Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра памылкі польскіх гісторыкаў, якія не выпраўляюцца


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Я гарадзенец і не ўяўляю сябе бяз польскай культуры, літаратуры, мовы. І мне вядома, што з палякамі, з нашымі ці з Польшчы, зь якімі сябрую, у нас можа быць розны погляд на адны падзеі гісторыі.

Але гэта па-за рамкамі, не датычыць нашых кантактаў. Хаця нават польскія гісторыкі пачынаюць разумець, што «Рэч Паспалітая абодвух народаў» і Польшча – зусім ня тоесныя паняцьці.

Нечакана для сябе я трапіў у пэўным сэнсе на «ўрок», які даў у гэтай справе польскі гісторык Ян Ежы Мілеўскі. Ён прыяжджаў з разборам кнігі Тадэвуша Гавіна пра савецка-польскія дачыненьні (1918-1944) і становішча палякаў у БССР пасьля 1944-га. Калі спадар Мілеўскі чытаў кнігу, ён увесь час задумваўся: кім аўтар адчуваў сябе больш – гісторыкам ці патрыётам? І месцамі выглядала, што пераважваў менавіта другі. «Задужа патрыятызму, хаця я разумею гэта: бо напісаў чалавек, які тут жыве, які ня можа ад гэтага адарвацца», кажа беластоцкі навуковец.

Спадар Мілеўскі гаварыў пра рэчы, зь якімі нязгодны, але якія лічыць важнымі. Мова была хутчэй пра нюансы, акцэнты, тэндэнцыі. У пэўным сэнсе атрымалася, можна сказаць, «майстар-кляса», госьць з Польшчы перадаваў свае веды, сваё бачаньне... Сучаснага гісторыка вылучае больш узважаны падыход, па магчымасьці бесстароньні разгляд гістарычных фактаў. Трэба імкнуцца быць стрыманым, аналітычным. І мець сьвядомасьць і волю, каб параўноўваць, ня дзелячы на чорнае і белае.
Ян Ежы Мілеўскі

Ян Ежы Мілеўскі


«Я лічу, што мы павінны памятаць аб тым, што мы рабілі ня так, што мы павінны былі зрабіць іначай, зазначае спадар Мілеўскі. – Калі нашае стаўленьне да беларускай меншасьці ў міжваенны час не было добрым, то гэта таксама сьведчыць пра нас. Мы таксама павінны прызнаць свае памылкі».

Якія звычайна яшчэ памылкі? Самая распаўсюджаная: «Мы пішам «падзелы Польшчы», але чаму? Бо – падзелы Рэчы Паспалітай. Гэта была супольная дзяржава. Калі ня пішам пра народы, якія ўваходзілі ў супольную дзяржаву, то чаго мець прэтэнзіі, што частка зь іх потым да Расеі прыхіліся? А трэба падкрэсьліваць: гэта была наша супольная дзяржава. Гэта была першая Рэч Паспалітая. Адна з наймагутных эўрапейскіх дзяржаваў. Правобраз Эўразьвязу».

Узяць верасень 1939-га, вяртаецца доктар навук Ян Ежы Мілеўскі да зьместу кнігі Тадэвуша Гавіна: «Беларусы мардавалі палякаў… Але ж і ратавалі таксама! Польскіх вайсковых асаднікаў – каля Скідзеля, рызыкуючы жыцьцём. Былі пазытыўныя моманты, трэба пра іх памятаць! Гэта трэба прапагандаваць, а ня толькі, што: зло, нянавісьць, забойствы, злачынствы. Бо дабра нават у жахлівых часах больш, чым зла. І яно заўсёды нарэшце пераможа».

Калі браць непасрэдна пакт Молатава-Рыбэнтропа, неабходна аналізаваць становішча, якое склалася тады ў Эўропе: «Сталін нядобры? Але ж Саветы таксама адчувалі пагрозу для сябе… Таму нельга на ўсё глядзець з такога польскага пункту погляду. Але з пункту погляду іншых краінаў: як там усё гэта было аналізавана і разумелася. Чаму так стала? Чаму ня стала іначай? Ці магло стаць іначай?», ставіць пытаньні беластоцкі гісторык.

Ян Ежы Мілеўскі зьвяртае ўвагу таксама на тое, аб чым пісаў Ежы Туронак з Варшавы, што «некаторыя беларускія дзеячы спрабавалі з палякамі супрацоўнічаць у час нямецкай акупацыі: браты Іваноўскія ў тым накірунку дзейнічалі». І працягвае: «Але трэба задумацца: а ці польскі ўрад на эміграцыі зрабіў высновы з палітыкі да 1939 году? Ці прапанаваў штосьці беларусам: пасьля вайны мы зробім іначай! Ці было разуменьне, што нешта трэба зьмяніць ці не? Ці вернем «статус кво»? Вернем межы згодна з Рыскім трактатам? А такія пытаньні трэба сабе заўсёды задаваць», падкрэсьлівае гісторык.

Як вядома, нічога польскі ўрад не зьбіраўся мяняць у стаўленьні да беларусаў: ніякіх крокаў насустрач, ніякіх кампрамісаў.

Для аб’ектыўнасьці, калі гісторык піша пра польскую меншасьць тут, неабходна таксама сказаць пра беларусаў на Беласточчыне, кажа Ян Ежы Мілеўскі. А што датычыць лічбаў, то наракаюць усе: «Ува ўсіх краінах, у Польшчы і Беларусі таксама: нас улады падманваюць, каб занізіць лічбу меншасьці». Але трэба разумець, што ідуць працэсы асыміляцыі, і
над гэтым трэба задумвацца, кажа гісторык.

Ён таксама зьвяртае ўвагу на іншы прыклад не зусім навуковага падыходу: «Або кажуць: выгналі палякаў з Беларусі! Не, ня выгналі, хацелі выехаць! (У 1944-46 гадах). Не выпускалі. У Польшчы, наадварот, хацелі прымусам каб ехалі. Савецкія ўлады: тады аднолькавы каб абмен – па дзьвесьце тысяч. Прыехала сюды 28 тысяч. Бо Савецкі Саюз ужо ведалі добра. Значыць не хапае шмат, ня выпусьцім, бо хто будзе працаваць? Трэба разумець гэтыя працэсы…»

І такі момант адзначае гісторык зь Беластоку: «Аўтар: як гэта – адзін мільён дзьвесьце тысяч пасьля Рыскага трактату прыехалі ў Польшчу, але толькі дваццаць працэнтаў палякаў… Але трэба ўзяць пад увагу, што вярталіся людзі, якія тут жылі, нічога дзіўнага, што праваслаўныя. Якія адсюль уцяклі», калі наступалі немцы ў 1915 годзе, удакладнім мы (з кнігі Т.Гавіна можна зразумець, што ці ня ўсе выселеныя ў той час адсюль на ўсход царскай уладай людзі былі палякамі).
Такі нечаканы досьвед сучаснай працы з крыніцамі прапанаваў навуковец зь Беластоку Ян Ежы Мілеўскі. Мне асабіста таксама было карысна паслухаць яго. Адным словам, можна зрабіць выснову: ня справа гісторыка быць суб’ектыўным, толькі праца з рознымі дакумэнтамі, са зьместам фактаў. Трэба заўсёды ўзважваць іх, не забывацца пра два бакі мэдаля.

Кніга Тадэвуша Гавіна – вялікая праца, 630 старонак, выкарыстана мноства крыніц. Чытаць яе цікава. Канечне, калі табе бачыцца: штосьці не зусім так, як павінна быць, як хацелася б, гэта не перашкаджае вам быць прыяцелямі. Хоць усё ж прыемна бывае, калі пра беларусаў успамінаюць з павагаю, не як пра непазьбежнае зло, а – як пра роўных. Аўтар сам піша, што быў абвешчаны лёзунг «Польшча для палякаў» (што азначала: беларусам няма месца), але кажа, што дэпутаты (паслы) у Сэйме, якія спрабавалі бараніць правы беларусаў, займаліся «антыдзяржаўнай дзейнасьцю». У 1924-м Леан Васілеўскі выступіў з крытыкай: польская дзяржава ня зможа разьлічваць у выпадку вайны «на нязломную вернасьць тых, каго крыўдзіць». Ён прапанаваў іншы лёзунг: «Польшча для ўсіх грамадзянаў Польшчы». Яго не пачулі. І аўтар ня робіць з гэтага факту ніякіх высноваў.

Праўда, сам аўтар крытыку Яна Ежы Мілеўскага лічыць не да канца дакладнай, нават месцамі суб’ектыўнай. Паколькі ён, закранаючы ключавыя моманты польскай гісторыі, мог проста выказваць свой погляд на тое, як сёньня яны павінны асьвятляцца. Беластоцкі госьць засяродзіўся ў асноўным на першай частцы кнігі, кажа Тадэвуш Гавін. Што датычыць вяртаньня пасьля Рыскага міру жыхароў заходняй часткі Беларусі, якая тады стала называцца «крэсамі», то аўтар меў на ўвазе крыху іншае – што бальшавікі стараліся прытрымаць менавіта палякаў. Тадэвуш Гавін таксама падкрэсьлівае, што рэцэнзэнтам сваёй працы ўзяў менавіта беларуса – прафэсара Яўгена Мірановіча, каб быць аб’ектыўным, пазьбегчы эмацыйных ацэнак.

Што ж, дыскусія – абавязковая перадумова для разьвіцьця гістарычнай навукі. І ўсё ж спадар Мілеўскі гаварыў, напрыклад, аб тым, што трэба ўмець паглядзець на рэчы з другога боку, з пункту гледжаньня, у нашым выпадку, беларусаў. Бо мусіш адчуваць сябе нашчадкам нейкіх злачынцаў, калі чытаеш, што пасьля выбараў у дэмакратычнай Польшчы ў 1922 годзе «новаабраныя паслы ў Сэйм беларускага паходжаньня разгарнулі актыўную антыдзяржаўную дзейнасьць. У Сэйм і Сэнат увайшлі трынаццаць іхніх прадстаўнікоў на чале з Тарашкевічам. Усе, без выключэньня, занялі варожую паставу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG