Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маразы прынесьлі пажары


Усе 36 надзвычайных здарэньняў за мінулыя суткі — пажары. 3 чалавекі загінулі. Агонь зьнішчыў 4 і пашкодзіў 31 будову, паведамляе МНС.

Парывы ветру ў ноч на 31 студзеня дасягалі 16 мэтраў на сэкунду. У чацьвер днём сярэдняя хуткасьць ветру складае 7 м/с.

Сёньня ў Менску —22. На наступным тыдні пацяплее да —17—11.

Тэмпэратура ў Беларусі — на 6–10 градусаў ніжэй за кліматычную норму.

У Касьцюковічах (Магілёўская вобласьць) тэмпэратура панізілася да —26,9 градусаў, паведамляе Гідрамэтцэнтар.

Ад маразоў больш грэюцца і труцяцца газам Ад маразоў больш грэюцца і труцяцца газам

У Баранавічах двое мужчын атруціліся прыродным газам, бо здарыўся збой у працы газавага абсталяваньня, паведамляе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. У Лоеве пацярпелі маці і дзьве дачкі — яны зарана зачынілі дымаход у печы і атруціліся ўгарным газам. Газавы балён выбухнуў у Баранавічах, параніла дваіх. Як паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі, у маразы павялічваецца і колькасьць пажараў:

«І зімой, і летам асноўная прычына гібелі людзей — гэта неасьцярожнае абыходжаньне з агнём падчас курэньня ў нецьвярозым стане. Зімой, калі такі чалавек радзей выходзіць на лесьвіцу ці балькон і курыць у сябе ў ложку, то часьцей здараюцца і пажары. Вядома, вырастае колькасьць пажараў і ад пячнога ацяпленьня, электраабагравальнікаў, але гэты рост не істотны».

Паводле МНС, за мінулыя суткі ў Беларусі здарыліся 36 пажараў.

Пасёлак Гатава пад Менскам, які налічвае каля дзесяці тысяч жыхароў, цягам мінулай ночы заставаўся без абагрэву і гарачай вады. Прычынай сталася аварыя на трубаправодзе з-за зношанасьці абсталяваньня, паведаміў дзяжурны дыспэтчарскай службы:

«Аварыя здарылася ноччу — быў адключаны ад цяпла ўвесь раён цалкам. Ліквідавалі ранкам — зараз ідзе падключэньне да ацяпленьня ўсіх дамоў па чарзе. Прычына аварыі — знос абсталяваньня, зламалася засоўка на цеплавузьле. Зараз ідзе пачарговае падключэньне дамоў, бо вады вялікі аб’ём і адначасна гэтага зрабіць нельга. Надзвычайных здарэньняў з гэта прычыны не адбылося. Адзіная нязручнасьць — зьніжэньне тэмпэратуры ў памяшканьнях».

Беларускі Чырвоны крыж разгарнуў мабільныя пункты абагрэву ў Менску і ў абласных цэнтрах.

«Асаблівая ўвага аддаецца самым неабароненым катэгорыям насельніцтва — асобам бяз пэўнага месца жыхарства. Валянтэры Чырвонага крыжа ў часе адмысловых рэйдаў наведваюць звалкі, пункты прыёму другаснай сыравіны, месцы найбольш верагоднага знаходжаньня бадзягаў. Бамжам аказваецца першая дапамога, санітарная апрацоўка ў санэпідстанцыі, валянтэры прапануюць ім гарачую ежу (хуткарастваральныя супы, кашы) і пітво, па неабходнасьці — цёплыя рэчы», — паведаміла БелаПАН Алена Сьвешнікава, прадстаўніца Чырвонага Крыжа.

Сьвешнікава кажа, што валянтэры Чырвонага крыжа таксама патрулююць МКАД і прылеглыя аўтамагістралі, каб пры неабходнасьці дапамагчы кіроўцам. Атрады валянтэраў Горадні, Гомеля і Берасьця дзяжураць на мяжы з Польшчай і Ўкраінай.

А ў Менскім заапарку — цёпла


Жывёлаў у менскім заапарку закрываюць на ноч у цёплых памяшканьнях.

«Менскі заапарк загадзя падрыхтаваўся да моцных маразоў. Клеткі ўцяплілі, жывёлам давалі вітаміны, каб падвысіць імунітэт. Малпаў, паўлінаў і іншых цеплалюбівых насельнікаў заапарку перасялілі ў цёплыя домікі», — распавяла Інтэрфаксу Вольга Калмакова, начальнік асьветніцкага аддзелу Менскага заапарку.

«Зубры, львы, вярблюды, ягуары, ламы выдатна пераносяць маразы — яны ўдзень ходзяць на вуліцы, а ўначы сьпяць у цёплых будынках. На ноч, каб яны не застудзіліся ў моцны мароз, супрацоўнікі заапарку замыкаюць іх».

Калмакова кажа, што «некаторым насельнікам Менскага заапарку ў клеткі паставілі гарматы, якія падаюць цёплае паветра, і абагравальнікі».

«А зьвяры, якія ў павільёнах, ня мерзнуць — перад зімой сантэхнікі праверылі ацяпленьне», — кажа Калмакова.
XS
SM
MD
LG