Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ён упаў, мы падбеглі, падбеглі лекары і забралі яго ў мэдпункт. Цела ўпала на сьпіну ў бок Украінскага дома. У шчыце была вялікая дзірка. Куля прыйшла з боку спэцназу», — распавёў Тарас Кабялка.

Тым часам як украінская міліцыя і пракуратура дагэтуль ня могуць выявіць сьведак забойства з агнястрэльнай зброі беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, журналісты кіеўскага тэлеканалу «1+1» правялі сваё расьсьледаваньне і знайшлі актывіста Майдана, які быў зь Міхаілам у апошнія хвіліны жыцьця і ўсё бачыў на свае вочы.

Журналісты запісалі інтэрвію з Тарасам Кабялкам, сябрам Міхаіла Жызьнеўскага, які быў зь ім у адным шэрагу падчас сутычак са спэцназам 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве і бачыў, як куля трапіла ў сэрца беларуса.

Тарас Кабялка цяпер ва Ўкраінскім доме разам зь іншымі мітынгоўцамі. Ён распавёў:

«22 студзеня нас абудзілі раніцай, мы выступілі, 10 чалавек, ішлі з двума драўлянымі шчытамі. І калі прыбеглі на вуліцу Грушэўскага, то сталі ў першым шэрагу».


Пасьля весткі пра сьмерць першай ахвяры сутычак Сяргея Нігаяна, якога забілі каля 6-й раніцы, сярод мітынгоўцаў была разгубленасьць. Гэта выкарыстаў «Беркут», які пайшоў у атаку і заняў ды пачаў разьбіраць барыкады мітынгоўцаў. Але калі з майдана Незалежнасьці падышла дапамога, «Беркут» адышоў назад.

Калі «Беркут адступіў, мітынгоўцы вырашылі заняць старыя пазыцыі. У першым шэрагу былі Жызьнеўскі з Кабялкам. Апошні працягвае расповед:

«У той момант, калі яны адступілі за аўтобусы, мы пайшлі героямі з крыкамі, з воклічамі, пабеглі за імі... І Міша пайшоў, стаў паміж двума аўтобусамі, закрыў дзірку, каб адтуль не стралялі».

Драўляны шчыт добра абараняў ад гумовых куль, але раптам Міхаіл Жызьнеўскі ўпаў на вуліцу Грушэўскага.

«І за тры мэтры, калі пачаліся гранаты, шашкі, стрэлы, я ўбачыў, што ён упаў. Мы падбеглі, падбеглі лекары і забралі яго ў мэдпункт... Цела падала сьпінай назад у бок Украінскага дома... У шчыце была вялікая дзірка. Куля прыляцела зь іх боку», -- распавёў Тарас Кабялка.

Паводле рэканструкцыі тых падзеяў, зробленай журналістамі «1+1», мэталічная куля прыляцела ў Міхаіла Жызьнеўскага з боку шэрагаў спэцназу. Пра гэта ж сьведчыць і лекар Ігар Ількіў, які першым агледзеў рану Міхаіла і таксама даў інтэрвію «1+1».

Журналісты таксама пагутарылі са спэцыялістамі ў галіне зброі, якія засьведчылі ім, што з стрэльбаў 12 калібру, якія ёсьць на ўзбраеньні «Беркута» і прыстасаваныя пад гумовыя кулі, можна страляць і мэталічнай карцеччу, якой былі забітыя Жызьнеўскі і Нігаян.

Паводле Ігара Ільківа, лекара Майдану, 22 студзеня было шмат параненых, кантужаных, атручаных газамі — усяго 159 параненых.

Каля 9-й раніцы ў мэдычны пункт занесьлі беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, праз паўгадзіны Ількіў зафіксаваў ягоную біялягічную сьмерць.

Трэці забіты куляй Раман Сенік яшчэ некалькі дзён змагаўся за жыцьцё, але таксама памёр.

Прадстаўнікі МУС Украіны заяўляюць, што сьведчаньняў забойства мітынгоўцаў у іх няма. Прадстаўнікі праўладнай Партыі рэгіёнаў кажуць, што 22 студзеня целы забітых маглі прынесьці аднекуль на вуліцу Грушэўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG