Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і зь якой зброі забіў Жызьнеўскага


Міхаіл Жызьнеўскі

Міхаіл Жызьнеўскі

Журналісты Espreso.tv правялі расьсьледаваньне пра тое, хто і зь якой зброі забіў удзельнікаў Майдану — беларуса Міхаіла Жызьнеўскага і армяніна Сяргея Нігаяна.

Яны выказваюць вэрсію, што «Беркут» на Грушэўскага мог «самадзейна» выкарыстоўваць баявыя патроны.

На відэа ўскрыцьця Нігаяна відаць, што стралялі карцеччу. Калі ўлічыць дэфармацыю — дыямэтар карцечы 8,5 мм.

«Зь відэа ўскрыцьця Нігаяна вынікае, што карцеч прайшла па целу ня кучна, гэта значыць — стралялі з адлегласьці мэтраў 30–40. На паляваньні карцеч бяз капсул выкарыстоўваюць пры блізкіх стрэлах», — адзначыў экспэрт Espreso.tv.

Што да Жызьнеўскага, то, як відаць зь відэа ўскрыцьця, кулі, якімі ён быў забіты, не сьвінцовыя.

«Мяркуючы па колеры — яны латунныя. Трапляючы ў цела, такая куля не дэфармуецца так, як сьвінцовая. Таксама зь відэа ўскрыцьця беларуса відаць роўныя краі ўваходных і выходных адтулін».

Паводле афіцыйнай інфармацыі МУС, боепрыпасаў, якімі нанесеныя гэтыя цялесныя пашкоджаньні, на ўзбраеньні міліцыі няма:

«Прычынай сьмерці абодвух мужчын сталі агнястрэльныя раненьні. У Сяргея Нігаяна выяўленыя цялесныя пашкоджаньні ад двух пранікальных сьляпых шротавых раненьняў грудной клеткі з пашкоджаньнем лёгкіх і сэрца, а таксама непранікальныя раненьні ў скроневай вобласьці галавы. Сьмерць Міхаіла Жызьнеўскага наступіла ад скразнога агнястрэльнага раненьня грудной клеткі з пашкоджаньнем аорты ў вобласьці сэрца. У першым выпадку раненьні нанесеныя карцеччу на аснове сплаву сьвінцу, у другім — паляўнічай куляй».

XS
SM
MD
LG