Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 студзеня ў Ашмянах адбылося папярэдняе судовае паседжаньне па скарзе праваабаронцы Тацяны Равякі на дзеяньні службовых асоб Ашмянскай мытні.

Падчас судовага паседжаньня ўрэшце Тацяна Равяка і юрыст Павал Сапелка пазнаёміліся з матэрыяламі экспэртызы, на падставе якой кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай» падлягае рээкспарту.

Новую экспэртызу рабілі ўсё тыя ж спэцыялісты Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і спраў моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму, якія прызналі экстрэмісцкім фотаальбом «Прэс-фота 2012».

Гэта юрыст Вадзім Хілюта і гісторык Уладзімер Ягорычаў, які зойме месца звольненай з Гарадзенскага ўнівэрсытэту дацэнткі Іны Соркінай.

Праўда, экспэрты зрабілі выснову, што заклікаў да экстрэмізму і тэрарызму кніга ня ўтрымлівае. А вось што да другога пытаньня, на якое павінны былі адказаць экспэрты, — «Ці ёсьць там матэрыялы, якія могуць нанесьці шкоду эканамічным, палітычным інтарэсам...» — тут экспэрты не наважыліся даць пэўны адказ.

Яны напісалі, што канчатковыя высновы пра магчымасьць такой шкоды можа зрабіць толькі «комплексная экспэртыза з удзелам зацікаўленых дзяржаўных органаў».

Прадстаўнік Тацяны Равякі ў судзе юрыст Павал Сапелка кажа, што ня ведае, што за дзяржаўныя органы могуць рабіць такую экспэртызу і ў чым яны павінны быць зацікаўленыя. На думку Тацяны Равякі, гэта азначае, што ніякай канкрэтнай высновы пакуль ня зроблена пра шкоднасьць інфармацыі, якая ўтрымліваецца ў кнізе. Праваабаронцы ўзялі час на дапаўненьне скаргі. Судовае паседжаньне прызначана на 10 лютага.

3 ліпеня на мяжы ў праваабаронцы Тацяны Равякі мытнікі канфіскавалі 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай», якую надрукавалі ў Літве. Тацяна Равяка везла асобнікі для сяброў Бяляцкага. Праваабаронца патрабуе суд прызнаць неправамоцнымі дзеяньні Ашмянскай мытні, якія абавязалі яе да 21 студзеня зьмясьціць 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай» пад мытную працэдуру рээкспарту з выкарыстаньнем дэклярацыі на тавары, а таксама прыпыніць выкананьне гэтых дзеяньняў да вырашэньня скаргі ў судовым парадку.
XS
SM
MD
LG