Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі выбар у карыкатурах


Ва Ўкраіне праходзіць трэці Міжнародны конкурс карыкатуры. Тэма гэтага году — «Украінскі выбар. Украіна — Эўрапейскі зьвяз». Вынікі конкурсу будуць падведзеныя толькі праз два месяцы, але ўжо цяпер свае малюнкі даслалі больш за сто прафэсійных мастакоў, працы якіх ацэньвае прафэсійнае журы. У яго складзе — карыкатурысты з Польшчы, Нямеччыны, Расіі, Украіны і Баўгарыі.

Карыкатуры пасылаюцца на адмысловы сайт Art-Krug — Міжнародны фэстываль мастацтваў «Гогаль фэнтэзі» імя Рудога Панька. Арганізатар гэтага фэстывалю Валеры Кругаў рэгулярна праводзіць конкурсы ў вобласьці ня толькі сатырычнага малюнка, але таксама — літаратуры і скульптуры. Пераможцы атрымліваюць сьмешныя статуэткі гогалеўскага пэрсанажа, апавядальніка зь «Вечароў на хутары ля Дзіканькі». Увогуле ўсе гэтыя конкурсы вясёлыя, але цяперашні хутка набыў іншую танальнасьць.

Віктар Голуб (Украіна)
Віктар Голуб (Украіна)
Да ўсіх удзельнікаў конкурсу карыкатурыстаў Валеры Кругаў зьвярнуўся з адкрытым лістом, які пачынаецца са словаў: «Украіна ў небясьпецы». Далей — абяцаньне: «Мы пакажам тыя тэндэнцыі дэградацыі ўлады, якія могуць выявіцца ў той ці іншай форме і ў вашых краінах. Інфармаваны — значыць папярэджаны!» Мастакі, паведамляе Валеры Кругаў, ледзьве не ў рэжыме рэальнага часу рэагавалі на ўсе падзеі апошніх двух месяцаў ва Ўкраіне.

— Водгук вельмі вялікі. Думаю, добрая выстава ўжо гарантаваная, бо па выніках конкурсу мы звычайна робім перасоўную выставу, якую я ваджу практычна па ўсёй Украіне. Праўда, ці атрымаецца сёлета, ня ведаю — сытуацыя ў краіне складаная, цяжка сказаць, як будуць разьвівацца падзеі. Як бы там ні было, ужо ёсьць запрашэньне вывезьці гэтую выставу за мяжу, а з майго боку ёсьць яшчэ і прапанова паказаць яе ў Расеі. Людзям будзе цікава даведацца, які погляд людзей з розных краін сьвету, прычым людзей творчых, людзей, якія ў асноўным працуюць у вядучых мэдыях, на ўкраінскае супрацьстаяньне.

— Якія канкрэтна падзеі абыгрываюць вашы аўтары?

— У нас пратэсты ішлі па нарастаючай. Наогул, лёгка ўсё пачыналася: давайце возьмем каву, гарбату і пойдзем на плошчу Свабоды. Гэта было так, як ужо прызвычаіліся людзі, у стылі Гандзі. Два месяцы пратэст быў мірным, але ўлады ўвогуле не рэагавалі. Пра гэта былі і працы карыкатурыстаў. Малюнкі таго часу хутчэй можна назваць гумарыстычнымі, чым сатырычнымі. Яны адлюстроўвалі і дзіўную пазыцыю ўраду, і дваістасьць настрояў ва Ўкраіне, дзе людзі былі і за Расею, і за Эўразьвяз, і гэтак далей. Калі ж зьнікла гэтая нявызначанасьць, калі фактычна пачалося народнае паўстаньне ва ўсёй Украіне, карыкатурысты пераключыліся на больш жорсткую хвалю.

Валеры Тарасенка (Расея)


І ў іх пазыцыі не было нічога агульнага з тым, што рабілася ў расейскіх мэдыях, дзе малявалі, што толькі восем абласьцей ахопленыя пратэстамі. Як жыхар Украіны, сьведчу: на самой справе, акрамя Данецкай вобласьці і Крыму, усюды былі масавыя пратэсты. І гэта не на заклік нейкіх экстрэмістаў, а гэта людзі самі выйшлі.

Я калі задумваў гэты свой праект, то паставіў перад сабой амаль невыканальную задачу — ніякай палітызацыі! У нас нават няма ніякага фінансаваньня з боку партый, грамадзкіх арганізацый і гэтак далей. Конкурс карыкатуры задумваўся проста як паказ у разьвіцьці і ў вясёлых малюнках украінскіх падзеяў. Але калі ўсё стала значна глыбей і трагічней, конкурс сам сабой пачаў палітызавацца. Аднак па-ранейшаму ва ўмовах конкурсу запісана, што ніякіх абразаў не павінна быць, ніякіх канкрэтных асобаў і гэтак далей. Можна пераканацца, што, нягледзячы на вастрыню саміх карыкатур, якія прадстаўлены на конкурсе, яны больш аналітычнага пляну.

— Вы сказалі, што існуе забарона на маляваньне канкрэтных асобаў, аднак там шмат выяваў лідэраў расейскай і ўкраінскай дзяржаваў.

— Гэта забарона на абразьлівы малюнак. У нас яны ўсё ж такі шаржаваныя. У гэтым няма нічога агульнага са стылістыкай палітычных ток-шоў на расейскіх фэдэральных тэлеканалах. Днямі я глядзеў такую праграму і быў зьдзіўлены, зь якой нянавісьцю ўсе прысутныя малявалі свабодалюбныя памкненьні ўкраінскага народу ледзь не расколам і не фашысцкім нейкім путчам. Хачу працытаваць радкі ўкраінскай Канстытуцыі, якая вызначае ўсе дзеяньні тых людзей, якія цяпер на вуліцы: «Правы і свабоды чалавека і іх гарантыі вызначаюць зьмест і накіраванасьць дзейнасьці дзяржавы. Дзяржава адказвае перад чалавекам за сваю дзейнасьць. Зацьвярджэньне і забесьпячэньне правоў і свабодаў чалавека зьяўляецца галоўным абавязкам дзяржавы». Сваімі дзеяньнямі наша дзяржаўная ўлада парушыла артыкул Канстытуцыі, таму народ выйшаў на майданы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG