Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні на здымках «Авэля», у тым ліку за вокліч «Жыве Беларусь!» ВІДЭА


1 лютага працягвалі здымацца эпізоды фільму «Авэль», зьвязаныя з падзеямі 19 сьнежня 2010 году — у прыватнасьці, шэсьце з Кастрычніцкай плошчы да Дому ўраду. Флэш-мобу не было, але затрыманьні здарыліся.

Стваральнікі прапагандысцкай стужкі «Авэль» паўтарылі маршрут шэсьця, якім у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году прайшлі некалькі дзясяткаў тысяч нязгодных з вынікамі выбараў.

Масоўка ў колькасьці блізу 4 тысяч чалавек прайшлася ад Кастрычніцкай плошчы да Дому ўраду на плошчы Незалежнасьці. Зрэшты, на тым усё і скончылася — эпізод супрацьстаяньня з байцамі спэцназу быў зьняты раней, 30 студзеня.

Калі калёна псэўдадэманстрантаў параўнялася з унівэрсамам «Цэнтральны», адтуль радасна выскачыў мужчына сярэдніх гадоў і з крыкам «Жыве Беларусь!» далучыўся да «апазыцыянэраў»
Прамэнаду да ўраду папярэднічаў дакладны інструктаж масоўкі: куды ісьці, як сябе паводзіць, што выкрыкваць. Як і ў папярэднія дні, палітычныя лёзунгі і нацыянальная сымболіка былі прызнаныя нямэтазгоднымі. У выніку па праспэкце крочыў безаблічны натоўп, які толькі зрэдку нагадваў пра сябе жывёльным рыкам «Э-э-э!», «У-у-у-у». Не было нават ужо легендарнага «Что-то не так!»

Зрэшты, не абышлося без канфузу. Калі калёна псэўдадэманстрантаў параўнялася з унівэрсамам «Цэнтральны», адтуль радасна выскачыў мужчына сярэдніх гадоў і з крыкам «Жыве Беларусь!» далучыўся да «апазыцыянэраў».

Пасьля некалькіх імправізацыяў кшталту «Луку на муку!» рэвалюцыянэра, які ламаў стэрыльны сцэнар, пільныя людзі ў цывільным узялі пад рукі і павялі ў пастарунак.

Тым часам калёна пад аб’ектывамі кінакамэраў, усталяваных пасярод дарогі на адмысловых кранах, безгалоса рушыла далей.

За тры дні здымкаў кінулася ў вочы, што хтосьці ў камандзе пастаноўшчыкаў не на жарт захапляецца піратэхнікай. 30 студзеня, падчас рэканструкцыі «штурму» Дому ўраду, з натоўпу ў байцоў спэцназу ляцелі бутэлькі з «кактэйлем Молатава». Чаго, дарэчы, на Плошчы не было.



1 лютага каскадэры, якіх паставілі на чале калёны, несьлі ў руках запаленыя фаеры, праз гэта карціна больш нагадвала марш футбольных заўзятараў. А крыху раней у раёне плошчы Незалежнасьці выбухнуў кіношны мікрааўтобус, у якім захоўваўся вогненебясьпечны рэквізыт. Абышлося без траўмаў.

Але цалкам пазьбегнуць эксцэсаў не ўдалося. Пасьля таго, як масоўка фінішавала на прыступках Дому ўраду і на разьвітаньне першыя шэрагі некалькі разоў праскандавалі «Против! Против!», усім праз мэгафон сказалі дзякуй і папрасілі разыйсьціся.

Калі масоўка пачала рухацца да мэтро, відэаапэратар агенцтва БелаПАН Васіль Сямашка спыніў двух студэнтаў і папрасіў адказаць на некалькі пытаньняў. Калі інтэрвію скончылася, студэнтаў схапілі «ціхары».

Сямашка, зразумеўшы, што падставіў маладых людзей, кінуўся на іх абарону, у выніку чаго яго скруцілі і самога.

Пазьней ён расказаў Свабодзе, што з «цывільнымі» быў дасягнуты кампраміс: відэа выдаляецца, а студэнтаў адпускаюць на волю. Паведамляць журналістам прычыны затрыманьня хлопца і дзяўчыны праваахоўнікі, якімі кіраваў ажно генэрал міліцыі («Ды ты знаешь, с кем разговариваешь?!», — палохаў Сямашку высокі чын, пад чорным камбэзам якога знакаў адрозьненьня не было бачна) не зьбіраліся.



Людзі ў цывільным затрымліваюць журналіста Васіля Сямашку

Людзі ў цывільным затрымліваюць журналіста Васіля Сямашку



Што да працы здымачнай групы фільма, то ўсё робіцца без асаблівага імпэту. Калі здымкі прызначаныя на нейкі час, можна сьмела накідваць 2-3 гадзіны — ніхто нікуды не сьпяшаецца. У першы дзень варушыцца пачалі замест 19-й гадзіны толькі а 22-й, на другі спазьніліся на паўтары гадзіны, а 1 лютага масоўку, якая сабралася а 20-й, задзейнічалі а 22.30.

Мастацкі фільм «Авэль», на фінансаваньне якога Міністэрства культуры Беларусі выдаткавала 2 мільёны даляраў, рыхтуе да вытворчасьці інтэрнацыянальная брыгада пад кіраўніцтвам Ўільяма Дэвіталя — былога ўкраінскага каскадзёра, які 20 гадоў таму ад’ехаў у ЗША, будучы яшчэ Віталём Васільковым. Уся адказнасьць за канчатковы прадукт ляжыць на прыватнай кінакампаніі «Нонстоп Мэдыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG