Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джон Керы сустрэнецца з Клічко і Яцэнюком


Джон Керы
Джон Керы

Краіны Захаду актывізуюць дыпляматычныя намаганьні дзеля мірнага ўрэгуляваньня крызісу ва Ўкраіне.

31 студзеня дзяржсакратар ЗША Джон Керы сустрэнецца з прадстаўнікамі ўкраінскай апазыцыі Віталём Клічко і Арсенім Яцанюком. Гэта адбудзецца ў Мюнхене ў кулюарах міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы.

Намесьніца Дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд, якая суправаджае Джона Керы ў паездцы, пасьля заканчэньня канфэрэнцыі накіроўваецца ў Кіеў.

Яна мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Вікторыя Нуланд ужо наведвала Кіеў 11 сьнежня.

ЗША яшчэ не ўхвалілі рашэньне пра ўвядзеньне санкцый супраць адказных за парушэньне правоў чалавека ва Ўкраіне. Пра гэта стала вядома падчас брыфінгу прэс-сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнта Джэн Сакі.

Эўразьвяз тым часам абмяркоўвае ўвядзеньне санкцый супраць украінскіх чыноўнікаў, пра што паведаміў прэзыдэнт Эўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэту (дарадчы орган Эўразьвязу) Анры Малос, які знаходзіцца цяпер з візытам у Кіеве. Ён папярэдзіў украінскія ўлады ад далейшай эскаляцыі сілы падчас канфлікту.

«Дамова Ўкраіны з Эўразьвязам яшчэ знаходзіцца на стале», — заявіў прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Жазе Мануэль Барозу 30 студзеня падчас супольнай прэсавай канфэрэнцыі з польскім прэм’ерам Дональдам Тускам. Барозу выказаў занепакоенасьць сытуацыяй ва Ўкраіне і заклікаў да мірнага вырашэньня канфлікту.

Дональд Туск, у сваю чаргу, заявіў, што партнэрам ЭЗ у перамовах зьяўляюцца абодва бакі: і ўлада, і апазыцыя.

«Адно мусіць быць зразумела: ніякая ўлада ня можа разьлічваць на дыялёг з Эўразьвязам, пакуль доўжыцца гвалт ва Ўкраіне».

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы 30 студзеня ўхваліла рэзалюцыю па сытуацыі ва Ўкраіне, у якой выказала занепакоенасьць прымяненьнем гвалту з абодвух бакоў канфлікту, заклікала да мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі і выказала пагрозу пазбавіць украінскую дэлегацыю права голасу на наступнай сэсіі, калі гвалт будзе выкарыстоўвацца надалей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG