Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Скажу шчыра, нас часта папракаюць на найвышэйшым роўні ў Расеі, што мы ня хочам рэалізацыі інтэграцыйных сумесных праектаў», — заявіў сёньня кіраўнік Беларусі, прымаючы ў Менску губэрнатара Яраслаўскай вобласьці Сяргея Ястрабава.

«Я вам канкрэтна кажу, што мы — за, толькі гэта трэба рабіць так, як робяць яраслаўцы, ня бегаць да прэзыдэнта альбо прэм’ера Расеі. А то прыйдуць, ляпнуць. Камусьці хацелася б інтэграцыйны праект — таньней альбо за бясплатна ўзяць нафтаперапрацоўчыя заводы», — цытуе Лукашэнку Інтэрфакс.

«Мы хутчэй з рэгіёнамі дамовімся, чым ва ўрадзе», — заявіў кіраўнік Беларусі Сяргею Ястрабаву. І дадаў, што ён разумее інтэграцыю МАЗа зь Яраслаўскім маторным заводам, нават пры абмене ўласнасьцю:

«Гэта было б зразумела: ёсьць пэўнае ўзаемадзеяньне, узаемная зацікаўленасьць. Але калі цікавасьць да нашага прадпрыемства праяўляе вялікі начальнік і абгрунтоўвае гэта тым, што нам трэба аб’яднацца, каб змагацца... Супраць каго? У нас адзін рынак, мы можам яго і без абмену акцыямі прадпрыемстваў перамагчы».

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што «ў свой час, калі нас ня вельмі разумелі ў цэнтры, менавіта рэгіёны выратавалі дачыненьні з Расеяй». «Калі б не супрацоўніцтва з рэгіёнамі, то ў нас не было б ні беларуска-расейскага саюзу, ніякіх цесных дачыненьняў з Расеяй. Можа, бадаліся б, як ва Ўкраіне сёньня адбываецца».

Эканаміст Леў Марголін адзначае:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Самае цікавае тут тое, што словы Лукашэнкі — гэта таксама праўда. Але ёсьць розныя праўды, як ёсьць і розныя інтэграцыі, розныя роўні інтэграцыі. Калі Лукашэнка кажа пра інтэграцыю на такім роўні, што менскі аўтазавод набывае рухавікі для сваіх машын у Яраслаўлі, гэта звычайная справа. Яна не патрабуе ні дзяржаўнай палітыкі, ні стратэгічных задумаў. Гэта робяць паміж сабою многія прадпрыемствы.

А вось больш высокага роўню інтэграцыі Лукашэнка, падобна, не разумее. Ён не разумее, што значыць усясьветны падзел працы. Гэта вынікае з тых ягоных словаў, калі ён патрабуе, каб у Беларусі выпускаліся ўсе віды прадукцыі, якія тут толькі можна выпускаць. Нягледзячы на тое, ці будуць яны канкурэнтаздольнымі.

З гэтага шэрагу і сёньняшняе выказваньне пра рынкі: маўляў, іх можна ўзяць і падзяліць. Для яго гэта толькі адміністратыўнае пытаньне. Вось мы будзем прадаваць МАЗы ў адных рэгіёнах Расеі, а вы свае КамАЗы — у іншых. Падобна, што яму недаступная сутнасьць канкурэнцыі, якая і робіць розныя рэчы больш якаснымі і таннымі. І таму ён не разумее, чаго ад яго патрабуе Расея.

Ён разумее толькі адно — Крэмль хоча ў яго нешта забраць. То адно, то другое. Гэта ідзе ад таго, што ўсю беларускую маёмасьць ён разглядае як сваю ўласную. Таму захады Масквы — гэта, у ягоным разуменьні, адабраць тое, што належыць яму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG