Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі Майдан ужо стаў гістарычнай падзеяй. Што дае падставу рабіць пэўныя высновы наконт ягонага ўплыву ня толькі на ўкраінскія, але і на замежныя грамадзка-палітычныя працэсы.

У прыватнасьці, важна ацаніць, як падзеі ва Ўкраіне паўплываюць на Беларусь. Аляксандар Класкоўскі сваім артыкулам «Украінскі раздрай даў козыры Лукашэнку» на сайце naviny.by распачаў дыскусію на гэтую тэму.

Галоўная выснова аўтара палягае ў наступным:

«Вельмі падобна да таго, што ад раздраю на Ўкраіне Лукашэнка парадаксальным чынам выйграе на абодвух галоўных замежнапалітычных вэктарах — усходнім і заходнім. І Маскве, і Брусэлю Менск уяўляецца хоць і цяжкім, але досыць прадказальным партнэрам. Прынамсі, не параўнаць з Кіевам».

Мне такая выснова падаецца непераканаўчай. Сапраўды, такую выснову можна зрабіць, зважаючы на досьвед найноўшай гісторыі. Бо раней заўсёды, калі дачыненьні паміж Расеяй і Захадам абвастраліся, то афіцыйны Менск атрымліваў дадатковыя дывідэнды. Найперш — ад Масквы. Бо ў пэрыяд канфрантацыі палітычная вага Беларусі як саюзьніка РФ узрастала. З усімі наступствамі ў выглядзе эканамічных прэфэрэнцый, якія адгэтуль вынікаюць. Лукашэнка гэта добра разумеў, таму часта бег паперадзе паравоза, выступаў з больш рэзкімі антызаходнімі заявамі, нават правакаваў эскаляцыю канфлікту.

Толькі падчас расейска-грузінскай вайны 2008 году Менск заняў асьцярожную пазыцыю, не прызнаў незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Але якраз за гэта атрымаў «падзяку» ад Захаду. Паміж Беларусьсю і ЭЗ пачаўся дыялёг, МВФ выдзеліў беларускаму ўраду крэдыт у памеры 3,5 млрд даляраў пад прэзыдэнцкія выбары.

Цяпер мы перажываем чарговае абвастрэньне расейска-эўрапейскіх адносін. Віленскі саміт праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства», а яшчэ больш — драматычныя падзеі ва Ўкраіне рэзка актуалізавалі канфлікт РФ і ЭЗ. Магчыма, мы перажываем найвастрэйшы момант суперніцтва паміж двума цэнтрамі сілы (Эўрапейскім Зьвязам і Расеяй) за ўвесь час з моманту распаду савецкага блёку.

Але вось менавіта гэтым разам афіцыйны Менск ніякіх дывідэндаў не атрымаў ні з аднаго, ні з другога боку. Нават наадварот. Паколькі Ўкраіна стала галоўным пляцдармам барацьбы паміж Масквой і Брусэлем, стала краінай, геапалітычную ляяльнасьць якой трэба «купляць», то Кіеў стаўся важным канкурэнтам Менску за расейскія рэсурсы. І расейскі фінансавы балівар можа ня вытрымаць дваіх.

Глядзіце: амаль адначасова Расея паабяцала Ўкраіне 15 млрд даляраў плюс вялікія зьніжкі на газ, а Беларусі — толькі 2 мільярды. Гэта пры тым, што Менск — надзейны і стабільны саюзьнік Масквы, а Ўкраіна — зусім наадварот. Парадаксальным чынам якраз гэты чыньнік працуе не на карысьць Беларусі. Бо яна нікуды ад Расеі ня дзенецца, ёй няма куды ўцякаць з падводнай лодкі. А за ляяльнасьць Кіева трэба плаціць. Тым больш, што геапалітычная вага Ўкраіны ў замежнай палітыцы Расеі, у сьвядомасьці расейскага грамадзтва значна большая, чым Беларусі. Паcлухайце, які лямант з нагоды Майдану гучыць на тэлеканалах РФ.
Магчыма, каб не было 15 млрд для Ўкраіны, то не было б і 2 млрд для Беларусі

Выкажу гіпотэзу, якую нічым пацьвердзіць не магу. Магчыма, каб не было 15 млрд для Ўкраіны, то не было б і 2 млрд для Беларусі. Гэтае пытаньне вісіць з канца 2012 году. Больш за год ішлі перамовы, Масква ўвязвала выдзяленьне гэтых грошай з рэалізацыяй пяці праектаў па аб’яднаньні беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў. І вось нечакана для сваіх міністраў Пуцін у сьнежні 2013 году прымае рашэньне пра згаданы крэдыт. Думаю, Менск атрымаў гэты падарунак за кампанію з Кіевам. Бо на фоне заліваньня ўкраінскага пажару вялізнымі расейскімі грашыма адмова даць крэдыт найбліжэйшаму саюзьніку выглядала б ужо занадта скандальнай.

Падаецца, што гэтую небясьпеку ўкраінскага чыньніку для сябе адчувае беларускае кіраўніцтва. І афіцыйныя асобы, і дзяржаўныя мэдыі Беларусі адносна падзей ва Ўкраіне паводзяць сябе стрымана, асьцярожна. Кантраст заўважны, калі параўноўваць з расейскімі тэлеканаламі і з тым, як паводзілі сябе беларускія дзяржаўныя СМІ падчас «памаранчавай рэвалюцыі». Тады яны вялі агрэсіўную антырэвалюцыйную кампанію, проста размазвалі «аранжавых» па сьценцы. Цяпер жа рэакцыя спакайнейшая.

Што да адносін з ЭЗ, то ня бачу прычын, чаму ўкраінскі чыньнік заахвоціў бы Брусэль пайсьці на саступкі беларускаму рэжыму. «Раздрай» ва Ўкраіне пакуль не стварыў ніякіх праблемаў для транзыту праз украінскую тэрыторыю. Хіба што калі ўжо падзеі там будуць разьвівацца паводле катастрафічнага сцэнару (грамадзянская вайна, раскол краіны на часткі), тады беларускую стабільнасьць ацэняць у Эўропе.

Але пакуль ня бачу ніякіх заўважных выйгрышаў для Лукашэнкі на абодвух галоўных замежнапалітычных вэктарах. Хутчэй — новыя праблемы ў адносінах з Расеяй.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG