Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ала Кубарава пра анэстэзіёляга Шурава: Добра, што ён ня хутка зноў стане лекарам


Апошні дзень суду ў справе Юліі Кубаравай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:07 0:00
Наўпроставы лінк

У Кастрычніцкім судзе Менску скончыўся працэс па справе лекараў і топ-мэнэджэраў мэдычнага цэнтру «Экамэдсэрвіс», дзе летась зрабілі плястычную апэрацыю Юліі Кубаравай, пасьля якой маладая жанчына памерла.

Кастрычніцкі суд вызначыў непасрэдную сувязь паміж апэрацыяй, якая была зроблена Юліі Кубаравай 26 сакавіка мінулага году, і тым фактам, што праз 4 тыдні дзяўчына памерла. У гэтым, паводле суду, вінаватыя лекар-анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, якога суд пакараў 4 гадамі зьняволеньня ў калёніі-пасяленьні, галоўны інжынэр «Экамэдсэрвіса» Вадзім Ліхута, якога пакаралі 3 гадамі калёніі-пасяленьня, і былая гендырэктарка «Экамэдсэрвіса» Галіна Валжанкіна. Ёй суд прызначыў пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Цягам 2 гадоў яна мусіць адзначацца ў міліцыі і не выяжджаць з гораду.

Часткова суд задаволіў грашовыя прэтэнзіі пацярпелых да лекараў і мэдычнага цэнтру «Экамэдсэрвіс». Суд вырашыў, што Але і Юрыю Кубаравым «Экамэдсэрвіс» мусіць сплаціць па 500 мільёнаў рублёў у якасьці маральнай кампэнсацыі і 74 мільёны рублёў матэрыяльных стратаў.

Прысуд уступіць у дзеяньне, калі цягам 10 дзён абвінавачаныя яго не абскардзяць. Адразу пасьля суду пэўна пра намер падаць скаргу заявіў толькі Вадзім Ліхута, а Галіна Валжанкіна і Аляксандар Шураў сказалі, што будуць раіцца з адвакатамі.
Анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, галоўны інжынэр Вадзім Ліхута і гендырэктарка «Экамэдсэрвіса» Галіна Валжанкіна на судзе
Анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, галоўны інжынэр Вадзім Ліхута і гендырэктарка «Экамэдсэрвіса» Галіна Валжанкіна на судзе

Вадзім Ліхута мяркуе, што прысуд, які вынесла судзьдзя Ала Абакунчык, несправядлівы:

«Суд слухаў тое, што хацеў чуць, а ня тое, што казалі сьведкі, пацярпелыя, абвінавачаныя. Людзей перабівалі, не давалі выказацца, усё зводзілі да аднаго. А іншае ўсё было суду нецікава. Праўды ня высьветлілі, што і як адбылося — ніхто сказаць ня можа і цяпер, пасьля вынясеньня прысуду. Мяркую, прысуд несправядлівы і жорсткі».

Карэспандэнт: «А вы як думаеце, з-за чаго здарылася трагедыя? Не было ў апараце кіслароду, як казаў Шураў, ці апарат зламаўся? Але з-за чаго?»
Апараты ламаюцца ледзьве не на кожнай апэрацыі, гэта тэхніка — яна ня можа не ламацца

«Магчыма, што апарат зламаўся, але сьмерць чалавека не наступіла з-за паломкі апарату. Апараты ламаюцца ледзьве не на кожнай апэрацыі, гэта тэхніка — яна ня можа не ламацца. І тэхнічнае абслугоўваньне апаратаў ня можа быць гарантыяй іх бесьперапыннай працы. Сьмерць чалавека наступіла з-за непісьменных дзеяньняў лекара, а не з-за таго, што зламалася апаратура».

Пацярпелыя Ала і Юры Кубаравы пасьля суду заявілі, што задаволеныя судовым рашэньнем, у тым ліку пакараньнем для лекара і топ-мэнэджэраў «Экамэдсэрвіса», а таксама памерам грашовай кампэнсацыі, і ня будуць абскарджваць рашэньне.

Паводле Алы Кубаравай, «ніякімі грашыма дзіця ня вернеш». Тое, што заснавальнікі «Экамэдсэрвіса» апынуліся па-за судовай адказнасьцю за сьмерць дачкі, Ала Кубарава лічыць несправядлівым і таму бачыць станоўчае ў тым, што ўласьнікаў мэдычнага цэнтру пакаралі хоць грашыма:

«Хаця б мы можам сказаць пра іх віну і пакараць матэрыяльна, а іншым чынам іх пакараць мы ня можам».

Бацькі памерлай Юліі Кубаравай надалей лічаць, што вінаваты ў сьмерці іхняй дачкі і лекар Віктар Серабро, які непасрэдна рабіў плястычную апэрацыю. Юры Кубараў паведаміў, што пакуль спробы прыцягнуць яго да адказнасьці скончыліся нічым:

«Яшчэ перад судом мы двойчы пра гэта хадайнічалі, але нам сказалі, што няма складу злачынства, недастаткова доказаў. Па-чалавечы мы лічым, што ён як лекар не аказаў патрэбнай дапамогі».

Ала Кубарава: «Хай гэта застанецца на ягоным сумленьні».

Адносна Аляксандра Шурава яна выказала задавальненьне, што цягам 5 гадоў той ня зможа працаваць лекарам.

У суд лекар Аляксандр Шураў зьявіўся пастрыжаны і з торбай рэчаў. «Бо адправяць», — коратка патлумачыў ён, чаму прыйшоў з рэчамі. Аднак пасьля суду Аляксандра Шурава не ўзялі пад варту, як і Вадзіма Ліхуту. Мера стрыманьня для іх застаецца ранейшай — падпіска аб нявыезьдзе. Калі яны не абскардзяць прысуд, то мусяць самі зьявіцца ў міліцыю, каб адбываць пакараньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG