Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Яроменка: Уладзь ужо чакае вызваленьня


Уладзімер Яроменак

Уладзімер Яроменак

Палітвязьня Ўладзя Яроменка, які за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду адбывае 3 месяцы зьняволеньня ў арыштным доме ў Баранавічах, наведалі жонка Валянціна і ягоная маці.

Валянціна Яроменак апавяла карэспандэнту «Свабоды» падрабязнасьці:

«Езьдзіла да яго з ягонай маці. Нам далі 2 гадзіны на сустрэчу. Выглядае ён дастаткова бадзёра, ужо чакае вызваленьня. Перадалі яму харчовую перадачу. Перадаваў усім прывітаньне».

Паводле Валянціны Яроменак, Уладзь ня мае пакараньняў, на ўмовы утрыманьня ён не скардзіўся. Зноў паўтарыў, што кормяць у Баранавічах лепш, чым у менскіх вязьніцах. Пра тэмпэратуру ў камэры Уладзь Яроменак паведаміў, што там «даволі цёпла». «Іх штодня выводзяць на прагулкі, але быў дзень, калі лекар праз маразы прагулкі адмяніў. А гэтак на холад ня скардзіўся», — паведаміла Валянціна Яроменак.

24 студзеня мінула палова трохмесячнага тэрміну, які Першамайскі суд прызначыў Уладзю Яроменку ў якасьці пакараньня за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду. Паводле Валянціны Яроменак, яе муж мае выйсьці на волю 11 сакавіка. Праваабаронцы не выключаюць, што Яроменку пасьля адбыцьця пакараньня зноў прысудзяць прэвэнтыўны нагляд.

Валянціна Яроменак цяжарная, яна кажа, што нараджаць ёй праз 2 месяцы. Яроменкі чакаюць дачку.
XS
SM
MD
LG