Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія дыпляматы: Пяць пасланьняў Захаду для Ўкраіны


Сэнатар Джон Макейн на Майдане ў Кіеве
Сэнатар Джон Макейн на Майдане ў Кіеве

Чатыры былыя амбасадары ЗША ва Ўкраіне, якія цяпер працуюць ў дасьледчых амэрыканскіх цэнтрах, апублікавалі ў газэце The New York Times супольны артыкул, у якім пішуць пра пяць рэчаў, якія Захад павінны зрабіць, каб не дапусьціць далейшага пагаршэньня сытуацыі ва Ўкраіне.

Джон Гэрбст, Уільям Грын Мілер, Стывэн Пайфэр і Ўільям Тэйлар лічаць, што, нягледзячы, на апошнія саступкі з боку ўраду, цяперашняя канфрантацыя ва Ўкраіне можа перарасьці ў стадыю, калі Захад застанецца толькі назіральнікам за падзеямі.

"Калі Захад імкнецца да мірнага ўрэгуляваньня, якое верне Ўкраіну на дэмакратычны шлях пакуль ня выбухнуў масавы гвалт, дык час дзейнічаць ужо цяпер. Вашынгтон і Брусэль павінны неадкладна скаардынавацца ў некалькіх пытаньнях.

Па-першае, афіцыйныя асобы Злучаных Штатаў і Эўрапейскага Зьвязу павінны ясна даць зразумець спадару Януковічу, што ён павінен устрымлівацца ад ужываньня сілы і весьці сур’ёзныя перамовы, каб знайсьці вырашэньне крызісу. Гэта азначае выхад па-за межы яго апошніх прапаноў. Ён павінен прапанаваць апазыцыі падзяліць кантроль над дзяржаўнымі органамі бясьпекі. Ён павінен даць канкрэтныя гарантыі таго, што прэзыдэнцкія выбары 2015 году будуць свабоднымі і справядлівымі, у тым ліку гарантыі таго, што спадар Клічко зможа быць кандыдатам і што былы прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка выйдзе з турмы.

Па-другое, амэрыканскія і эўрапейскія чыноўнікі павінны непасрэдна кантактаваць з унутраным кругам Януковіча і падкрэсьліваць, што гэтыя людзі павінны дзейнічаць зараз, каб спрыяць ўрэгуляваньню, інакш яны сутыкнуцца з заходнімі візавымі і фінансавымі санкцыямі. Вашынгтон зрабіў добры першы крок 22 студзеня, калі ён абвясьціў, што анулюе візы для службовых асоб, датычных да ужываньня сілы. Варта дадаць фінансавыя санкцыі і пагражаць увесьці іх у адносінах тых, хто побач з Януковічам і іх сямейнікаў, калі яны не скарыстаюць свой уплыў, каб пакласьці канец крызісу. Эўразьвяз павінен далучыцца да гэтага, бо менавіта ў Эўропе ўкраінскія алігархі, блізкія да прэзыдэнта, пакідаюць свае грошы, купляюць раскошныя рэзыдэнцыі, падарожнічаць падчас адпачынку, а таксама адпраўляць сваіх дзяцей у школу. Такія людзі як алігарх Рынат Ахметаў павінны разумець, што ў іх ёсьць асабістая зацікаўленасьць у дасягненьні мірнага, дэмакратычнага ўрэгуляваньня.

Заходні ўплыў ва Ўкраіне рэальны, але ён абмежаваны і можа зьнікнуць
Па-трэцяе, амэрыканскія і эўрапейскія чыноўнікі павінны націснуць на апазыцыю, каб тая ня ставіла нерэалістычных мэтаў. Яны павінны пакінуць спадару Януковічу выйсьце. Ён усё яшчэ мог загадаць паліцыі атакаваць дэманстрантаў. Хоць гэта несумненна паскорыць яго сыход з пасады, гэта таксама можа азначаць яшчэ большае праліцьцё крыві і павялічыць пагрозу адзінству Ўкраіны.

Па-чацьвертае, Эўразьвяз ужо зрабіў добры крок, накіраваўшы ў Кіеў Штэфана Фюле, камісара зьвязу ў пытаньнях пашырэньня, каб той выступіў пасярэднікам паміж бакамі. Брусэль павінен падтрымліваць у Кіеве на час крызісу каманду высокага узроўню. Паралельна амэрыканскія і эўрапейскія дыпляматы павінны прыкметна кантраляваць вуліцы Кіева: гэта зробіць больш складаным для ўраду пачаць рэпрэсіі і прасьцейшым для лідэраў апазыцыі кантраляваць менш дысцыплінаваных пратэстоўцаў.

Па-пятае, Вашынгтон і Брусэль павінны даслаць скаардынаванае паведамленьне для Масквы. Захад павінен быць празрыстым, паведамляючы расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну аб сваіх дзеяньнях. Эўрапейскія лідэры павінны перасьцерагчы Пуціна супраць крокаў, якія б узмацнілі крызіс, і прэзыдэнт Абама павінен паслаць такое ж паведамленьне. Спадар Пуцін павінен разумець, што грубае абыходжаньне з Украінай будзе кідаць цень на яго надзеі ў якасьці гаспадара Алімпійскіх гульняў 2014 году ў Сочы ў наступным месяцы.

Заходні ўплыў ва Ўкраіне рэальны, але ён абмежаваны і можа зьнікнуць. Злучаныя Штаты і Эўразьвяз павінны ўжыць яго цяпер, інакш Захад рызыкуе апынуцца назіральнікам за тым, як Украіна паддасца пашыранаму гвалту, які ня здолее спыніць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG