Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сталкеры Свабоды

Дар'я Каткоўская: «Я – тая жабка, якая выжыла, а ня тая, якая скарылася»


Красуня, разумніца, мае любімую працу і шчырых сяброў. Што, здавалася б, яшчэ трэба ёй для адчуваньня паўнаты жыцьця? А ўсяго толькі – дбаць пра іншых. Юрыстка і грамадзкая дзяячка Дар'я Каткоўская – гераіня новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«У школе мяне жартаўліва называлі «Голас сумленьня з апошняй парты». І таму пэрыядычна ў мяне з настаўнікамі былі канфлікты не з-за вучобы, а з-за таго, што я была нязгодная з тым, як яны паводзяць сябе зь дзецьмі.

Прычым мне досыць складана змагацца за сябе саму, а значна больш прыемна змагацца за кагосьці іншага і камусьці дапамагаць. Магчыма, таму я і абрала прафэсію юрыста.

Я вучылася ў мастацкім ліцэі, і ўсе, напэўна, думалі, што я буду мастаком, але з самага дзяцінства я марыла стаць адвакатам. На той момант, калі ўжо скончыла юрыдычны факультэт, было абсалютна зразумела, што паняцьце «адвакат» у Рэспубліцы Беларусь не адпавядае маім ідэалам. Таму я стала проста юрыстам, хоць нават цяпер у мяне ёсьць магчымасьць дастаткова проста атрымаць адвакацкую ліцэнзію. Я не хачу, таму што гэта — ганьба сваіх юнацкіх ідэалаў. І да таго часу, пакуль тут ня будзе вольнага суду, я ня думаю, што суд для мяне можа быць тым месцам, дзе я хацела б абараняць. Ёсьць іншыя рэчы.

У школе мяне жартаўліва называлі «Голас сумленьня з апошняй парты»
І таму праз пэўны час пасьля пачатку працы юрыстам я прыйшла да праваабарончай дзейнасьці. Мяне заўсёды цягнула да гэтага. Я імкнуся ўявіць сытуацыю, прадбачыць разьвіцьцё падзей, і юрыдычная адукацыя ў гэтай дзейнасьці дапамагае.

Зь іншага боку, калі я ведаю магчымыя наступствы, то можа быць цяжка на нешта адважыцца. Некаторыя людзі робяць штосьці мо таму, што ня ведаюць, што за гэта ў нас бывае.

Калі мы рабілі акцыю салідарнасьці пасьля 19 сьнежня 2010 году, мае калегі мяне падтрымлівалі, а мае кліенты нават з Масквы перадавалі грошы на палітвязьняў. Былі выпадкі пасьля гэтага, што нам тэлефанавалі кліенты і казалі: «Мы хочам, каб нас абслугоўвала Дар’я». І даводзілася тлумачыць, што я, напрыклад, нерухомасьцю не займаюся.

Я такі чалавек, які заражае людзей, якія побач, жаданьнем нешта зрабіць разам са мной. Да прыкладу, ва Ўкраіну на Майдан я зьбіралася ехаць адна і шукала спадарожную машыну. Але нас такіх стала шмат, зьявіўся аўтобус. Той ноччу ў дарозе нам дапамагалі, як гэта ні дзіўна гучыць, нават супрацоўнікі міліцыі. Мы проста не афішуем гэтай сытуацыі, але мы змаглі дамовіцца нават зь імі так, каб ні ў кога — ні ў іх, ні ў нас — не было праблемаў.

Тое ж самае было з пахаваньнем Жызьнеўскага. Я заўсёды думаю, што насамрэч няма розьніцы, зь якіх мы бакоў. Хто ён, за што ён змагаўся, ці быў ён героем, ці ахвярай? Мы падзялялі аднолькавыя каштоўнасьці, таму што ў тыя дні, калі я была на Майдане, і ён там стаяў. Я разумею, чаму ён абараняў тую зямлю. Для мяне гэтая зямля шырэйшая, яна цягнецца сюды, да Менску. Але каштоўнасьці тыя ж самыя. І калупаньне ў ягоным жыцьці, развагі, ці варта было туды ехаць на могілкі, чаму туды не прыехалі палітыкі — мне гэта незразумела. Я лічу, што ён — такі сымбаль сытуацыі.

Я пастанавіла сабе, што ў мяне ня будзе няспраўджаных спадзяваньняў. Я не хачу ўскладаць на народ Беларусі абавязак стаць лепшым, зьмяніцца. І на кожнага чалавека з гэтага народу — таксама
Ягоным бацькам цяжка — гэта другая матывацыя, чаму я паехала. Я вельмі добра ведаю, што такое страціць брата, што такое бацькам страціць сына, таму гэта была асабістая матывацыя проста прыехаць і сказаць: «Ведаеце, вы — не адны».

Я пастанавіла сабе, што ў мяне ня будзе няспраўджаных спадзяваньняў. Я не хачу ўскладаць на народ Беларусі абавязак стаць лепшым, зьмяніцца. І на кожнага чалавека з гэтага народу — таксама.

Зрабіў дабро — не кажы нікому. Альбо зрабіў дабро — раскажы ўсім. Ёсьць такія рэчы, калі сапраўды лепш расказаць усім, каб гэта апаноўвала большую колькасьць людзей. Гэта натхняе, таму што бываюць такія сытуацыі, калі глядзіш навіны, глядзіш на вуліцу і думаеш: «Госпадзі, нават страшна з ложка ўстаць! Як увогуле жыць далей?» А потым робіш нешта, і ад гэтага лягчэй.

Не заўсёды будзе посьпех, але змагацца трэба. Карацей, я — тая жабка, якая выжыла, а ня тая, якая скарылася».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG