Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца: плата за паліклініку — толькі пасьля зьменаў у Канстытуцыі


У Беларусі за наведваньне паліклінікі трэба браць грошы, лічыць Зьміцер Шаўцоў, сябра камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, старшыня Беларускай асацыяцыі лекараў.

Праваабаронца Алег Гулак кажа, што такія ідэі не адпавядаюць законам.

Шаўцоў у інтэрвію праграме АНТ «Контуры» заявіў, што ў практыцы любой амбуляторыі сустракаюцца пацыенты, якія прыходзяць на прыём больш за сто разоў за год без асаблівых прычынаў: «Проста яны так хочуць. Яны хочуць прыйсьці памераць ціск замест таго каб купіць таномэтар, проста спытаць, проста пачытаць, інтэрпрэтаваць аналізы, перапытаць, што лекар сказаў на мінулым прыёме».

Алег Гулак

Алег Гулак

«Што робіцца ў кабінэце ў лекара? Вядзе прыём доктар, мэдсястра, сядзіць пацыент і яшчэ там жа як мінімум два чалавекі зайшлі «проста спытаць», — апісвае Шаўцоў працоўныя будні ў паліклініках.

«Такога быць не павінна. Безумоўна, гэта выліваецца ў раздражняльнасьць і пацыента, і лекара, высокую нагрузку, таму што лекар ня можа засяродзіцца на адной праблеме, паставіць дакладны дыягназ».

Дэпутат перакананы, што нават сымбалічная плата за візыт у паліклініку адразу б адрэгулявала ня толькі колькасьць візытаў у паліклініку, але і стаўленьне людзей да ўласнага здароўя:

«Мы няправільна разумеем фразу „бясплатная мэдыцына“. Яна не бывае бясплатнай. Яна бясплатная для нас з вамі, але для дзяржавы гэта каштуе калясальных грошай. І часам мы марнатраўна ставімся да ўласнага здароўя і па-спажывецку — да сыстэмы аховы здароўя. Гэта недапушчальна. Чалавек не павінен даводзіць сябе да сытуацыі, калі ён становіцца жыхаром паліклінікі», — цытуе дэпутата Шаўцова БелТА.

Алег Гулак, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт», перакананы, што «калі ўвесьці аплату, то гэта пэўным чынам паўплывае на сытуацыю: людзі будуць меней наведваць паліклінікі і бюджэт будзе напаўняцца». Аднак такое рашэньне будзе супярэчыць закону:

«Гэта парушэньне Канстытуцыі, якая цяпер дзейнічае. Мяняйце Канстытуцыю, а пасьля рабіце такое. Магчыма, гэта і выгадна з эканамічнага пункту гледжаньня, але тады трэба крыху па-іншаму падаваць тэзу пра сацыяльную дзяржаву», — адзначае Гулак.

«У сацыяльнай сфэры ў нас даўно ўжо ідзе дзіўная падмена паняткаў. Прыкладам, бясплатная адукацыя стала называцца „адукацыяй за кошт бюджэту“. За яе выпускнікі расплачваюцца разьмеркаваньнем. Неяк Тозік (намесьнік кіраўніка ўраду Анатоль Тозік. — РС) казаў пра „суфінансаваньне бясплатнай мэдычнай дапамогі“. Гэта падман! Такія людзі добра ведаюць, што ў бясплатнай мэдыцыне ёсьць адна вельмі істотная якасьць — за яе не патрабуюць грошай», — заявіў праваабаронца Алег Гулак у інтэрвію Радыё Свабода.

Пазьней на сайце Радыё Свабода — рэпартаж з чаргі ў менскай паліклініцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG