Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адно з самых жорсткіх пабоішчаў у Менску было падчас Маршу Свабоды ў 1999-м. Не разгон, а менавіта сілавое супрацьстаяньне з абодвух бакоў. Шмат – з боку сілавікоў, невялікая група з боку вулічных байцоў. Каменьне, бойкі, пасьля жорсткая расправа-помста затрыманым, якіх мясілі ў аўтазаках. Мноства параненых у шпіталях.

Праз пару гадоў я сядзеў зь сябрамі-музыкамі ў фае канцэртнай залі «Менск». Кася Камоцкая распавядала нейкую захапляльную гісторыю пра адзін зь мітынгаў. Толькі ня сумную, а нейкі забаўны эпізод. Раптам да Касі зьвярнуўся хлопец. Выбачыўся, што перапыняе, і папрасіў аўтограф. Нагаварыў шмат камплімэнтаў, сказаў, што вельмі даўні прыхільнік творчасьці Касінага гурта «Новае Неба».

Слова за слова, хлопец прызнаўся, што служыць ва ўнутраных войсках у званьні старэйшага прапаршчыка. «У1999-м я камандаваў узводам, які быў на мосьце празь Сьвіслач, на перадавой сутыкненьня, – прызнаўся з сарамлівай усьмешкай наш новы знаёмы. – Я тады ў рэанімацыю трапіў: злавіў кавалак асфальту між бронекамізэлькай і шыяй».

Вясёлы настрой адразу згас. «Разумееце, – апраўдваўся хлопец, – у мяне ўся сям'я – я ды маці-інвалід, больш нікога няма. Я калі ішоў служыць, ня думаў, што так будзе. А нічога іншага рабіць я ня ўмею».

Гэта быў час, калі для большасьці беларускіх рокераў закрыліся амаль усе адкрытыя пляцоўкі ў Менску. А неўзабаве засталося ўсяго пару клюбаў. Кася, як і многія ейныя калегі, ані на сцэне, ані ў інтэрвію не хавала сваіх поглядаў, якія былі дыямэтральна супрацьлеглыя афіцыйнай ідэалёгіі.

У марах-развагах пра час, «калі нашы прыйдуць да ўлады», мы рэдка згадвалі таго хлопца.

Рамантызм першых вольных гадоў незалежнай Беларусі яшчэ віраваў, але ўжо на кухнях ды невялікіх паўпадпольных імпрэзах. Мы разумелі, што «нашы прыйдуць» яшчэ ня хутка.

***
Знаёмая мянчанка дзеліцца дыялёгам са сваёй дачкой-студэнкай:

– Мама, а да канца сакавіка ва Ўкраіне будзе спакойна? Хачу на свой дзень нараджэньня ў Львоў зьезьдзіць.

– Ды зьезьдзіш, у Львове няма каму з кім біцца.

Ва Ўкраіне ёсьць вобласьці, дзе жывуць сьветапоглядна блізкія людзі, якія ня будуць змагацца міжсобку. Адныя абвесьцілі свае гарады вольнымі ад існай улады. Іншыя маюць супрацьлеглае стаўленьне, і ня пусьцяць да сябе «самаабвешчаных». А пасярэдзіне – зьмяшаныя тэрыторыі. Такая сабе сьветапоглядная Югаславія.

Я правёў міні-апытаньне ў фэйсбуку: «Ці ёсьць унутры Беларусі рэчы ўзаемнай няпрыязі, апроч стаўленьня да Лукашэнкі?»

Хтосьці сказаў пра савецкасьць/несавецкасьць, хтосьці пра стаўленьне да Расеі. Але ніхто не назваў нічога надта радыкальнага, што ўжо цяпер бы выклікала рэзкую ўзаемную няпрыязь.

Сёньня проста на вачох беларусаў дзякуючы СМІ і інтэрнэту разгортваецца сытуацыя, калі ва ўкраінскіх суседзяў «нашы прыходязць да ўлады». А нават калі ня сёньня, то ў вельмі агляднай пэрспэктыве. Прычым, «нашы» ўжо былі пры ўладзе пасьля Памаранчавай рэвалюцыі. Адна з прэтэнзіяў да тагачаснага прэзыдэнта Віктара Юшчанкі была ў тым, што ён не «разабраўся» з супрацьлеглым бокам. І цяпер, маўляў, даводзіцца ўсё паўтараць, толькі з крывёю.

Я дагэтуль думаю, а як тая «разборка» магла б выглядаць? Можна асудзіць за канкрэтнае злачынства, але ж што рабіць зь мільёнамі, якія не прынялі памаранчавы колер?

Беларусь і Ўкраіна вельмі розныя. Так, у нас супольная спадчына ў часах ВКЛ, часткова падобны шлях паўставаньня нацый у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст., блізкія мовы. Яшчэ бліжэйшая, відаць, наша спадчына Савецкага Саюзу. Зь любоўю да моцнай рукі, савецкіх мітаў, сьвятаў і традыцый. Зь непрыманьнем нацыятворчых працэсаў. З боязю і нежаданьнем якіх-колвек пераменаў. Але.

У Беларусі калі і ёсьць рэгіёны, то толькі этнаграфічныя.

Усе магчымыя палітычныя і грамадзянскія заганы ўзяў на сябе адзін чалавек, вакол чыйго імя і круцяцца ўсе спадзевы. У адных, што ён застанецца надоўга, у іншых, што нарэшце ягоны бестэрміновы рабочы кантракт з той ці іншай прычыны скончыцца.

А яшчэ, у адрозьненьне ад Украіны, у нас вельмі мала досьведу жыцьця з правамоцным парлямэнтам пры шматпартыйнай сыстэме. І з больш-менш вялікім полем адносна свабодных СМІ.

Затое таксама ёсьць досьвед спантаннага вхаду людзей на вуліцу. Тых самых – такіх адрозных ад украінскіх паводле маштабу і выгляду – маўклівых акцый пратэсту вясны-лета 2011.

Відаць, мала хто зь беларусаў ня сочыць за падзеямі ва Ўкраіне. Хтосьці суперажывае братам па духу волі. Хтосьці разумее геапалітычную значнасьць зьменаў ва Ўкраіне, хтосьці думае пра сяброў і сваякоў. А хтосьці турбуецца, як ён цяпер будзе езьдзіць на рынак у Хмяльніцкім і на курорты Чорнага мора.

На мой погляд, на беларускія Плошчы 2006 і 2010 ішлі людзі, якія маральна рыхтаваліся, ведаючы, што будзе разгон і наступныя рэпрэсіі. Многія загартаваныя ў папярэдніх дэманстрацыях людзі. А ў 2011-м на маўклівыя акцыі выйшлі самыя розныя. Як цяпер ва Ўкраіне. Хтосьці з думкай пра дэмакратыю, хтосьці пра эканоміку, хтосьці пра нацыянальную ідэю, хтосьці таму, што гэтая ўлада дастала, і хочацца хоць якіх пераменаў.

У 2011 у Беларусі спружына толькі крыху выпрасталася, і калі і праз што можа быць наступны штуршок, ніхто ня ведае. Пакуль, відаць, большасьць удзельнікаў тых маўклівых акцый не адводзіць вачэй ад мільгаценьня навінаў з Украіны. Ад выбуху падзеяў, якія сталіся нечаканымі абсалютна для ўсіх, як унутры краіны, так і за ейнымі межамі.

Калі я бачу фота і відэа пра дзеяньні ўкраінскіх сілавікоў – са зьдзекамі з затрыманых, з стрэламі і выкраданьнямі, – я прыгадваю кадры расправы над мірнымі беларускімі дэманстрантамі ў розны час. Ведаю, што і ў нас ёсьць свае «бэркуты» і «цітушкі». Але. У Менску злачынствы з боку людзей у пагонах збольшага рабіліся на загад ці з дазволу начальства.

Як сьведчаць мае знаёмыя з Украіны, у Кіеве шмат ініцыятывы «зьнізу»: супрацоўнікі міліцыі помсьцяць дэманстрантам: за мароз, за дым, за каменьне і кактэйлі молатава. Сапраўдная ўзаемная нянавісьць, якая засьціць вочы.

Калі беларусы маюць досьвед пратэсту грамадзянаў супраць улады, то ва Ўкраіне назіраецца яшчэ і грамадзянскае супрацьстаяньне.

Каго ў беларускай міліцыі і ўнутраных войсках больш – носьбітаў якой-небудзь ідэі, дзеля якой яны гатовыя зьнішчыць суперніка, ці такога вось старэйшага прапаршчыка, які камандаваў узводам на мосьце ў 1999-м? Які зусім не пакрыўдзіўся на людзей пад б-ч-б сьцягам, якія яго паранілі. І які, можа, ня раз, і ня дзесяць за час службы прыклаўся да іх дубінкай. А пасьля дома слухаў сярод іншага «Маю краіну» і нават «Прэзыдэнт, ідзі дамоў!».

Мы дазнаемся, калі зноў ня зможам ня выйсьці на вуліцы. Можа, гэты хлопец будзе ўжо на іншай – цывільнай рабоце. А можа ўсьміхнецца табе з-пад шалому.

У адным пакоі знаходзіцца 9,5 млн чалавек, і ніхто ня хоча пачынаць першым. Хаця б прамовіць, як ён бачыць будучыню, калі «прыйдуць нашы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG