Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Ліхавы: Я ўдзячны беларусам за тое, што яны на Майдане


Ігар Ліхавы

Ігар Ліхавы

Ігар Ліхавы, былы надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі (2007–2010), дзякуе беларусам за тое, што яны побач з украінцамі на супольным шляху да свабоды.

Радыё Свабода: «Як бы вы ахарактарызавалі падзеі, якія адбываюцца цяпер ва Ўкраіне?»

Ігар Ліхавы: «Улада і апазыцыя цяпер у стане перамоваў. Адбываюцца пошукі выхаду з сытуацыі, якая пагражае значна горшымі наступствамі Ўкраіне як дзяржаве, украінскаму народу, чым мы бачылі гэта, скажам, тыдзень таму.

Калі ахарактарызаваць паводзіны кожнага з бакоў, то, на мой погляд, улада хаатычна шукае магчымасьцяў застацца ўладай, ня грэбуючы для гэтага ніякімі намаганьнямі. І мы ведаем, што такая ўлада ўкраінскаму народу не патрэбная. Гэта ўжо больш за два месяцы зразумела ўсім, апроч прадстаўнікоў улады. Але ўлада шукае магчымасьці любой цаной, насуперак закону, маральным устоям грамадзтва, думкам пра будучыню Ўкраіны ўтрымаць сябе ў гэтым беззаконным стане, у якім улада сябе апошнія чатыры гады ўвесь час умацоўвала.

Я не магу тут не згадаць Міхаіла Жызьнеўскага. Мне вельмі дарагі беларускі народ. Я нават ня мог пайсьці на яго пахаваньне, бо ўжо тыдзень не выходжу з дому, моцна захварэў пасьля Майдана. Але на Майдане заўжды быў беларускі сьцяг, заўжды я размаўляў з гэтымі хлапцамі, можа, нават і з Жызьнеўскім, заўжды гучала «Слава Ўкраіне — Жыве Беларусь». Нам важна, што беларусы разам з намі ў барацьбе за свабоду на ўсходзе Эўропы.

Для людзей, якія сёньня стаяць на Майдане ў Кіеве і ў рэгіёнах, важная не дамоўленасьць паміж палітыкамі — важна спыніць тыранію ва Ўкраіне. Людзям цяжка патлумачыць, што могуць быць кампрамісы. Украінца, як і беларуса, трэба давесьці да такога стану, каб яго ўжо было цяжка спыніць. Але, тым ня менш, мы эўрапейцы, мы цывілізаваныя людзі, 21 стагодзьдзе, будзем шукаць гэтую магчымасьць.

Адзінае — што ў прынцыпе такія магчымасьці няма як разьмяняць на часовыя паляпшэньні. Улада павінна, на мой погляд, і пра гэта кажуць усе людзі на Майдане, выпусьціць закладнікаў, якіх захапіла падчас дзеяньняў. Гэта быў сапраўдны дзяржаўны тэрарызм. Шмат людзей трапілі ў засьценкі, бо яны неяк праяўлялі сваю адданасьць дэмакратыі, зьнешне камусьці не спадабаліся, былі ня так апранутыя, ня так сябе паводзілі. Ці проста нехта выконваў плян: трэба было ўзяць болей закладнікаў, каб гандлявацца з апазыцыяй. Таму апазыцыя — а гэта цяпер тры сілы — вядома, занепакоеная ахвярамі«.

Радыё Свабода: «Як на вашую думку, ці можа Віктар Януковіч самастойна і добраахвотна пайсьці ў адстаўку?»

Ігар Ліхавы: «Ведаеце, я мала зь ім працаваў. Ва ўрадзе Януковіча я прапрацаваў тры месяцы, і пры Януковічу быў амбасадарам у Беларусі. Ён зьмяніўся з таго часу ў горшы бок. Стаў менш самастойным чалавекам. Страціў адказнасьць, характэрную нават для савецкага каманднага складу. Таму сапраўды мне складана сказаць.

Так, як ён паводзіў сябе, калі людзі два месяцы стаялі на вуліцы, калі людзей нізавошта зьбівалі, — так кіраўнік дзяржавы ня мае права сябе паводзіць. Ён не праяўляў актыўных дзеяньняў ані ў адзін, ані ў другі бок. Але прэзыдэнт ня мае права ўсталёўваць такую дыстанцыю. Яна не прадугледжаная ані Канстытуцыяй, ані чалавечымі, маральнымі патрабаваньнямі. На жаль, мне падаецца, ён недастаткова адэкватны, каб прымаць адказныя рашэньні.

РС: «Як паўплываюць падзеі ва Ўкраіне на сытуацыю ў рэгіёне і на Беларусь?»

ІЛ: «Я, на жаль, даўно ня быў у Беларусі, але я амаль кожны дзень камунікую зь беларусамі, сачу за тым, што ў Беларусі адбываецца. І я думаю, што большасьць беларусаў назіраюць за падзеямі ва Ўкраіне і ўспрымаюць тое, што тут адбываецца, як нешта блізкае.

Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, паўплывае і на Беларусь, і на Малдову, і на іншыя дзяржавы, якія ўзьніклі на руінах Савецкага Саюзу. Думаю, што паўплывае і на будучыню Эўропы.

Заўважце, што такія паводзіны мільёнаў людзей нехарактэрныя і для эўрапейскай супольнасьці.Людзі выйшлі на вуліцу не па падаткі, не па пэнсіі, не па мэдычнае абслугоўваньне ці нейкія іншыя даволі важныя матэрыяльныя праблемы. Людзі выйшлі абараняць ідэалы, каштоўнасьці. Ня так шмат мы бачым у сьвеце падобных народных паўстаньняў. Прычым гэта не аднамомантнае паўстаньне.

Я б параіў кожнаму пабываць у Кіеве, паразмаўляць зь людзьмі. Я жадаў бы кожнаму гэта пабачыць, бо там, як у люстэрку, бачыш сябе. Глядзіш на людзей, якіх у паўсядзённым жыцьці проста не заўважаеш. А там бачыш асобу, бачыш, наколькі людзі чыстыя, адказныя. Разумееш, што паняцьце любові адзін да аднаго ёсьць ня толькі ў кнігах. Бачыш, зь якой павагай людзі ставяцца да кожнай праявы падтрымкі.

І людзі ж ня лічацца ні з чым, у тым ліку і з узростам. Кіяўлянкі, у якіх я ніколі не заўважаў адданасьці ўкраінскай нацыянальнай культурнай традыцыі, шмат хто нават этнічна не ўкраінцы, тым ня менш ішлі на «Беркут», абараняючы будучыню сваіх унукаў і праўнукаў.

Ва Ўкраіне цяпер сапраўды адбываецца выбар паміж дабром і злом. Вырашаецца, якой быць Эўропе ў будучым. Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, павінна паказаць, да чаго імкнуцца мільёны людзей.

Украіна — terra incognita для Эўропы і сьвету — выяўляе каштоўнасьці і Беларусі, і расейцаў. Вось расейцы, на жаль, — я бачыў сацыялягічныя дадзеныя. Я ня ведаю, хто складае гэтую сацыялёгію, але здагадваюся. Дык вось, 84 працэнты лічаць, што ва Ўкраіне адбываецца дзяржаўны пераварот. Шкада мне гэтых людзей зь іхняй сацыялёгіяй і перакананьнямі.

А вось за беларусаў я ганаруся. Беларусь не была мне чужая і да маёй дыпляматычнай працы. І я хачу, каб нашыя два народы заслужылі нашмат лепшую цяпершчыну і будучыню. За гэта загінуў і Міхаіл Жызьнеўскі, і ўкраінскія хлопцы.

На жаль, мне падаецца, што цяпер гэта пакуль прыпынак на такім складаным і доўгім шляху да свабоды".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG