Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сцэнар «Авэля»: Служба бясьпекі прэзыдэнта дапамагае выратаваць сьвет

абноўлена

Прадусары кажуць, што сцэнар не адпавядае рэчаіснасьці

На сайце Хартыя’97 зьявіўся поўны сцэнар фільму «Авэль». Поўны тэкст сцэнару

Сяргей Ждановіч ужо заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што ня ведае аўтара тэксту, які зьявіўся ў інтэрнэце.

«Магу дакладна сказаць, што гэта сцэнар несапраўдны, — кажа Свабодзе Ждановіч. — Больш нічога камэнтаваць ня буду».

На пытаньне, хто мог апублікаваць гэты тэкст, Ждановіч лічыць, што нехта на першым этапе падрыхтоўкі фільму ўзяў тэкст і «па-свойму» яго дапрацаваў.

У выкладзеным сцэнары распавядаецца пра тое, як служба бясьпекі прэзыдэнта Беларусі і місіянэры з магутнай арганізацыі захавальнікаў таямніцы Каінавага знаку (авэліты) спрабуюць выратаваць сьвет.

Сакрэтная арганізацыя прамых нашчадкаў біблейскага Авэля сабрала інфармацыю аб генэтычным кодзе кожнага жыхара Зямлі і вызначае верагоднасьць забойстваў з дапамогай кампутарнай праграмы, якая дэшыфруе код Каіна.

Каінавы знак, таямніцу якога захоўваюць авэліты, гэта ланцужок генэтычнага коду — генэтычная праграма ў ігрэк-храмасоме, спадкаванай па мячы, якая адказвае за верагоднасьць учыненьня чалавекам забойства...

Журналістка Сара, адна зь місіянэрак арганізацыі, езьдзіць па ўсім сьвеце і спрабуе перадухіліць рэзанансныя забойствы «зь вялікай колькасьцю ахвяр і далёкасяжнымі наступствамі». Праўда, яе праца не асабліва эфэктыўная і пасьля няўдалай апэрацыі, якую зрываюць таемныя нядобразычліўцы, у Тунісе ўспыхвае рэвалюцыя.

Нашмат лепш журналістцы атрымоўваецца выкрываць амэрыканскую замежную палітыку, а яе кніжка «Штосьці ня так з амэрыканскай марай?» становіцца бэстсэлерам.

Пасьля Тунісу Сара атрымлівае новае заданьне — у Беларусі, у якой толькі што прайшлі прэзыдэнцкія выбары і адбываюцца масавыя пратэсты. Кампутарная праграма авэлітаў вылічыла імавернасьць двух злачынстваў і місіянэры павінны перадухіліць іх.

Пад выглядам замежных інвэстараў місіянэры прыбываюць на Беларускі аўтамабільны завод, дзе ледзь не становяцца ахвярамі замаху. БелАЗ з дыстанцыйным кіраваньнем падчас прэзэнтацыі інвэстарам губляе кіраваньне і спрабуе іх раздушыць. Іх цудам ратуе маёр службы бясьпекі прэзыдэнта Ягор Анісімаў, які апынуўся ў гэты час на заводзе, каб падрыхтаваць візіт кіраўніка дзяржавы.

Як высьвятляецца, місіянэраў цікавіць ягоны брат Вадзім. Ён працуе на БелАЗе праграмістам. Менавіта Вадзім, паводле прагнозу авэлітаў, зь імавернасьцю 82,3% учыніць забойства бліжэйшым часам. Рэч у тым, што Вадзім і Ягор не падзялілі дзяўчыну (вядомую тэлевізійную журналістку Веру) і Вадзім ня можа дараваць свайму брату.

Ягора Анісімава прыстаўляюць да амэрыканскай журналісткі ў якасьці аховы. Ён павінен суправаджаць амэрыканцаў на прэс-канфэрэнцыю і на хакей.

Як бы між іншым, журналістка падчас прэс-канфэрэнцыі кіраўніцтва БелАЗу ў Нацыянальнай бібліятэцы тлумачыць, што змагацца з дыктатурай ня варта і трэба шукаць іншы шлях — шлях эвалюцыі.

Памочнік Сары, Крыс Уэйн, у гэты ж час сочыць за іншым патэнцыйным забойцам з прыгараду Менска Кірылам, які плянуе падарваць самаробную бомбу ў месцы масавага збору людзей. Дзякуючы прафэсійнай і супольнай працы АМАПу Кірылу не атрымоўваецца пранесьці бомбу на хакейны матч, на які, дарэчы, зьбіралася і амэрыканская журналістка, і ён наважваецца ўчыніць тэракт у мэтро.

Служба бясьпекі прэзыдэнта памылкова мяркуе, што Крыс Уэйн спрабуе забіць Сару і абвяшчае на яго паляваньне. Ягор Анісімаў на матацыкле перасьледуе Крыса Уэйна, аднак у самы апошні момант хтосьці пасьпявае падарваць самога Ўэйна (зьнявечаны, але жывы). Ягор працягвае пагоню за падазроным аўтамабілем і трапляе на палігон выпрабаваньняў БелАЗаў. 400-тонны самазвал на дыстанцыйным кіраваньні атакуе маёра, але Ягору атрымоўваецца нэўтралізаваць апэратара-тэрарыста. Ім быў стажор завода з Туніса, агент здрадніка ў шэрагах авэлітаў.

Сара і яе партнэры вымушаныя расказаць Ягору Анісімаву таямніцу і цяпер ужо разам яны ідуць па сьлядох магчымых забойцаў. Яны пасьпяваюць прыехаць на станцыю мэтро за імгненьне да выбуху і адзін зь місіянэраў гіне. Кіраўніцтва Ягора думае, што ён і амэрыканцы арганізавалі выбух у метро. Цяпер ужо ў вышук абвешчаны сам маёр СБ.

Сара і Ягор Анісімаў знаходзяць у старым вясковым доме сям’і Анісімава зьвязаную дзяўчыну (тэлевізійную журналістку), якую брат Ягора — Вадзім узяў у закладнікі, туды ж прыбывае група захопу і брат Ягора. Вадзім адпраўляецца на перамовы, у дом ён прынёс выбухоўку і спрабуе ўсіх падарваць, аднак Ягор ратуе жыцьцё брату.

Заканчваецца фільм на высьпе Утэя ў Нарвэгіі. Сара вылічвае здрадніка ў шэрагах авэлітаў. Ім быў яе куратар Дэвід Паркер. Ягор, Сара, Вера і Крыс Уэйн спрабуюць нэўтралізаваць здрадніка, але тут зьяўляецца Брэйвік з карабінам і ладзіць пабоішча. Паркер пасьпявае зьбегчы з выспы на маторнай лодцы, але Брэйвік расстрэльвае лодку і Паркер гіне падчас выбуху.

«Франкенштэйн забіў свайго гаспадара», — робіць выснову амэрыканская журналістка Сара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG