Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія школьнікі адмаўляюцца вучыць гімн


Віцебск (архіўнае фота)

Віцебск (архіўнае фота)

Тэкст гімну Віцебску, зацьверджаны мясцовымі ўладамі, утрымлівае ня толькі моўныя, але і гістарычныя памылкі, апавёў старшыня абласной рады ТБМ Ёсіф Навумчык.

Ён зьвярнуўся да кіраўнікоў гораду з патрабаваньнем адмяніць рашэньне пра тое, каб гэты тэкст лічыўся гарадзкім гімнам, а таксама распараджэньне пра неабходнасьць яго вывучэньня ў школах.

«Мне патэлефанавала абураная настаўніца беларускай мовы. Па зразумелых прычынах я не магу называць яе імя і школу, але яна апавяла, што ёсьць загад, каб ўсе дзеці вывучылі новы гімн Віцебска. А там, кажа, столькі памылак! Таксама і я паглядзеў тэкст. Вось, прыкладам, радок: «залатых купалоў ціхі сьвет». Па-беларуску будзе «сьвятло», бо слова «сьвет» мае іншае значэньне. Ці радок пра нейкія ордэны на сьцягах. У Віцебска толькі адзін ордэн, Працоўнага чырвонага сьцяга. Я тады патэлефанаваў яшчэ ў чатыры школы — раптам гэта не паўсюль, а так, нечае самадурства. Не, ва ўсіх раёнах Віцебску такое. Настаўніца тая казала, што прачытала гэты тэкст у клясе, а дзеці-дзевяціклясьнікі пачалі рагатаць. А потым абурацца, што ня будуць вучыць такую «абракадабру,» — апавёў Свабодзе спадар Навумчык.

Віцебскія школьнікі, дзесяціклясьнік Андрэй і дзевяціклясьніца Лера, распавялі, як успрынялі загад вывучыць новы гімн Віцебску ў іх школах.

«Калі нам у клясе гэта прачыталі, уся кляса рагатала. І ўся кляса адразу паставілася нэгатыўна да гэтых вершаў. Гэты гімн ня дужа правільны, і недасканалы. Там гістарычныя падзеі, якіх не было, і нейкія рыфмы незразумелыя. Гэта ўжо больш падобна не да гімну горада, а так — нібыта чацьвераклясьнік вершык склаў», — апавёў Андрэй.

«Незразумела, ці то нейкі прымітыўны вершык, ці то блатная песьня пра залатыя купалы. Рыфмы абы-якія, нейкія асобы дзіўныя — то княгіня Вольга, то нейкія невядомыя „навукоўцы і паэты“. Які гэта гімн Віцебска, і чаго мы мусім такое вучыць? Ну, было б нешта вартае. А гэтае абы-што спачатку вучыць, а потым яшчэ прасьпяваць на лінейцы прымусяць?»

Віцебскія актывісты ТБМ напісалі адкрыты ліст да ўладаў, каб тыя адмянілі рашэньне пра зацьвярджэньне і вывучэньне гэтага тэксту ў якасьці гімну. Лісты накіравалі старшыням гарсавету і гарвыканкаму.

Аўтарка тэксту “Песьні аб Віцебску” – старшыня абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка, пэнсіянэрка, якая піша па-расейску. Але ў 2010 годзе, калі быў абвешчаны конкурс на стварэньне гімну Віцебску, вырашыла ўзяць у ім удзел.

Конкурс расьцягнуўся на два гады, у ім удзельнічалі многія аўтары, у тым ліку паэт і журналіст Кастусь Севярынец, бацька вядомага палітыка Паўла Севярынца. Ягоны верш не прайшоў нават у паўфінал. Пераможцай урэшце прызналі спадарыню Краснову-Гусачэнку. Праўда, спачатку ўмоўна: ёй параілі дапрацаваць тэкст і выправіць памылкі.

Яшчэ тады, у 2012 годзе, віцебскія актывісты ТБМ настойвалі, што гэты верш ня варты быць гімнам гораду, кажа Ёсіф Навумчык:

"Я хадзіў на прыём да старшыні гарсавету, мы зь ім разам чыталі тэкст, і ён пагадзіўся, што верш недасканалы. Казаў, што правіць яго трэба істотна. Але на справе зь яго зьніклі хіба толькі радкі пра вянчаньне Аляксандра Неўскага ў Віцебску. Гэта такі ж псэўдагістарычны факт, як і пра княгіню Вольгу: Аляксандар Неўскі вянчаўся ў расейскім горадзе Тарапец…

Пасьля нязначнай праўкі тэкст усё ж зацьвердзілі ў якасьці гімну. Цяпер зь яго нават дзеці сьмяюцца! Мы прапануем уладам, каб статус гімну быў адменены, няхай сабе гэта будзе проста яшчэ адна песьня пра наш горад – калі нехта захоча яе сьпяваць. А мець уласны гімн кожнаму гораду ці мястэчку зусім не абавязкова, тым больш калі стаўленьне да яго нэгатыўнае".

Перад тым як канчаткова зацьвердзіць "Песьню аб Віцебску" ў якасьці гімну, на афіцыйным сайце гарвыканкаму праводзілася галасаваньне. Супраць гімну на словы Тамары Красновай-Гусачэнкі выказалася пераважная большасьць – 73,71% удзельнікаў. Але ўсё адно твор старшыні абласнога аддзяленьня СПБ зацьвердзілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG