіць дваццаць чалавек, а плякаты трымаюць 8–10. Можа, ён скажа, што і ня ведаў такога. Варыянтаў шмат. Пакуль іх ня выявяць, ніяк ня могуць ляжаць пратаколы».

Сяргей Басько адмовіўся назваць прозьвішчы тых, хто ўжо быў асуджаны на пяць сутак адміністрацыйнага арышту:

«Людзі выказалі сваю пазыцыю, іх за гэта прыцягнулі. Калі яны захочуць самі аб’явіцца, хай аб’яўляюцца, гэта іхная асабістая справа. Мы гэта рабіць не абавязаныя», — тлумачыць Басько.

27 студзеня ў сеціве зьявіўся здымак, на якім 23 фанаты дзесяціразовага чэмпіёна краіны па футболе барысаўскага БАТЭ сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатамі «Трымайся, Украіна, мы з вамі!» і «Героям слава!»

Пазьней грамадзкі актывіст Сяржук Салаш паведаміў, што на ўсіх 23-х барысаўскіх удзельнікаў акцыі салідарнасьці з украінскім Эўрамайданам падрыхтаваныя судовыя пастановы на розныя адміністрацыйныя тэрміны.

«Фанаты ў шоку. Пэўна, што хлопцы ўпершыню трапілі ў падобную сытуацыю», —дадае актывіст.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG