Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імітацыя Плошчы: без бел-чырвона-белых сьцягоў і лёзунгаў «Жыве Беларусь!»


У Менску пачаліся здымкі «батальных сцэнаў» да «нацыянальнага мастацкага фільму» пад назвай «Авэль».

Стужку, на фінансаваньне якой Міністэрства культуры Беларусі адшкадавала 2 мільёны даляраў, рыхтуе да вытворчасьці інтэрнацыянальная брыгада пад кіраўніцтвам Ўільяма Дэвіталя — былога ўкраінскага каскадзёра, які 20 гадоў таму ад’ехаў у ЗША, будучы яшчэ Віталём Васільковым. Уся адказнасьць за канчатковы прадукт ляжыць на прыватнай кінакампаніі «Нонстоп Мэдыя».

У фільм, які распавядае пра складаныя ўзаемаадносіны двух братоў, аўтар сцэнару (гэтым разам расейскі эмігрант з ЗША Раман Макушаў) вырашыў уплесьці палітычныя падзеі не такога ўжо аддаленага мінулага — прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году. Аднак узамен на доступ да месца масавых акцый супраць фальшаваньня вынікаў галасаваньня давялося нівэляваць візуальную карцінку.

Пра «неафарбаванасьць» і «бязлёзунгавасьць» імітацыі тых падзеяў масоўку папярэдзілі двойчы.

Увогуле арганізацыя працы каманды «Авэля» пакуль не дацягвае да адпрацаванага мэханізму амэрыканскай кінаіндустрыі, якую фармальна прадстаўляе Дэвіталь і кампанія.

У разасланым напярэдадні прэс-рэлізе паведамлялася: здымкі супрацьстаяньня апазыцыі і сілавікоў ля Дому ўраду пачнуцца 30 студзеня а 19-й гадзіне. Журналісты і масоўка прысунуліся, а ў групы пачаліся праблемы: то няма генэратара, то рэквізыту, то яшчэ нечага. У выніку акалелых на сразьняку і марозе «артыстаў» прытуліў галоўны корпус Белдзяржунівэрсытэту.

Сама здымачная група, а разам зь ёй і экіпіраваныя ў «касьмічныя касьцюмы» байцы спэцназу, базаваліся ў будынку Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка.

Толькі бліжэй да 21-й гадзіны асыстэнт рэжысэра Віталь (не блытаць з Дэвіталем) пачаў інструктаваць мабілізаваных студэнтаў: маўляў, кіно гульнявое, ніякай рэканструкцыі падзеяў не прадугледжваецца, таму бел-чырвона-белыя сьцягі адмяняюцца, лёзунгі «Жыве Беларусь!» непатрэбныя. Сказаў, што можна проста абурацца, па-расейску: «Мы не довольны», «Что-то не так» і г.д. Дарэчы, ня гледзячы на запэўніваньні, што «нацыянальны праект» будзе грунтавацца выключна на ідэі, маладыя людзі з масоўкі прызналіся: за кожны дзень ім паабяцалі 15 даляраў ганарару.

Усяго ў Менску заплянавана чатыры сцэны зь вялікай колькасьцю ўдзельнікаў.



Апроч спэцназаўцаў, якія гралі самі сябе і гэтым разам не ўяўлялі рэальнай пагрозы для іншых, уся навакольная тэрыторыя была запоўненая людзьмі ў цывільным ў шапачках з прарэзамі для вачэй.

Раз-пораз даводзілася лезьці ў кішэню, каб прадэманстраваць пасьведчаньне ды расказваць, зь якой мэтай тут знаходзісься. Гэта пры тым, што адміністрацыя праекту запэўнівала: ніякая акрэдытацыя журналістам не патрабуецца, усё, што адбываецца на пляцоўцы, можна фіксаваць і запісваць. Толькі пасьля непасрэднага звароту журналістаў да рэжысэра пытаньні збольшага былі зьнятыя.

А 22-й гадзіне на прыступках Дому ўраду нарэшце пачалі шыхтавацца байцы спэцназу ў поўнай баявой экіпіроўцы. Пакуль пастаноўшчыкі кіравалі сілавікамі, генэральны прадусар Сяргей Ждановіч стрымліваў атаку з боку журналістаў: што гэта за акцыя без лёзунгаў і атрыбутыкі?

Спадар Ждановіч вымушаны быў прызнаць, што было некалькі варыянтаў сцэнару, у тым ліку з бел-чырвона-белымі сьцягамі і воклічамі «Жыве Беларусь!». Але пасьля «кансультацыяў» вырашылі спыніцца проста на «незадаволеным натоўпе». Зноў жа: фільм мастацкі, а не дакумэнтальны.

Пасьля таго, як першую партыю студэнтаў арганізавана прывялі да ганку Дому ўраду, пачалася рэпэтыцыя супрацьстаяньня. Пад дубінкі кідалі каскадзёраў, масоўка задавольвалася канстатацыяй «что-то не так».

Кульмінацыяй стала закідваньне міліцыянтаў бутэлькамі з «кактэйлем Молатава», некаторыя вартавыя парадку пераўтвараліся ў жывы факел. Праўда, напагатове былі коўдры і вёдры з вадой. Потым некаторыя сцэны былі дазьнятыя зь іншай групай «добраахвотнікаў». Дарэчы, эпізод з разьбіваньнем уваходных дзьвярэй, якім дзяржаўныя прапагандысты ў сваіх расьсьледаваньнях ці не найбольш вінавацілі апазыцыю, кіношнікі таксама праігнаравалі.

У плянах каманды Дэвіталя — яшчэ здымкі на Кастрычніцкай плошчы і ўчастках праспэкту Незалежнасьці. Мяркуючы па ўсім, гэтаксама без гістарычных сымбаляў і адрасных праклёнаў. Завершыцца менская эпапэя «Авэля» 2 лютага.

Пасьля гэтага здымачная група перадысьлякуецца ў Расею, а адтуль у ЗША, дзе, паводле запэўніваньняў, да іх далучацца галівудзкія зоркі — Эрык Робэртс, Міла Ёвавіч і некаторыя іншыя. У чым, дарэчы, многія адмыслоўцы сумняюцца: індывідуальныя ганарары артыстаў такога рангу складаюць нашмат больш, чым бюджэт усёй беларускай стужкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG