Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне падлічылі арыштаваных пратэстоўцаў — 140


Генпракуратура Ўкраіны на сваім афіцыйным сайце паведаміла, што паводле стану на 30 студзеня падчас масавых акцыяў затрыманыя 234 чалавекі, зь якіх 140 арыштаваныя.

Паводле сьледзтва, загінулі чацьвёра, сярод іх — супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Цялесныя пашкоджаньні атрымалі больш за 500 чалавек, сярод іх 253 супрацоўнікі праваахоўных органаў.

У ведамстве адзначылі, што «маюць месца шматлікія парушэньні Канстытуцыі і законаў Украіны з боку мясцовых органаў улады». Рашэньні апошніх аспрэчваюцца органамі пракуратуры ў судовым парадку.

На даручэньне генпракурора створана спэцыяльная група «па кантролі за выкананьнем закону аб амністыі і расьсьледаваньні тых злачынстваў, якія не падпадаюць пад дзеяньне гэтага закону».

Паводле Генпракуратуры, толькі пры ўмове выкананьня ўсіх палажэньняў закону стане магчымым прыняцьце адпаведных працэсуальных рашэньняў.

«Невыкананьне хоць бы часткі палажэньняў закону або зьмяненьне вызначанай ім пасьлядоўнасьці можа нівэляваць дасягнутыя вынікі», — сказана ў паведамленьні.

Закон «Аб ліквідацыі нэгатыўных наступстваў і недапушчэньні перасьледу і пакараньня асобаў у сувязі з падзеямі, якія мелі месца падчас правядзеньня мірных сходаў», прымаўся ў Вярхоўнай Радзе 29 студзеня без абмеркаваньня.

Ва ўкраінскай апазыцыі ўжо заявілі, што Майдан ня выканае ўмоваў, выстаўленых уладай, бо закон фактычна бярэ «актывістаў у закладнікі».

Дакумэнт прадугледжвае «амністыю» ўсіх незаконна затрыманых толькі ў выпадку, калі пратэстоўцы вызваляць усе адміністрацыйныя будынкі, плошчы, дарогі, то бок фактычна згорнуць пратэсты.

Калі патрабаваньні закону ня будуць выкананыя цягам 15 дзён, ён аўтаматычна страціць сілу.
XS
SM
MD
LG