Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які ўплыў на беларускую эканоміку акажа падзеньне курсу расейскага рубля?


У новым годзе абменны курс расейскага рубля пачаў хутка зьніжацца. Чым выкліканы такі працэс? Як гэта адаб’ецца на беларускай эканоміцы? Ці пачне хутка зьніжацца беларускі рубель?

Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык зь Менску.


Чаму зьніжаецца абменны курс расейскага рубля?


Валер Карбалевіч: «13 студзеня ЦБ РФ адмовіўся ад валютных інтэрвенцыяў, якія праводзіліся для таго, каб утрымаць курс у рамках вызначанага калідора. У выніку пачалося імклівае аслабленьне рубля, курс якога некалькі разоў дасягаў максымумаў крызіснага 2009 году. Расейцы пачалі скупляць даляры і эўра. У чым прычыны гэтай зьявы?»

Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш: «Тут існуе некалькі прычын. Па-першае, зьніжэньне ўсясьветных цэнаў на нафту. Урад РФ непакоіцца, каб хапіла ў бюджэце грошай. І першы рэфлекс ураду любой краіны, калі скарачаюцца даходы, — гэта крыху абясцэніць нацыянальную валюту, каб стымуляваць экспарт.

Па-другое, у расейскай эканоміцы назіраецца стагнацыя (рост ВУП ніжэй за 3% — гэта стагнацыя). Апошні прагноз, які я чуў, — гэта 0,5% росту ВУП. А гэта ўжо не стагнацыя, а падзеньне.

Па-трэцяе, Пуцін на выбарах даў шмат сацыяльных абяцаньняў народу. І цяпер спрабуе выконваць. З студзеня павінны вырасьці заробкі бюджэтнікаў. Гэта падштурхне інфляцыю. Таму трэба ўсё гэта неяк ураўнаважыць. Вось і аслабляецца абменны курс».

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык: «На дадатак да таго, што сказаў сп. Коктыш, адзначу падзеньне ўсясьветных цэнаў на мэталы ў 2013 годзе, што адмоўна адбілася на валютнай выручцы РФ.

Увогуле, цяпер назіраецца тэндэнцыя падзеньня курсаў валютаў краін, рынкі ў якіх разьвіваюцца. Да такіх краін належыць і Расея. Гэта адбываецца на тле абвяшчэньня кіраўніцтвам ЗША больш жорсткай бюджэтнай палітыкі. У выніку даляр пачаў мацнець. А ўсьлед за гэтым пачалі аслабляцца валюты Турэччыны, краін Лацінскай Амэрыкі і інш.

І калі Цэнтральны банк (ЦБ) РФ абвясьціў, што ня будзе рабіць інтэрвэнцыяў на біржы, то гульцы на гэта зрэагавалі адпаведна, і рубель пачаў падаць.

Але ня трэба перабольшваць гэты працэс. Бо з тых мінімумаў, да якіх ён быў зваліўся, рубель трошкі вырас. Па-другое, хутчэй за ўсё, ЦБ аднавіў інтэрвэнцыі. У панядзелак на інтэрвэнцыі ЦБ выдаткаваў прыкладна 1 млрд даляраў. Так што ў падзеньня рубля ёсьць і фундамэнтальныя, і спэкулятыўныя прычыны. Магчыма, гэтае падзеньне будзе мець кароткатэрміновы характар. Бо і ЦБ, і Міністэрства эканамічнага разьвіцьця РФ плянуюць невялікае зьніжэньне курсу расейскага рубля».


Як зьніжэньне абменнага курсу расейскага рубля адаб’ецца на беларускай эканоміцы?


Карбалевіч: «Беларуская эканоміка вельмі шчыльна зьвязаная з расейскай. Як значнае зьніжэньне курсу расейскага рубля адаб’ецца на беларускай эканоміцы? Як гэта паўплывае на беларускі экспарт у Расею? У Расеі працуе шмат беларусаў. Як апошнія працэсы паўплываюць на іхнія заробкі?»

Чубрык: «Думаю, падзеньне расейскага рубля ня будзе такім заўважным, каб уплываць на заробкі беларускіх грамадзян у РФ. Калі мець на ўвазе, што ў Беларусі заробкі гэтым годам увогуле ня будуць расьці, то даходы беларускіх працоўных мігрантаў у Расеі ў параўнаньні зь Беларусьсю, прынамсі, ня зьменшацца.
Любое аслабленьне расейскага рубля дадае праблемаў беларускай эканоміцы

Любое аслабленьне расейскага рубля дадае праблемаў беларускай эканоміцы. Бо інфляцыя ў Расеі ніжэйшая за інфляцыю ў Беларусі паводле прагнозу на гэты год удвая. На гэтым тле аслабленьне расейскага рубля стварае яшчэ больш перашкодаў для беларускага экспарту ў Расею, бо ён робіцца даражэйшым, а імпарт з Расеі — больш прывабным. У выніку стане яшчэ большым адмоўнае сальда ў гандлі Беларусі з Расеяй».

Коктыш: «Думаю, што падзеньне курсу расейскага рубля ня выйдзе за межы 10%. Гэта ня так шмат, каб быць важкім трэндам для беларускай эканомікі.

Сапраўды, гэты працэс будзе стымуляваць расейскі экспарт. Таксама гэта будзе стымуляваць беларускі сыравінны экспарт — маю на ўвазе нафтапрадукты, якія вырабляюцца з расейскай нафты. І наадварот, ён будзе рабіць даражэйшым экспарт беларускіх тавараў у Расею. Таму выйгрыш на нафце і нафтапрадуктах будзе зьедзены пройгрышам на таварах машынабудаўнічай галіны, харчаваньні, якія зь Беларусі экспартуюцца ў Расею».


Ці пачне хутка зьніжацца беларускі рубель?


Карбалевіч: «У лістападаўскім дакладзе МВФ, які апублікаваны на яго сайце, адзначаецца, што курс беларускага рубля завышаны. Падобную выснову робіць і большасьць беларускіх незалежных экспэртаў. Як паўплывае на абменны курс беларускага рубля тое, што цяпер адбываецца з расейскім рублём?»

Чубрык: «Мінулым годам беларускія афіцыйныя асобы тлумачылі аслабленьне беларускага рубля тым, што расейскі рубель — валюта нашага асноўнага эканамічнага партнэра — таксама аслабеў. І, маўляў, у нас не было іншага выйсьця. Думаю, і цяпер гэтыя працэсы з рублём у Расеі будуць выкарыстаныя беларускім урадам, каб дадаткова абгрунтаваць дэвальвацыйныя працэсы ў Беларусі. Але тым, хто ў выніку гэтага будзе страчваць свае ашчаджэньні, ад такіх тлумачэньняў ня будзе лягчэй.

Асноўная праблема беларускай эканомікі — не аслабленьне курсу расейскага рубля, а дысбалянсы, непасьлядоўная макраэканамічная палітыка апошніх двух гадоў».
Не чакаю нейкіх вялікіх узрушэньняў для беларускага рубля гэтым годам

Коктыш: «Не чакаю нейкіх вялікіх узрушэньняў для беларускага рубля гэтым годам. Прагназую таксама аслабленьне ў межах 10%. Будзе плаўная карэкцыя курсу ўсьлед за расейскім рублём. Істотных наступстваў для эканомікі гэта мець ня будзе. Гэта ня стане фатальнай праблемай».

Карбалевіч: «Сп. Чубрык, вы сказалі, што даляр узмацняецца, а расейскі рубель аслабляецца. Паколькі Беларусь арыентуецца і на тую, і на другую валюты, то, магчыма, гэтыя два процілеглыя працэсы ўзаемна нэўтралізуюцца і курс беларускага рубля зьменіцца не нашмат?»

Чубрык: «Да 2011 г. беларускі рубель быў прывязаны да кошыка валют у складзе даляра, эўра і расейскага рубля. Цяпер такой прывязкі няма, цяпер у нас кіраванае плаваньне беларускага рубля. У рэальнасьці сёньня Нацбанк у сваёй курсавой палітыцы больш арыентаваны на даляр, чым на расейскі рубель».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG