Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курэйчык пра «Авэля»: За кошт падаткаплатнікаў корміцца бадзяжны цырк


На здымках «Авэля»

На здымках «Авэля»

Шырока разрэклямаваны мастацкі фільм «Авэль», які фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту, пачаў напаўняцца візуальным шэрагам.

У Менску зьнялі першыя батальныя эпізоды: на іх абагульненыя апанэнты ўлады закідваюць «кактэйлем Молатава» байцоў спэцназу, якія ахоўваюць Дом ураду. Дарэчы, у рэальнасьці ніводная акцыя апазыцыі не суправаджалася бамбаваньнем сілавікоў. А вось нязьменныя атрыбуты шэсьцяў – бел-чырвона-белыя сьцягі і лёзунгі «Жыве Беларусь!» – у стужку вырашана не ўключаць.

Учорашняй ноччу ў цэнтры сталіцы адбылася «акцыя пратэсту», у ходзе якой у бок вартаўнікоў парадку ляцелі самаробныя бомбы ды іншыя небясьпечныя прадметы. Прычым «хваляваньні» былі санкцыянаваныя ўсімі нагляднымі ведамствамі – МУС, КДБ, службай аховы прэзыдэнта і г.д. Усё дзеля таго, каб праз год у новым мастацкім фільме «Авэль» гледачы маглі пабачыць карцінку зьверстваў натоўпу і пакутаў байцоў спэцназу. На гэтыя мэты Міністэрства культуры выдаткавала больш за 2 мільёны даляраў.

Рэалізацыю праекту ўсклалі на прыватную кінакампанію «Нонстоп Мэдыя». Рэжысэрам запрошаны невядомы шырокай публіцы амэрыканец украінскага паходжаньня Ўільям Дэвіталь, які падчас каскадэрскай кар'еры ў СССР зваўся Віталём Васільковым. Абяцана, што на наступных этапах да справы падключацца галівудзкія зоркі найвышэйшай катэгорыі – «А».

Генэральны прадусэр кампаніі Сяргей Ждановіч асабіста назіраў за пачаткам здымкаў і, адказваючы на пытаньні журналістаў, ня раз падкрэсьліваў: паколькі фільм не дакумэнтальны, дакладная рэканструкцыя падзеяў не прадугледжваецца. Менавіта таму, паводле спадара Ждановіча, урэшце было вырашана адмовіцца ад выкарыстаньня бел-чырвона-белай сымболікі пры імітацыі штурму Дому ўраду: маўляў, не абавязкова падзеі павінны атаясамлівацца з тым, што было на плошчы Незалежнасьці тры гады таму. Аналітыкі ў гэтай сувязі выказваюць свае меркаваньні: відаць, ідэолягі ня ўпэўненыя, што масоўка, складзеная пераважна са студэнтаў-бээрэсэмаўцаў, не натхніцца атмасфэрай дэмакратычнага супраціву.

Драматург Андрэй Курэйчык працаваў зь Сяргеем Ждановічам у рамках іншага праекту – тэлесэрыялу «Вышэй за неба». Ці мае шанец «нацыянальны фільм» «Авэль» стаць у шэраг выбітных кінатвораў Беларусі? Ці апраўдаюцца дзяржаўныя ўкладаньні?

Андрэй Курэйчык

Андрэй Курэйчык

Курэйчык: «Дзеля таго, каб такія грошы выманіць у дзяржавы – а выманілі іх на самым высокім узроўні, паверце мне, – малюнак ад пачатку падалі вясёлкавы. Што будуць удзельнічаць амэрыканскія супэрзоркі, што гэта будзе ідэалягічна вельмі моцная рэч, якая дазволіць напярэдадні наступных прэзыдэнцкіх выбараў паказаць – ні ў якім разе нельга пратэставаць, усё гэта вельмі дрэнна, і г.д. То бок у рамках той ідэалягічнай парадыгмы, на якую гатовыя выдаваць грошы нашы ўлады, задачы ставіліся самыя сур'ёзныя. Але тое, як яны пачалі здымаць, – па-мойму, гэта нейкая прафанацыя. Па-першае, усе адразу ўбачылі, што гэта абсалютная хлусьня, такога не было. Не было ніякіх «кактэйляў Молатава», а людзі стаялі пад нацыянальнымі сьцягамі, з нацыянальнымі лёзунгамі – высакароднымі, гістарычнымі. А так атрымліваецца, што нейкая безаблічная банда атакавала «кактэйлямі Молатава» кардон няшчасных міліцыянтаў, якіх, калі я правільна памятаю падзеі таго часу, увогуле ў тым месцы не было».

Паводле сцэнару, у кінастужцы «Авэль» расказваецца пра складаныя ўзаемаадносіны двух братоў, якія апынуліся па розныя бакі ідэалягічных барыкадаў. Дарэчы, дзеля гэтага і задуманыя сцэны з масавымі акцыямі пратэсту: адзін брат – «сьвядомы», другі – адданы рэжыму. Празь біблейскі сюжэт пра Каіна і Авэля творцы хочуць паказаць, ці магчымае замірэньне ідэйных антыподаў. Як кажа Андрэй Курэйчык, мэтады ўвасабленьня і падабраная каманда пакідаюць сумнеў у пасьпяховасьці праекту:

«Я ўжо даўно стаўлюся да гэтага праекту з іроніяй. Увогуле лічу, што за такія грошы можна было зьняць пяць фільмаў – ня ведаю – пра Янку Купалу, пра Максіма Багдановіча, пра нашых выбітных мастакоў ці проста пра сучасных беларусаў: без усялякай палітыкі, ідэалёгіі, і было б у тысячу разоў лепш. І дакладна, што прынамсі адзін зь пяці выйшаў бы сапраўды таленавіты. На гэтыя грошы маглі б працаваць пяць беларускіх рэжысэраў, пяць беларускіх сцэнарыстаў і г.д. Замест гэтага мы кормім нейкіх каскадэраў з усяго сьвету, незразумелых асобаў. Нейкі бадзяжны цырк корміцца за кошт беларускіх падаткаплатнікаў, а здымаем… Усе бачаць, што гэта за здымкі. Таму сур'ёзна да гэтага ставіцца нельга. То бок ад пачатку задачы ставіліся досыць высокія (натуральна, з гледзішча ўлады), а вось рэалізацыя падаецца якойсьці камэдыйнай. Само запрашэньне ў якасьці рэжысэра не сур'ёзнага хай сабе амэрыканскага, ці расейскага, ці беларускага рэжысэра, а каскадэра – гэта таксама ставіць праект у шэраг нейкіх апэрэтачных».

Пра адмысловы статус «Авэля» сьведчыць тое, зь якой сур'ёзнасьцю абстаўлены зьнешні фасад праекту. Бязь лішніх словаў на здымкі камандзіруюць байцоў спэцназу ў поўнай экіпіроўцы і не па надвор'і апранутых студэнтаў ВНУ, па ўсім пэрымэтры стаяць «ціхары» з рацыямі і як зазвычай не даюць працаваць журналістам, а шматлікія асыстэнты, памочнікі ды іншыя набліжаныя да рэжысэрскага цела ходзяць па калідорах Дому ўраду, як у сябе дома.

У пятніцу здымкі зьбіцьця спэцназаўцаў дэманстрантамі будуць працягнутыя на Кастрычніцкай плошчы. Заяўленая масоўка – 500 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG