Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайгралі і эўра, і даляру, і расейскаму рублю


Нацыянальны банк назваў лічбы за 2013 год, якія сьведчаць, што летась беларускі рубель паслабеў адносна ўсіх трох валют, якія ўваходзяць у так званы валютны кошык.

Так, эўра ён саступіў за год на 15,3%, даляру — на 11%, расейскаму рублю — на 3%. У Нацбанку такі вынік тлумачаць перавышэньнем попыту на замежную валюту над яе прапановамі.

Аналітык Лібэральнага клюбу Антон Болтачка так камэнтуе для Свабоды гэтую сытуацыю:

«Міністар эканомікі спадар Снапкоў напачатку мінулага году, казаў, што аслабленьне рубля на 10% забясьпечыць рэалізацыю ўсіх плянаў ураду. Цяпер бачна, што дэвальвацыя і склала заплянаваную лічбу. Але тут галоўнае нават ня гэта, а тое, што дэвальвацыя праходзіла плаўна, менш адчувальна для беларусаў.

Гэты працэс нагадвае сытуацыю з ростам цэнаў на бэнзін. У свой час рэзкае падвышэньне коштаў выклікала грамадзкія хваляваньні. А калі бэнзін пачалі прадаваць даражэй, але не адразу, а паступова, то людзі нават не заўважылі, што па выніках году цана вырасла болей, чым абяцалі ўлады напачатку таго ж году. Такая псыхалёгія — што тут зробіш.

Тое ж самае робіцца з рублём. За даляр, за эўра трэба плаціць рублёў усё болей. Таму курс марудна, але ўпэўнена ідзе ўверх.

За прагноз на 2014 год, я думаю, ніхто зараз ня возьмецца. Вялікае адмоўнае сальда экспарту параўнальна з імпартам паказвае: сёлета падзеньня на 10% супраць даляра ўжо ня хопіць. Таму тут усё будзе залежаць найперш ад дзьвюх рэчаў — колькі крэдытаў здолее атрымаць Беларусь і на якую суму яна прадасьць уласнасьць. Менавіта гэтыя фактары і пакажуць, які курс рубля будзе сёлета ў сьнежні. Таму сказаць, якая будзе карэкціроўка, я не бяруся. Але тое, што яна будзе, сумневу няма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG