Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 2 лютага: Рэканструкцыя Плошчы, пікеты супраць гарэлкі, Дзень балота


Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца

Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца

Гэты дзень у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ

Спэцыяльны прадстаўнік ААН па Беларусі Міклаш Харашці пачне свой візыт у Вільню, дзе ён сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці, каб абмеркаваць сытуацыю з правамі чалавека ў краіне.

У розных раёнах Менску пройдуць пікеты прамоўцаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі «Абаронім нашых дзяцей ад алькагалізму». Пачнуцца яны зь пікету ў Зялёным Лузе (вуліца Гамарніка 29) а 12-й гадзіне, пройдуць недалёка ад кінатэатру «Беларусь», Камароўскага рынку, супэрмаркету «Чкалаўскі», «Беларусь» і скончацца пікетам каля гандлёвага цэнтру «Глоба».

Каля Дому ўраду ў сталіцы ад дзявятай вечара працягнуцца здымкі прапагандысцкага фільма «Авэль», у сцэнары якога імітуюцца падзеі Плошчы-2010. У масоўцы прымуць удзел каля 4 тысяч чалавек.

У Нацыянальным Купалаўскім тэатры ў Менску – фірменная «Паўлінка», у Тэатры імя Горкага «Пане Каханку» (рэжысэр Сяргей Кавальчык, драматург Андрэй Курэйчык), мастацкі вымысел вакол легендарнай асобы Караля Станіслава Радзівіла.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1348 – перамога войскаў Вялікага княства Літоўскага над крыжакамі на рацэ Стрэва (прыток Нёмна). У бітве загінуў князь Нарымонт, другі сын Гедыміна.

1943 – капітуляцыя немцаў пад Сталінградам. Заканчэньне Сталінградзкай бітвы.

1968 – адкрыўся літаратурна-этнаграфічны музэй у вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёну.

Нарадзіліся:

1494 – каралева і вялікая княгіня Бона Сфорца, якая ўвайшла ў гісторыю Беларусі маштабнымі аграрнымі рэформамі.

1838 – Кастусь Каліноўскі, ідэоляг вызваленьня Беларусі, кіраўнік паўстаньня 1863 году.

1882 – Джэймс Джойс, ірляндзкі паэт і пісьменьнік, аўтар знакамітага раману «Уліс», які на беларускую мову пераклаў наш калега Ян Максімюк.

Памёрлі:

1746 – Мікалай Фаўстын Радзівіл, дзяржаўны і вайсковы дзяяч ВКЛ .

1996 – Алесь Звонак, пісьменьнік, перакладчык, вязень сталінскіх турмаў.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Сусьветны дзень водна-балотных рэсурсаў

ЛІЧБА НА ПАМЯЦЬ:

У Беларусі больш за 9 тысяч балот, і менавіта таму краіна атрымала зайздросны статус «лёгкіх Эўропы». Але балотам пагражае асушэньне.
XS
SM
MD
LG