Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марат Бакіеў атабарыўся ў Менску


Марат Бакіеў, архіўнае фота

Марат Бакіеў, архіўнае фота

Паводле кіргіскіх мэдыяў, старэйшы сын зрынутага прэзыдэнта Кіргізстана Курманбека Бакіева Марат, як і яго бацька, прывольна адчувае сябе ў Беларусі.

Фотаздымак Марата Бакіева ў менскім рэстаране Black Door апублікавала выданьне vesti.kg. Марат трымае на руках свайго сына.

У адміністрацыі рэстарана карэспандэнту Свабоды сказалі, што там ніхто ня мае інфармацыі пра тое, што ўстанову мог наведваць сын Курманбека Бакіева.

Праз кіпрскую кампанію Fairy Tale Holdings, запісаную на яго другую жонку Іну Меняйлаву, Марат Бакіеў адкрыў клюб у Менску. Цяпер гэты клюб зачынены, але дзейнічаў ён цягам лета і часткі восені 2012 году, паведамляе выданьне vesti.kg.

Паводле gezitter.org у Менску ў будынку канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Марат Бакіеў мае офіс і займаецца пастаўкамі ў Кіргізстан беларускага цукру.

У красавіку 2010 году ў Кіргізстане зрынулі былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева. Падчас тых падзей загінулі каля 90 чалавек, каля тысячы атрымалі раненьні. Курманбек Бакіеў, яго брат Жаныбек, сын Марат і іншыя набліжаныя завочна былі абвінавачаныя ў масавым забойстве, зьвязаным зь перавышэньнем службовых паўнамоцтваў, і абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Курманбек Бакіеў зь неафіцыйнай жонкай і дваімі дзецьмі прыехаў у Беларусь на асабістае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі 19 красавіка 2010 году.

Новыя ўлады Кіргізстана неаднаразова зьвярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева, але атрымлівалі адмову.

Былы прэзыдэнт Кіргізстана Курманбек Бакіеў і яго малодшы брат Джаныбек Бакіеў завочна асуджаныя ваенным судом Бішкецкага гарнізону ў крымінальнай справе, зьвязанай з забойствам экс-кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мэдэта Садыркулава. Курманбек Бакіеў асуджаны на 24 гады з канфіскацыяй маёмасьці за злачынствы, зьвязаныя з злоўжываньнем службовым становішчам.

Бакіеў заявіў, што ён грамадзянін Беларусі з 2010 году і згодна з заканадаўствам экстрадыцыі не падлягае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG