Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіно пра Плошчу: вэрсія, аплачаная ўладай


Першае кіно пра Плошчу беларускія тэлевізійшчыкі зьнялі па гарачых сьлядах у ноч пасьля разгону

Першае кіно пра Плошчу беларускія тэлевізійшчыкі зьнялі па гарачых сьлядах у ноч пасьля разгону

Беларуская прапаганда зьбіраецца нагадаць пра падзеі Плошчы-2010 у «нацыянальным кінафільме» пад назвай «Авэль». Ад сёньня стартуе «зімовы этап» праекту, на які зь дзяржаўнай казны выдаткавана больш за 2 мільёны даляраў.

30 студзеня па вечарах пачнуцца здымкі на ўчастку ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці. На іх мяркуецца мабілізаваць блізу 5 тысяч імітатараў супраціву зь ліку правераных актывістаў БРСМ і супрацоўнікаў сілавых структур.

«Высокабюджэтны фільм» — як на беларускія меркі — ствараецца на замову Міністэрства культуры прыватнай кінакампаніяй «Нонстоп Мэдыя». Аўтар сцэнару — расейскі драматург Раман Макушаў. На галоўныя ролі нібыта далі згоду амэрыканскі актор Эрык Робэртс, хтосьці з галівудзкіх акторак катэгорыі «А», імя якой трымаецца ў таямніцы, а таксама Ўладзімер Гасьцюхін ды артысты з Расеі і Беларусі. Для пастаноўкі фільму з ЗША запрошаны Ўільям Дэвіталь, больш вядомы як Віталь Васількоў — украінскі каскадэр, які ў 1990-х зьехаў за акіян.

Сюжэт стужкі расказвае пра варажнечу і замірэньне двух братоў — а-ля Каін і Авэль — на тле палітычных падзеяў у Беларусі. Пры гэтым паваротнай кропкай стане шматтысячная акцыя пратэсту ў Менску ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Менавіта з гэтай падзеі 30 студзеня і пачнуцца здымкі «Авэля». Прадусар фільму Юры Ігруша кажа, што масоўка ўжо ўкамплектаваная, і запэўніў, што ніхто ня будзе замінаць фіксаваць тое, што адбываецца на здымачнай пляцоўцы:

«Думаю, што ніякай адмысловай акрэдытацыі не запатрабуецца, але з улікам таго, што ніхто ня будзе заходзіць усярэдзіну на здымачную пляцоўку, бо гэта, канечне ж, перашкаджае і адцягвае ўвагу. То бок галоўная ўмова — не перашкаджаць здымачнай групе, не трапляць пад руку падчас працы. Шмат у якіх газэтах ужо надрукаваны графік здымак, таму ўсе, хто цікавіцца, досыць лёгка могуць знайсьці гэты расклад».

Карэспандэнт: «То бок кастынг завершаны, акторы падабраныя?»

«Так, з гэтым усё ў парадку, усе гатовыя да працы».

Паводле прадусара, па дазвол на здымкі ў цэнтры Менску здымачная група зьвярталася ў адпаведныя органы, якія ўзгаднялі, што і калі будзе адбывацца. З санкцыі службы аховы прэзыдэнта ўсяляк дапамагаць кіношнікам будуць профільныя падразьдзяленьні МУС і Дзяржаўтаінспэкцыя.
Актывістаў БРСМ на час здымак пад расьпіску забясьпечаць бел-чырвона-белым «рэквізытам», ледасекамі, рыдлёўкамі, ламамі ды іншым рыштункам, каб штурмаваць Дом ураду

Што да масоўкі, то гэтым разам кандыдаты праходзілі глыбокую фільтрацыю — спэцслужбы паклапаціліся, каб ня ўзьнікла некантраляваная сытуацыя. Пратэставаць супраць рэжыму будуць правераныя актывісты БРСМ, якіх на час здымак пад расьпіску забясьпечаць бел-чырвона-белым «рэквізытам», ледасекамі, рыдлёўкамі, ламамі ды іншым рыштункам, каб штурмаваць Дом ураду. Кажуць, запасныя дзьверы «для вандалаў» ужо вырабленыя. А вось на ролю спэцназаўцаў, якія тры гады таму вызначыліся жорсткім зьбіцьцём дэманстрантаў, нікога шукаць не давялося: штатныя байцы, уганараваныя за нэўтралізацыю падбухторшчыкаў да «масавых беспарадкаў», проста яшчэ раз выйдуць «на біс».

Вядомы кінадраматург Уладзімер Халіп лічыць, што спробу на ўласны капыл інтэрпрэтаваць трагічныя падзеі сьнежня 2010 году можна расцэньваць як плявок у твар дэмакратычнай супольнасьці — дзейныя ўлады ніколі не дазволяць паказаць тое, што адбывалася насамрэч:

Уладзімер Халіп

Уладзімер Халіп

«Калі вы хацелі нешта здымаць, то маглі б знайсьці падобную ці гэткую ж плошчу ў якім-небудзь іншым месцы вялікага сьвету і рабіць там тое, што надумалі. А тут, пад наглядам гэтых жандараў, яны зробяць толькі чарговую правакацыю, больш нічога. Таму гэта сорам, гэта не дастойна інтэлігентаў, не дастойна інтэлектуалаў, бо ўзьнікне вялікая, маштабная хлусьня. Дзяржава ніколі ня будзе ўдзельнічаць у тых праектах, якія ствараюць панараму праўдзівага жыцьця Беларусі, усяго таго, што адбываецца ў нашай краіне. І зразумела: як бы яны там ні стваралі гэтую масоўку, як бы яны ні імкнуліся да праўды, ніхто не дазволіць ім расказаць праўду пра тое, што адбылося на Плошчы. А на Плошчы адбылася вялікая правакацыя, якая была арганізаваная і зрэжысэраваная нашмат больш дасьведчанай „кінагрупай“, якая месьціцца ў Драздах, і мэта гэтай правакацыі была толькі адна: зьнішчыць апазыцыю, пасадзіць усіх, хто больш ці менш актыўны».

А вось Юры Хашчавацкі, рэжысэр-кінадакумэнталіст, аўтар шэрагу фільмаў пра антыбеларускую сутнасьць рэжыму і супраціў беларусаў на сваёй сымбалічнай Плошчы, лічыць, што ўспрымаць шырока разрэклямаваны «нацыянальны кінапраект» усур’ёз увогуле няма патрэбы:

Юры Хашчавацкі

Юры Хашчавацкі

«Я ўпэўнены, што гэта звычайная разводка. У тым сэнсе, што проста далажылі Лукашэнку, што для выпраўленьня іміджу патрэбныя грошы, каб зрабіць такое кіно, і ўрэшце „папіляць бабкі“. Я думаю, што ім цалкам удасца ўнесьці туды як быццам палітычную тэму (зразумела, што на баку ўлады), дададуць туды „на смак“ крышачку хлусьні, але ў цэлым нічога не атрымаецца, таму што ў асноўным яны будуць заклапочаныя „пілаваньнем грошай“. Прычым невялікіх, вось што для іх самае крыўднае. Калі расейцы пілуюць грошы вялізныя, то гэтыя вымушаныя будуць задавольвацца маленькімі. Што, уласна кажучы, найлепш дэманструе дробязнасьць усёй гэтай задумы».

Карэспандэнт: «Чаму ў такім разе на прапанову клюнуў рэжысэр-амэрыканец? Хай сабе ён і колішні ўкраінец».

«Разумееце, такіх вось украінскіх амэрыканцаў у ЗША — не зьлічыць. Хтосьці зь іх здолеў дзесьці пастаяць побач зь нейкім вялікім акторам. Ці зьезьдзіў на экскурсію, напрыклад, на студыю Universal у Галівуд. І пасьля гэтага ён стаў вялікім мэтрам кіно. Прыехаў, навешаў локшыны. Але ж вы чыталі „12 крэслаў“, „Залатое цяля“. Вось і атрымалася ў іх такая зьвязка — нібыта прыяжджаюць амэрыканцы галівудзкія, нешта робяць. Але паглядзім кіно, і вы пераканаецеся, што гэта будзе жах. Абсалютна дакладна ведаю гэта. Бо сама па сабе ідэя, што сёньня тут можна зьняць праўдзівы ігравы фільм пра тое, што насамрэч адбывалася, яна наіўная. Немагчыма нічога зьняць праўдзіва пры цяперашнім рэжыме».

Між тым стваральнікі фільму «Авэль» ужо перастрахаваліся, заявіўшы, што ня ставяць на мэце дакладнай рэканструкцыі падзеяў, бо зададзены сюжэт патрэбны выключна як фон для паводзінаў герояў у драматычнай сытуацыі. Таму, маўляў, не выключаюцца «мастацкія дапушчэньні і адхіленьні». Здымаць зьбіраюцца хутка: паказаць стужку ў кінатэатрах Беларусі і Расеі плянуецца ўжо пад канец 2014 году. Гэта значыць — пад чарговую гадавіну падзеяў 2010-га і як папярэджаньне да прэзыдэнцкіх выбараў-2015.
XS
SM
MD
LG