Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт Эўразьвяз-Расея: скасаваная вячэра


Cаміт Эўразьвяз-Расея
Cаміт Эўразьвяз-Расея

Сёньня ў Брусэлі адбыўся чарговы саміт Эўразьвяз-Расея. У перамовах удзельнічалі прэзыдэнт Рады ЭЗ Герман ван Рампэй, прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Кантэкстам саміту стаў палітычны канфлікт ва Ўкраіне і напружанасьць у стасунках паміж Брусэлем і Масквой з гэтай нагоды. Першапачаткова плянавалася, што саміт зойме два дні, увечары ў панядзелак меркавалася супольная вячэра. Але пазьней «у сьвятле апошніх падзеяў» парадак дня быў зьменены, сустрэча скарочаная да аднаго дня, вячэра – скасаваная.

Кансультацыі наконт пагадненьняў аб асацыяцыі


Па выніках перамоваў Герман ван Рампэй заявіў, што паміж Брусэлем і Масквой дасягнутая дамоўленасьць аб двухбаковых кансультацыях наконт пагадненьняў аб асацыяцыі з краінамі Ўсходняга партнэрства. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

«Мы дамовіліся на двухбаковай аснове працягваць кансультацыі ў пытаньнях, зьвязаных з пагадненьнямі аб асацыяцыі і іх эканамічнымі наступствамі» – паведаміў ён.

Паводле яго, у ходзе саміту бакі абмеркавалі ня толькі пытаньні, якія ўяўляюць сумесную цікавасьць, але і пытаньні, у якіх «ёсьць супярэчнасьці», такія, як магчымае сумяшчэньне ініцыятывы Ўсходняга партнэрства і мытнага саюзу.

«Усходняе партнэрства не нацэленае на тое, каб паўплываць на расейскія эканамічныя, сацыяльныя і культурныя сувязі з суседзямі Расеі. Яны ня будуць пастаўленыя пад пагрозу, але будуць разьвівацца, паколькі будзе больш дынамічна адбывацца эканамічнае разьвіцьцё» – падкрэсьліў Герман ван Рампэй.

Зона свабоднага гандлю паміж ЭЗ і Эўразійскім саюзам


Прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін заявіў аб неабходнасьці пачаць экспэртны дыялёг аб магчымасьці фармаваньня зоны свабоднага гандлю паміж Эўразьвязам і Эўразійскім эканамічным саюзам.

Са словаў Пуціна, неабходна разам працаваць над пабудовай адзінай Эўропы.
Кіраўнік Расеі выказаў упэўненасьць у адсутнасьці супярэчнасьцяў паміж эўрапейскім і эўразійскім інтэграцыйнымі працэсамі.

Паводле яго, абедзьве інтэграцыйныя мадэлі пабудаваныя на «падобных прынцыпах, абапіраюцца на нормы СГА і маглі б эфэктыўна дапоўніць адна адну», а таксама спрыяць росту ўзаемнага таваразвароту і зьяўленьню новых буйных сумесных праектаў.

«Мы зацікаўленыя ў стабільнасьці і росквіце краінаў, якія зьяўляюцца нашымі суседзямі. Гэтыя дзяржавы імкнуцца больш актыўна супрацоўнічаць з Эўразьвязам і адначасова захаваць шчыльныя гістарычныя і каапэрацыйныя сувязі з Расеяй. Ім трэба ў гэтым дапамагаць» – сказаў Пуцін.

«Крэдыт ня ўраду Азарава, а ўкраінскаму народу»


На пытаньне, ці паўплывае на рашэньне Расеі даць Украіне пазыку 15 мільярдаў даляраў адстаўка ўраду Мікалая Азарава расейскі прэзыдэнт адказаў:

«Гатоўнасьць дапамагчы Ўкраіне: і крэдыт, і зьніжэньне, хоць бы паэтапнае, плацяжоў за газ зьвязаная зь неабходнасьцю і жаданьнем падтрымаць ня нейкі канкрэтны ўрад, а ўкраінскі народ. У нас былі дамоўленасьці з Азаравым, што крэдыт бярэцца ня толькі на праяданьне, а на структурныя зьмены ў эканоміцы. Мы ня будзем пераглядаць гэтае рашэньне, калі да ўлады прыйдзе апазыцыя. Гэта для нас не табу. Але мы павінны быць гарантаваныя, што атрымаем назад гэтыя грошы. Хто б ні ўзначаліў урад Украіны, мы будзем весьці зь ім перамовы». –
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG