Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры ўваходзе ў Міністэрства культуры сядзіць Францішак Скарына. Зь белага, як сьнег у Антарктыдзе, алебастру. Месца для першадрукара абранае дзіўнаватае — пад лесьвіцай, каля ліфтавай шахты. Нібы зь нейкім намёкам... Гэта ў Падуанскім унівэрсытэце Скарыну запрасілі ў ганаровую залю сарака найвядомейшых выпускнікоў, а тут — сядзі, як швэйцар, і дай дзякуй, што не на вуліцы, што дождж за каўнер ня лье і галубы зьверху не прыцэльваюцца.

І Скарына сядзіць. Але апошнім часам надта мулка яму сядзіцца, няўтульна і некамфортна. Як асьветнік з пяцісотгадовым стажам і знаўца навук вызваленых, ён выдатна разумее, што ў яго роднай краіне нешта нядобрае адбываецца і з мовай, і зь літаратурай, і ўвогуле з культурай. І ўспамінаецца Францішку, як аднойчы ў Празе на Градчанах ён сустрэўся з паэткай Ларысай Геніюш і пачуў ад яе сказанае нібы мімаходзь пра іхную агульную радзіму: «Прайшлі годы і буры. / Перамена ярма. / Там стаіць Дом культуры, / а культуры няма».

Вось і тут, проста над ім, узвышаецца цэлае Міністэрства культуры, а чым яно, калі з-пад лесьвіцы зірнуць, займаецца? Славянскімі базарамі, прэзыдэнцкімі дажынкамі, закрыцьцём бібліятэк ды ліквідацыяй музэяў. Скажам, пастанавіла сёлета Музэй Максіма Багдановіча як самастойную ўстанову ліквідаваць і не адступаецца ад свайго падступнага намеру, нягледзячы на шматлікія пратэсты грамадзянаў.

Ах, Максім Багдановіч, госьць з высокага неба... Гэта ж ён першым уславіў яго, Францішка, у сьлічным вершы. Як там? «Скарына, доктар лекарскіх навук, у доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры...» Хораша. На вежы хораша, ня тое што пад лесьвіцай, хай сабе і міністэрскай.

Што пратэсты грамадзянаў былі сапраўды шматлікімі — Скарына бачыў на свае вочы. Лісты паштаношы міма яго мяхамі ў прыёмную міністра насілі. Цяпер адказы носяць — таксама мяхамі. Ведаючы пра сантымэнт Скарыны да Багдановіча, паштальён неяк паказаў яму адзін зь лістоў, адрасаваны пэнсіянэрцы зь Менску Надзеі Якаўлеўне Малаковіч. Нібыта і непрыгожа так рабіць, але ж там — нічога асабістага, на канвэрце так і пазначана — «Аб статусе Літаратурнага музэю М. Багдановіча».

Што ж напісаў грамадзянцы Малаковіч начальнік упраўленьня ўстановаў культуры і народнай творчасьці В. М. Шчэрбіч у лісьце пад нумарам 0119/ Кол-689 ад 20 сьнежня 2013 году? Чым больш учытваўся Скарына ў зьмест ліста, тым больш хмурнеў. Па-першае, усяго на старонцы тэксту чыноўнік дапусьціў тры памылкі, з чаго напрошвалася выснова: у Міністэрстве культуры працуюць непісьменныя людзі. Па-другое, начальнік упраўленьня сьцьвярджаў, што перад прыняцьцем рашэньня адносна музэю міністэрства цягам «некалькіх апошніх гадоў правяло маніторынг яго дзейнасьці». Трэба думаць, вынікі маніторынгу (пра іх у лісьце — ні гу-гу, відаць, засакрэчаныя) і спрычыніліся да зьяўленьня згаданага рашэньня.

Але што можна было маніторыць у Музэі Багдановіча, калі там апошнія два гады ідзе рамонт? Хіба тое, як рамонтнікі плітку кладуць і плястмасавыя дзьверы ў інтэр’еры ХІХ стагодзьдзя ўпіхваюць? А філія музэю, гэтак званая «Беларуская хатка» на Рабкораўскім завулку, увогуле ўжо гадоў пяць не працуе — таксама ўсё рамантуецца. Раней яе наведвала да 10.000 чалавек штогод, там паказвалі батлейку, а цяпер нават цэнтральнае ацяпленьне не працуе. Ці ведае В. М. Шчэрбіч, што значаць для музэйных экспанатаў пяць гадоў сырасьці?

Уразіў Скарыну і наступны пасаж у лісьце чыноўніка: «Пры разглядзе пытаньня быў вывучаны вопыт арганізацыі музэйнай сеткі ў замежных краінах. Так, напрыклад, Дзяржаўны літаратурны музэй (г. Масква) мае ў сваёй структуры 12 філіялаў, сярод якіх дамы-музэі А. П. Чэхава, М. Ю. Лермантава, Ф. М. Дастаеўскага». Вось дык вывучылі замежны досьвед — на прыкладзе аднаго-адзінага маскоўскага музэю! А што робіцца ў суседніх Кіеве ці Варшаве? Там і ў галаву нікому ня прыйдзе Шаўчэнку з Гогалем аб’ядноўваць ці Славацкага з Норвідам да Адама Міцкевіча далучаць.

Масква ўвогуле ў музэйнай справе — не найлепшы ўзор. Там калякультурныя спрытнякі даўно прыватызавалі тое, што прыватызацыі падлягаць не павінна. Зайдзіце, напрыклад, у Музэй Міхаіла Булгакава. Там і кроку бясплатна ня ступіш. За ўваход — плаці, за фатаграфаваньне — дадаткова плаці, за экскурсавода — зноў трасі кішэню.

Па словах В. М. Шчэрбіча, неўзабаве Музэй Багдановіча стане філіяй Дзяржмузэю гісторыі беларускай літаратуры. А чым жа тады стануць тая ж «Беларуская хатка» і мэмарыяльная сядзіба ў Ракуцёўшчыне? Філіямі філіі? Ці іх папросту зачыняць, правёўшы яшчэ адзін «маніторынг»? Дарэчы, той самы дзяржмузэй нядаўна нагрузілі яшчэ адной філіяй — лецішчам Васіля Быкава ў Ждановічах. Што там пакажуць у экспазыцыі да сёлетніх дзевяностых угодак пісьменьніка? Газэту «Свабода» зь перадавіцай Быкава «Банда Лукашэнкі выканала загад»? А можа, пракруцяць для наведнікаў відэаролік з БТ, дзе Быкаў за год да сьмерці называўся «літаратурным паліцаем»?

Што яшчэ абурыла Францішка Скарыну, дык гэта стравусіныя паводзіны дырэктаркі Музэю Багдановіча Тацьцяны Шэляговіч. Падобна, схаваць галаву ў пясок у дадзенай сытуацыі — яе прадуманая пазыцыя. Маўляў, вы там пазмагайцеся, а я адседжуся ў зацішку. Але як пазмагаесься, калі няма надзейнага тылу? Вось узыходзяць на музэйны ганак Уладзімер Някляеў зь Лявонам Баршчэўскім вершы Багдановіча пачытаць, а з-заду ў іх — асьцярожна, дзьверы адчыняюцца, і напагатове ўзвод міліцыянтаў. Як бараніць установу, якая сама ня толькі не бароніцца, але і пры першай магчымасьці пераходзіць на бок нападнікаў? Так бы мовіць, здаецца бяз бою.

Увогуле, здавацца бяз бою — гэта наш нацыянальны талент. Бяз бою была здадзеная ўмацаваная фартэцыя нацыянальнай культуры — Дом літаратара. Нават спробаў не было адстаяць адзінае ў краіне выдавецтва для падлеткаў «Юнацтва». Бяз бою былі аддадзеныя ў рукі падхалімных у стасунках з уладай графаманаў чатыры літаратурныя часопісы і штотыднёвая газэта. Бяз бою здымаліся са сцэны «Тутэйшыя», а зь дзяржаўных флягштокаў і фасадаў нацыянальныя сымбалі... Ды і Плошча-2010, якая высілкамі незалежных СМІ стала сымбалем змаганьня за свабоду і дэмакратыю, у той марозны вечар была пакінутая без супраціву. Прызнацца, гэта было вартае жалю відовішча: як толькі грукнулі па шчытах амапаўскія дручкі, тысячы пратэстоўцаў кінуліся ўроссып... Шмат пра што, здадзенае бяз бою ці прыкметнага супраціву, мог бы згадаць Францішак Скарына. З-пад міністэрскай лесьвіцы многае відаць. Назіральны пункт у яго, можна сказаць, ідэальны.

Цікава, колькі Міністэрства культуры заашчадзіць на Багдановічу? Ці хопіць тых сродкаў на выплату ганарару, скажам, Мікалаю Баскаву на «Славянскім базары»? Наўрад ці. Хоць ты ўсе музэі пазачыняй, усё роўна не разьлічысься. Ня кажучы ўжо пра тое, колькі сродкаў міністэрства закапала падчас будаўніцтва новага музэю Вялікай Айчыннай вайны. Закапала ў літаральным сэнсе, паколькі большая частка таго музэю знаходзіцца пад зямлёй. Напэўна, яму таксама філію дадуць — Лінію Сталіна...

І палыхнуць у небе сьвяточныя салюты. І забразгацяць па асфальце гусеніцы танкаў. І загудуць над галовамі зьнішчальнікі. І пастануць у чаргу школьнікі, каб трапіць у той музэй ВАВ, які зьеў бюджэты ўсіх астатніх мірных музэяў, не пашкадаваўшы і мэмарыяльнай гасподы Максіма Багдановіча. Такі ў Міністэрства культуры сёньня прыярытэт, бо і сама культура ў міністэрскім разуменьні — гэта культ ура. Каму і зь якой нагоды ўра — уся чыноўніцкая вэртыкаль за апошнія два дзесяцігодзьдзі добра засвоіла. Таму і Багдановіч тут лішні, і Скарына пад лесьвіцай.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG