Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наш карэспандэнт Ігар Карней наведаў «Менск Арэну» — і, з прычыны неразваротлівасьці ахоўных службаў, разам з тысячамі заўзятараў... на цэлы пэрыяд спазьніўся на хакейны паядынак.

Аргкамітэт чэмпіянату сьвету па хакеі-2014, які ў траўні павінен адбыцца ў Менску, распачаў 100-дзённы адлік да пачатку спаборніцтваў. Спартовыя функцыянэры хваляцца, што інфраструктура гатовая хоць зараз прыняць усясьветнае першынства. Але ці так гэта? Наш карэспандэнт Ігар Карней наведаў «Менск Арэну» — і, з прычыны неразваротлівасьці ахоўных службаў, разам з тысячамі заўзятараў... на цэлы пэрыяд спазьніўся на хакейны паядынак.

Днямі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ягоная мара — зладзіць такі чэмпіянат сьвету, каб усе навокал «ахнулі». Калі імпрэза будзе ладзіцца гэтаксама, як учора падчас сустрэчы паміж камандамі «Дынама» (Менск) і «Лякаматыў» (Яраслаўль), то няма сумневу — «ахнуць» многія.

Нягледзячы на жахлівую гульню менчукоў, якія ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе ідуць на апошніх пазыцыях, заўзятары ня кідаюць каманду, тым самым даючы зарабіць «Менск Арэне». На перадапошняй у гэтым сэзоне хатняй гульні падтрымаць «зуброў» прыйшло больш за 9 тысяч чалавек — інтарэс падаграваўся перадусім тым, што зь «Лякаматывам» у Менск прыбыў былы гулец «Дынама» Джэф Плат, які на дадатак да свайго канадзкага атрымаў яшчэ беларускі пашпарт і будзе гуляць за Беларусь на чэмпіянаце сьвету. Але ўвесь першы пэрыяд добрая палова аматараў хакею прастаяла на вуліцы — на скразьняку і марозе, разам зь дзецьмі, якіх бацькі пад уплывам прапаганды змалку далучаюць да спорту № 1.

Зь пяці турнікетаў з электроннымі прыстасаваньнямі для счытваньня штрых-кодаў квіткоў працаваў адзін. Пасьля натоўп перамяшчаўся ў вузкі адстойнік, чакаючы доступу да адзіных расчыненых дзьвярэй у арэну. За імі таксама было не праціснуцца: зь дзясятка рамак мэталашукальнікаў былі задзейнічаныя толькі дзьве. Шмат каго адразу заварочвалі: маўляў, забаронена праносіць у будынак заплечнікі, сумкі, ноўтбукі. Да аўтобуса МАЗ, які выступаў у ролі камэры захоўваньня, неўзабаве выстраілася яшчэ адна чарга. У выніку на аглядзе многія правялі 30–40 хвілін, і матч пачаўся пры паўпустых трыбунах. Няўжо гэтаксама падчас чэмпіянату сьвету міліцыянты зьбіраюцца «абслугоўваць» замежнікаў?

Дзеля справядлівасьці, пакуты сваіх прыхільнікаў дынамаўцы кампэнсавалі, выйграўшы 3:1 у «Лякаматыва», які нанова паўстаў пасьля гібелі ў авіякатастрофе асноўнага складу каманды. Тым ня меней менчукі застаюцца на трэцім радку ад канца табліцы, і зрушыць аўтсайдэрскія пазыцыі немагчыма нават у тэорыі. Ужо можна прагназаваць: разборам правальнага сэзону зоймецца асабіста Лукашэнка. Ці рызыкне нехта падхапіць пашматаны сьцяг «зуброў»? Меркаваньне хакейнага агента Андрэя Грум-Гржымайлы:
Кіраўніцтву „Дынама“ ўсё ж варта падумаць над запрашэньнем мясцовага трэнэра

«Галоўная фігура ў камандзе — безумоўна, трэнэр. Таму ўсё пытаньне зводзіцца фактычна да трэнэрскай псыхалёгіі. Як можна ставіць фінскага трэнэра, які разважае ў зусім іншых катэгорыях? Маўляў, ёсьць у гульца кантракт — ён сам мусіць быць заклапочаны сваёй падрыхтоўкай. Але ў нас не заўсёды такая формула спрацоўвае. Гэта ж тычыцца і іншых замежнікаў зь іх спэцыфічным падыходам да справы. Таму ў гэтым пляне я думаю, што кіраўніцтву „Дынама“ ўсё ж варта падумаць над запрашэньнем мясцовага спэцыяліста — прыкладам, такога, як Андрэй Сідарэнка — які здольны паставіць камандзе гульню, здольны дамовіцца з хакеістамі. І дзякуючы гэтаму, думаю, дастаткова хутка будзе рух наперад».

Многія хакеісты менскага «Дынама» ўваходзяць у аснову нацыянальнай каманды Беларусі, на якую падчас хатняга чэмпіянату сьвету ўскладаецца задача-максымум — пазмагацца за прызавое месца. Але што павінна здарыцца, каб людзі, якія ўвесь сэзон змарнавалі ў клюбе, раптам «стрэлілі» ў зборнай? Дзе маладое пакаленьне, галоднае да перамогаў? Працягвае Андрэй Грум-Гржымайла:

«Вось я гляджу на нашу моладзь — яна ж дэградуе! Раней у хакей прыходзілі людзі, якія больш ці менш штосьці маглі. А цяпер у хакей прыходзяць найперш таму, што тата і мама так вырашылі. Прыкінулі, што можна ў будучым зарабіць, і аддалі ў сэкцыю. Таму і моладзь у нас, я лічу, драбнее, і хакей выключна камэрцыялізуецца. У цяперашніх маладых людзей вельмі шмат спакусаў. Калісьці ў хакей прыходзілі „галодныя“ — да гульні, да перамогаў. А цяпер суцэльныя спакусы: тое хачу, гэта хачу. Сам не магу — мама зробіць, не атрымліваецца — тата дапаможа. Але мама і тата ў хакей гуляць ня будуць: там б’юць, атакуюць, „атаварваюць“ і шайбай, і клюшкай. Гэта балюча. Таму ніхто з моладзі і ня хоча ісьці ў хакей, каб рызыкаваць здароўем, але ня мець гарантыі, што ў будучым пакуты будуць кампэнсаваныя. Калі, зноў жа, бацькі не прымусяць».
Цягам матчу фан-зоны «Дынама» і «Лякаматыву» па чарзе пачыналі і падхоплівалі вокліч «Ніхто не забыты!» Такім чынам яны ўспаміналі яраслаўскую каманду, якая 7 верасьня 2011 году самалётам накіроўвалася на першы матч сэзону ў Менск, але разьбілася пры ўзьлёце недалёка ад лётнішча. Сярод іншых загінулі і тры беларусы: найлепшы хакеіст Беларусі Руслан Салей, малады форвард Сяргей Астапчук і трэнэр Мікалай Крываносаў.
XS
SM
MD
LG