Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія ўкраінцы ацэньваюць падзеі на сваёй гістарычнай радзіме?


У Беларусі пражывае, паводле апошняга перапісу насельніцтва 2009 году, больш за 158 тысяч украінцаў. У буйных беларускіх гарадах актыўна дзейнічаюць грамадзкія аб’яднаньні ўкраінцаў, усяго ў Беларусі — больш за дзясятак.

Украінцы, якія жывуць у Беларусі, шчыра жадаюць, каб як мага хутчэй сытуацыя ў краіне нармалізавалася, каб хутчэй скончылася процістаяньне. Літаратар, перакладчык Валер Стралко наагул, гаворачы пра сёньняшнюю сытуацыю ў Кіеве, правёў паралель з рэвалюцыямі 1905 і 1917 гадоў:

«Канечне, я з трывогай сачу за падзеямі ва Ўкраіне. Ужо пралілася кроў, можа адбыцца нешта накшталт грамадзянскай вайны, гэта страшная штука, ня дай Божа. Але, з другога боку, я вельмі ганаруся сваімі суайчыньнікамі, якія маюць мужнасьць трываць такія складанасьці, маюць такія моцныя ідэі, такі супраціў несправядлівасьці.

Там ідуць станоўчыя працэсы, я лічу. Таму што ўлада, мабыць, занадта захапілася сваімі паўнамоцтвамі і страціла пачуцьцё меры. А ўкраінцы такіх рэчаў не даруюць. Скончылася цярпеньне, і я лічу, што яно справядліва скончылася. Ёсьць рэчы, якія немагчыма цярпець.

Я хвалююся і жадаю, каб там нарэшце ўсталяваўся парадак, нармальныя стасункі паміж пратэстоўцамі і ўладай. Хацелася б, каб там як найхутчэй усталяваўся спакой, таму што вельмі трасе Ўкраіну. Бо ўкраінцы заслугоўваюць лепшага лёсу, лепшага жыцьця».

Старшыня Віцебскай грамадзкай арганізацыі ўкраінцаў «Родислав» Надзея Пятрушка родам з Чарнаўцоў. Вельмі перажывае за маці, пляменьнікаў, якія жывуць у Чарнаўцах і Кіеве:
І калі журналіст бярэ інтэрвію, а чалавек кажа, што прыйшоў на Майдан біцца, дык калі яму няма дзе біцца, няхай лепш падыдзе да слупа і стукне кулаком

«Я не разумею, навошта чалавек чалавека забівае. І калі журналіст бярэ інтэрвію, а чалавек кажа, што прыйшоў на Майдан біцца, дык калі яму няма дзе біцца, няхай лепш падыдзе да слупа і стукне кулаком. І зразумее, што такое балюча. І другога ня ўдарыць... У нас з мужам баліць сэрца за тое, што людзі дзеляць Украіну на дзьве часткі. Я думаю, што ў Беларусі ніколі такога не было б. Я думаю, у нас так горад бы ня зьнішчылі. Зьнішчаюць прыгажосьць Кіева. А што далей чакае? Ня дай Бог — грамадзянская вайна. Мне балюча, балюча, балюча...»

Старшыня беларускага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Ватра» Віктар Гутоўскі выказаў такое меркаваньне:

«Мне здаецца, што сытуацыя там дрэнная, складаная. Калі льецца кроў, калі выкарыстоўваюцца сродкі, ня вельмі прымальныя ў мірны час — гэта непрыемна і недапушчальна. Мне здаецца, што кожны народ жадае быць самім сабой, быць самастойным. Народ ня хоча, каб нехта ўмешваўся ў яго ўнутраныя справы. Народ павінен мець магчымасьць вырашаць сваю долю, свой лёс сам. Мы жывем у Беларусі, і мы грамадзяне гэтай краіны. І мы выступаем за тое, каб былі добрыя стасункі паміж Украінай і Беларусьсю. Нягледзячы на тое, які б ні быў рэжым ва Ўкраіне, мы заўсёды будзем падтрымліваць народ, падтрымліваць статус Украіны, не дапускаць ганьбы Ўкраіны пры любым рэжыме».
XS
SM
MD
LG