Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Януковіч выглядае, як паранены зьвер»


Ўкраінскія алігархі з цяжкасьцю ўтрымалі Віктара Януковіча ад увядзеньня рэжыму надзвычайнага становішча.

Позна ўвечары 28 студзеня Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон аб амністыі арыштаваных удзельнікаў пратэстаў у рэдакцыі ўлады. У гэты дзень у кіроўнай Партыі рэгіёнаў насьпяваў бунт, і каб зьнішчыць яго, у парлямэнт асабіста прыяжджаў прэзыдэнт, а раніцай 30 студзеня стала вядома, што Віктар Януковіч захварэў.

Дэпутат Іна Багаслоўская, якая пакінула Партыю рэгіёнаў, гэтак ацаніла гэтыя падзеі:

«Складаецца ўражаньне, што будзе зроблена спроба яшчэ аднаго кідка. Януковіч выглядае, як паранены зьвер. Ён сышоў на бальнічны, але што гэта азначае на самай справе, не ведае ніхто. Калі прэзыдэнт выступаў у Радзе на пасяджэньні фракцыі Партыі рэгіёнаў, ён сказаў, што прыйшоў з-пад кропельніцы, што ў яго было кровазьліцьцё. Выглядаў ён вельмі дрэнна, як васковая постаць. І неверагодна моцна крычаў: „Вы хочаце вайны — вы яе атрымаеце, у мяне на кожнага з вас ёсьць справа“. Ён выглядаў настолькі страшэнна, што большасьць сябраў фракцыі проста анямелі».

Па словах Іны Багаслоўскай, алігархам, якія маюць свае групы дэпутатаў у фракцыі Партыі рэгіёнаў, атрымалася адгаварыць Януковіча ад ўвядзеньня ў краіне надзвычайнага становішча. Супраць сілавога сцэнару выступіў мільярдэр Рынат Ахметаў, які ў свой час спрыяў прыходу Януковіча да ўлады. З 204 дэпутатаў Партыі рэгіёнаў група Ахметава кантралюе 40 чалавек. Не падтрымаў плян прэзыдэнта і газавы алігарх Дзьмітрый Фірташ. Яго дэпутаты-«рэгіяналы » ўваходзяць у групу былога віцэ-прэм’ера і банкіра Сяргея Цігіпкі, якая складаецца з 38 чалавек.

Нечаканае зьяўленьне ў Радзе прэзыдэнта многія тлумачаць ня толькі неабходнасьцю зацьвердзіць закон аб амністыі ў рэдакцыі ўлады, але і яго імкненьнем не дапусьціць вяртаньня Ўкраіны да парлямэнцка-прэзыдэнцкай формы кіраваньня. Гаворыць прафэсар паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гaрань:

«Януковічу ўдалося цаной неймаверных намаганьняў пераламаць пазыцыю нязгодных зь ім „рэгіяналаў“, магчыма, пры падтрымцы расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, які зноў пачаў абцяжарваць імпарт украінскіх тавараў з прадпрыемстваў, што належаць вялікаму ўкраінскага бізнэсу, і аказваючы такім чынам ціск на дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў у Вярхоўнай Радзе. Я думаю, што Януковіч, вядома ж, ня хоча ніякіх кампрамісаў, але сытуацыя мяняецца не на яго карысьць. Ёсьць два фактары: людзі, якія ў дваццаціградусны мароз стаяць на Майдане, і тая акалічнасьць, што Захад пачынае ўводзіць санкцыі, якія могуць ударыць па алігархам з акружэньня Януковіча. Я не выключаю, што цяпер дэпутаты Партыі рэгіёнаў, зьвязаныя з вялікім бізнэсам, могуць пайсьці на аднаўленьне канстытуцыйнай рэформы ад 2004 (парлямэнцка-прэзыдэнцкая мадэль) і, адпаведна, паслабленьне ўлады Януковіча, паколькі гэта шлях кампрамісу і досыць хуткага выхаду з крызісу».

Мікалай Азараў, які адмовіўся ў мінулы аўторак ад прэм’ерскага крэсла адразу пасьля адстаўкі паляцеў у Вену, дзе плянуе надоўга застацца ў сына, які мае ў Аўстрыі від на жыхарства. На гэтым тыдні Януковіч можа прыступіць да фармаваньня новага Кабінэта міністраў.

Пытаньне аб зьмене нормаў Канстытуцыі з мэтай вяртаньня Ўкраіны да парлямэнцка-прэзыдэнцкай формы кіраваньня Вярхоўнай Рада можа разгледзець 4 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG