Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд аштафаваў Зьмітра Дашкевіча на 1,3 мільёна рублёў


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Судзьдзя Першамайскага суду Менску Юры Гарбатоўскі аштрафаваў былога палітвязьня Зьмітра Дашкевіча за парушэньне ўмоваў прэвэнтыўнага нагляду.

Сам Дашкевіч у суд не зьявіўся. Справу разглядалі безь яго.

Гарбатоўскі заслухаў паказаньні старшага інспэктара крымінальна-папраўчай інспэкцыі МУС Аляксея Пількова.

Пількоў заявіў, што ў 3-ці чацьвер сьнежня Дашкевіч не зьявіўся адзначыцца ў інспэкцыю. Пількоў кажа, што на наступны дзень патэлефанаваў Дашкевічу. Той патлумачыў, што забыў прыйсьці.

Судзьдзя ўдакладніў у Пількова, ці спасылаўся Дашкевіч пры гэтым на нейкія прычыны. Міліцыянт адказаў, што не спасылаўся.

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам на 6 месяцаў. Ён мусіць знаходзіцца ў хаце з 21-й гадзіны вечара да 6-й раніцы.

У першы, другі і чацьвёрты чацьвер кожнага месяца Дашкевіч павінен прыходзіць адзначацца ў крымінальна-папраўчую інспэкцыю.

Даведка Радыё Свабода — Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч быў арыштаваны нібыта за хуліганскі ўчынак напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі.

У судзе Дашкевіч заявіў, што супраць яго была ўчыненая правакацыя спэцслужбаў, віны не прызнаў.

У 2012 годзе выязны суд у турме пакараў яго яшчэ адным годам зьняволеньня — за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі. Дашкевіч выйшаў на волю ў жніўні 2013 году.
XS
SM
MD
LG