Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады абяцаюць рэкорд: пропуск празь мяжу за 2 хвіліны


Заўзятары і ўдзельнікі чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году змогуць аформіць аўтамабіль на ўезд у Беларусь за 1–2 хвіліны. На мяжы такіх турыстаў будуць прапускаць праз адмысловы калідор.

«Правобразамі такіх калідораў зьяўляюцца дзеючыя „зялёныя каналы“. Але ў пэрыяд чэмпіянату ў такіх каналах мы будзем ажыцьцяўляць паскоранае афармленьне транспартных сродкаў з замежнай рэгістрацыяй. Паводле нашых падлікаў, гэта будзе займаць 1–2 хвіліны», — заявіў начальнік упраўленьня арганізацыі мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэту Ўладзімір Арлоўскі.

Арлоўскі абяцаў, што на час чэмпіянату вырасьце колькасьць мытнікаў і памежнікаў, якія будуць працаваць на мяжы.

У гэтыя пляны ня ўсе вераць.

«Бывае, што цяжка дабрацца да зялёнага калідора, бо аўтамабілі, якія стаяць у чырвоным калідоры, блякуюць пад’езды да зялёнага», — кажа Свабодзе 55-гадовы жыхар Горадні Ўладзімер, які часта езьдзіць у Польшчу. Ён удакладняе, што ў такім заторы можна прастаяць «мінімум гадзіну»:

«Я нават хацеў запытацца на пераходзе: што вы будзеце рабіць, калі паедуць замежнікі на чэмпіянат? Але не запытаўся», — прызнаецца жыхар Горадні.

Прадстаўнік Мытнага камітэту Арлоўскі гэтак тлумачыць, за кошт чаго хуткасьць афармленьня замежных аўто на мяжы павінна скараціцца да 1–2 хвілін:

«Пад гэта будуць падстроены інфармацыйныя тэхналёгіі. Тая інфармацыя, якую неабходна ўносіць у інфармацыйныя базы, будзе ўносіцца ўжо пасьля афармленьня, а не падчас працэдуры».

Аўтааматар з Гародні Ўладзімер заўважае, што мытнікам і памежнікам варта паклапаціцца ня толькі пра выкананьне новых нарматываў, але і пра свой імідж.

«Сядзіць дзяўчына-памежніца... Я на яе твар паглядзеў — мне жыць не захацелася! Такая азлобленая на ўсё. Ці яна так закатаваная службай, ці яшчэ нечым... Мытнік калі падыходзіць, ня кажа „Добры дзень!“ Ён адразу: „Што везяцё?“ Мытнік у кожным бачыць ледзь не кантрабандыста, які хоча загнаць нашую дзяржаву ў глыбокую... самі ведаеце куды. А ў палякаў дзяўчаты прыветліва ўсьміхаюцца. За такі заробак, які нашыя атрымліваюць, у нармальнай краіне ніхто б не працаваў. Але іх ніхто не прымушаў ісьці на мытню ці ў памежнікі — самі выбіралі такую працу».
XS
SM
MD
LG