Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумчык: Грушавы прабіваў сьцяну маўчаньня пра Чарнобыль


Былы дэпутат Вярхоўнага Савету журналіст Сяргей Навумчык прыгадвае Генадзя Грушавога

У Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Генадзь Грушавы выступаў вельмі рэдка і часта адсутнічаў на сэсіях – але прычына ягонай адсутнасьці была самай паважнай з магчымых: як кіраўнік утворанага Беларускім Народным Фронтам фонду «Дзеці Чарнобыля», Генадзь займаўся дапамогай ахвярам камуністычнай палітыкі замоўчваньня сапраўдных вынікаў аварыі на ЧАЭС. І, між іншым, Генадзь Грушавы быў у ліку тых, хто яшчэ ў канцы 1980-х ладзіў першыя «Чарнобыльскія шляхі», хто прабіваў тую сьцяну маўчаньня. Можна ўявіць, колькі часу і сілаў (і здароўя) ўзяла арганізацыя лекаваньня за мяжой сотняў тысяч дзяцей з забруджаных рэгіёнаў – з улікам супраціву чынавенства. Так, ягоная грамадзкая дзейнасьць, у асноўным, адбывалася за сьценамі парлямэнту, але ў самыя важныя для лёсу нацыі дні Генадзь быў там, дзе мусіў быць. Ягоны подпіс стаіць пад заявай дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць ГКЧП, прынятай раніцай 19 жніўня 1991-га з заклікам не выконваць загады хунты – у той самы час, калі на чыгуначную станцыю Менск-Радыятарная прыгналі закратаваныя вагоны. А ў стэнаграме Надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету 25 жніўня 1991 году зафіксаванае галасаваньне Генадзя Грушавога за незалежнасьць Беларусі. Перакананы, што і за гэта яму будуць удзячныя нашчадкі тых, каму фонд «Дзеці Чарнобыля» на чале з Генадзем Грушавым падараваў жыцьцё.
XS
SM
MD
LG