Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрый Булатаў прыбыў у Літву на лячэньне


Дзьмітры Булатаў

Дзьмітры Булатаў

Адзін зь лідэраў Аўтамайдану Дзьмітрый Булатаў, якога цягам тыдня невядомыя катавалі, а потым выкінулі ў лесе пад Кіевам, прыбыў на лячэньне ў Вільню.

Па прылёце яго адразу даставілі ў шпіталь, паведамляе ВВС.

Гэтую інфармацыю пацьвердзілі таксама ў літоўскім МЗС.

У сталіцу Літвы Булатаў прыбыў з Рыгі, куды ён вылецеў напярэдадні вечарам з Кіева.

Літва была першай дзяржавай Эўропы, якая надала мэдыцынскую дапамогу пацярпелым удзельнікам пратэстаў ва Ўкраіне і выдзяліла на гэта 15 тысяч эўра. У Літве ўжо лечацца іншыя пацярпелыя з Майдана, якіх асабіста наведвала прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце.

Прыняць на лячэньне Дзьмітрыя Булатава таксама прапаноўвала Нямеччына.

Напярэдадні Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева дазволіў Дзьмітрыю Булатаву выехаць за мяжу, пра што заявіла намесьнік генэральнага пракурора Лілія Фралова.

Такое рашэньне суда атрымана па хадайніцтве Генэральнай пракуратуры, дадала яна.

Раней МУС абвясьціла спадара Булатава ў вышук па артыкуле аб масавых беспарадках. Міліцыя таксама расьсьледуе справу аб яго выкраданьні і зьбіцьці.

Выезд Дзьмітрыя Булатава за мяжу стала магчымым дзякуючы дапамозе палітыкаў і дыпляматаў з ЗША і Эўрапейскага Зьвязу.

Такое рашэньне было прынята ў рамках Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецы, паведаміў журналістам дэпутат Пётр Парашэнка, якога цытуе "Інтэрфакс-Украіна".
XS
SM
MD
LG