Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Эйсмант: Вядучы кардыёляг зарабляе як просты будаўнік


Марыя Эйсмант

Марыя Эйсмант

Госьця Свабоды – намесьніца галоўнага рэдактара незалежнай газэты «Народная воля» Марыя Эйсмант, якая спэцыялізуецца на мэдычнай тэматыцы.

Днямі Марыя напісала артыкул «Зьбіцьцё нядбайных», у якім выказала свой погляд на тое, хто павінен знаходзіцца на лаве падсудных у справе «Экамэдсэрвісу», і пра ўмовы працы беларукіх лекараў.

Ганна Соўсь: Марыя, вы сачылі за судовай справай «Экамэдсэрвісу», наколькі прадказальным для вас быў прысуд – анэстэзіёлягу Аляксандру Шураву 4 гады калёніі-пасяленьня, інжынэру мэдычнага цэнтру Вадзіму Ліхуту 3 гады калёніі-пасяленьня, і былому гендырэктару Галіне Валжанкінай – 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу?

Марыя Эйсмант: Я меркавала, што прысуд будзе больш жорсткі, калі ўлічыць той грамадзкі рэзананс, які быў нададзены гэтай справе. Але і 4 гады калёніі-пасяленьня, якія суд вызначыў для анэстэзіёляга Аляксандра Шурава – гэта суровы прысуд, на мой погляд. Бо артыкул, які яму інкрымінаваўся, прадугледжвае і больш мяккі прысуд – абмежаваньне волі без пазбаўленьня права займацца мэдычнай дзейнасьцю. Тым больш, што Шураў у сваім апошнім слове ў судзе прасіў пакінуць яго ў прафэсіі і казаў, што ён хоча прыносіць карысьць людзям. А Шураў, як стала вядома, пасьля гэтай гісторыі звольніўся з «Экамэдсэрвісу» і працаваў на «Хуткай дапамозе», дзе лекараў катастрафічна не хапае, дзе заробкі самыя нізкія і гэта ўвогуле лічыцца найбольш непрэстыжным месцам працы для лекараў.

Соўсь: Давайце паглядзім на сытуацыю шырэй, як вы прапанавалі ў сваім артыкуле – у якіх умовах працуюць беларускія лекары, і чаму яны дадаткова працуюць у прыватных цэнтрах?

Ці здарылася б тое, што здарылася ў «Экамэдсэрвісе», калі б і Шураў, і хірург Серабро не падпрацоўвалі там па сумяшчальніцтве, а гэта было іх асноўным месцам працы?
Эйсмант: Пытаньне не да мяне, у якіх умовах, гэта да ўладаў, чаму даведзеныя да такіх умоваў. Я сапраўды і ставіла і стаўлю такое пытаньне, а ці здарылася б тое, што здарылася ў «Экамэдсэрвісе», калі б і Шураў, і хірург Серабро не падпрацоўвалі там па сумяшчальніцтве, а гэта было іх асноўным месцам працы? Праўда, цяпер высьветлілася, што Шураў усё ж стала працаваў у «Экамэдсэрвісе», а падпрацоўваў у іншых клініках. Але ўсё роўна ён вымушаны быў шукаць любую падпрацоўку, каб забясьпечыць сабе больш-менш годнае жыцьцё. Гэта не нармальна. Як і тое, што апэрацыя пачыналася ў 5 гадзін вечара і хірург Серабро, адстаяўшы да гэтага 5 гадзінаў на дзьвюх апэрацыях на асноўным месцы працы, прыехаў у «Экамэдсэрвіс», безумоўна, ужо стомлены. Пасьля пятай гадзіны ўжо трэба думаць пра тое, як адпачываць, а ня зноў працаваць і выконваць складаную апэрацыю.

Дарэчы, на калегіі Міністэрства аховы здароўя, якая днямі адбылася, дырэктар РПЦ кардыялёгіі назваў заробкі вядучых кардыёхірургаў, якія робяць трансплянтацыі сэрца, высокатэхналягічныя апэрацыі. Мяне гэтыя лічбы ўразілі. Ўлічваючы ўсе даплаты, якія яны атрымліваюць, іх заробак складае каля 7 мільёнаў рублёў. Сёньня ў Беларусі будаўнікі атрымліваюць па 10-12 мільёнаў, а тут вядучыя кардыёлягі...

Соўсь: У працяг тэмы заробкаў... Нядаўна шырокі розгалас атрымалі патрабаваньні лекараў «хуткай дапамогі» аб падвышэньні заробку. Вы шмат кантактуеце зь лекарамі, якія працуюць у разных галінах мэдыцыны. Калі параўноўваць заробкі лекараў, напрыклад, з заробкамі ў іншых сфэрах, то як выглядае герархія, прадстаўнікі якіх прафэсій зарабляюць болей, якія меней?

Эйсмант: Калі верыць афіцыйным зьвесткам, то заробак у мэдыцыне па-ранейшаму знаходзіцца на 9 месцы сярод 13 галінаў народнай гаспадаркі. Менш за лекараў атрымліваюць настаўнікі, працаўнікі сфэры культуры, сацыяльнага абслугоўваньня. Усё, што тычыцца працоўных прафэсій, то гэта значна большыя заробкі. Я б хацела зьвярнуць увагу на такі момант. Мы ўвесь час кажам пра заробкі мэдыкаў, пра тое, што яны атрымліваюць, але не пра іх аклады. Цяпер гучаць фразы, што будзем падвышаць, нават Тозік на апошняй калегіі казаў, што будзем падвышаць. Але падвышаць што – аклады ці заробкі? Ці няма тут падмены паняцьцяў? Калі падвысяць аклады, то заробкі павялічацца нязначна. Бо сёньня, можа, хтосьці не паверыць, але аклад дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра (гэта самы высокі ўзровень мэдычных установаў Беларусі) крышку болей за 2 мільёны. А тое, што ён зарабляе 7 мільёнаў, дык гэта яго сумяшчальніцтва, гэта высокатэхналягічныя апэрацыі, якія ён павінен выконваць, гэта яго навуковыя званьні і гэтак далей. А аклад – 2 ці 2 з паловай мільёны. Гэта нават сьмешна...

Соўсь: Яшчэ адно пытаньне, якое вы ўздымаеце, якасьць апаратуры беларускай вытворчасьці, наколькі гэтая тэма была адлюстраваная ў судовым працэсе?

Ні бацькі Юлі, ні ўсе мы, хто сачыў за гэтай трагедыяй і гэтай судовай справай, не атрымалі адказу на пытаньне, чаму здарылася трагедыя.
Эйсмант: Я пісала пра гэта і думаю, што ні бацькі Юлі, ні ўсе мы, хто сачыў за гэтай трагедыяй і гэтай судовай справай, не атрымалі адказу на пытаньне, чаму здарылася трагедыя. Я, напрыклад, хацелася б даведацца, што гэта за апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх беларускай вытворчасьці, які, як прагучала ў судзе, даваў не адзін раз збоі. То працаваў, то мог спыніцца. У судзе сказалі, калі я не памыляюся, што гэта здаралася 24 разы. Можа варта разабрацца, што гэта за апараты, наколькі яны адпавядаюць патрабаваньням сучаснай мэдыцыны.

Дарэчы, я яшчэ зьвярнула ўвагу, што пасьля гэтай трагедыі зь Юляй Кубаравай высьветлілася, што ёсьць такая пацыентка Вольга Сукора ў Менскім клінічным шпіталі, якой таксама рабілі плястычную апэрацыю і якая ўжо 15 месяцаў знаходзіцца ў коме пасьля гэтай апэрацыі. Дык вось пад час гэтага хірургічнага ўмяшальніцтва таксама выкарыстоўваўся гэты беларускі апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Як сёньня кажуць родныя Вольгі, незразумела, калі наступіла гіпаксія, прасьцей кажучы, калі ў мозг перастаў паступаць кісларод, што й прывяло да яе цяперашняга стану. Магчыма таксама даў збой гэты беларускі апарат. І ніхто ня даў ніякай ацэнкі. І толькі праз год пасьля гэтай апэрацыі прыехалі спэцыялісты з сэрвіснага цэнтру і праверылі яго. То бок гэты беларускі апарат знаходзіўся ў дзяржаўным шпіталі і таксама не стаяў на абслугоўваньні.

Соўсь: У справе «Экамэдсэрвісу» многія камэнтатары ў сеціве адзначалі, што справа атрымала розгалас, таму што гэта прыватны мэдычны цэнтар, у выпадку, калі б трагедыя здарылася ў дзяржаўнай клініцы, справу б замялі. Ці вы пагодзіцеся з гэтым?

Калі гэта дзяржаўная мэдыцына, чыноўнікі робяць выгляд, што не віна мэдыкаў, не віна абсталяваньня, а ў кожнага чалавека свой лёс.
Эйсмант: Мне падаецца, што так. Бо нават калі я згадвала пра гэтую Вольгу Сукору, там увогуле не было ніякай крымінальнай справы. Прайшла праверка і ўсё. Таму што калі гэта дзяржаўная мэдыцына, чыноўнікі робяць выгляд, што не віна мэдыкаў, не віна абсталяваньня, а ў кожнага чалавека свой лёс. А калі здарылася ў прыватным цэнтры, адразу пачалі казаць, што і анэстэзіёляг не павінен быў сысьці раней, чым пацыентка прыйшла б у прытомнасьць, што абсталяваньне трэба было ставіць на абслугоўваньне... Нібы ўсе хібы, якія ёсьць у мэдыцыне, ёсьць толькі ў прыватных цэнтрах.

Соўсь: Якія высновы, на вашую думку, трэба зробіць са справы «Экамэдсэрвісу» – уладам, лекарам, пацыентам, грамадзтву?

Эйсмант: Прэстыж прафэсіі лекара трэба падымаць. Нават у савецкія часы, калі заробкі былі таксама не завялікія, да мэдыкаў і дзяржава і пацыенты ставіліся крыху інакш, больш паважліва. І гэта было прэстыжна, калі ты працуеш у мэдыцыне.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG