Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі: Ва Ўкраіне дэмакратыя змагаецца з Расеяй


Міхаіл Саакашвілі (архіўнае фота)

Міхаіл Саакашвілі (архіўнае фота)

У Кіеве пачалася «першая геапалітычная рэвалюцыя XXI стагодзьдзя».

Такую думку выказвае ў артыкуле ў The Wall Street Journal былы прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які заклікае ня блытаць тое, што адбываецца на Ўкраіне, з «дэманстрацыямі ў іншых краінах, дзе людзі дамагаюцца сацыяльных правоў або пратэстуюць супраць карумпаванага кіраўніка».

Паводле Саакашвілі, «лінія падзелу паміж сотнямі тысяч дэманстрантаў у гарадах па ўсёй краіне і міліцыяй рэжыму Януковіча пралягае паміж дзьвюма ідэалёгіямі, двума уяўленьнямі аб сьвеце і двума жыцьцёвымі ўкладамі: незалежнай заходняй дэмакратыяй і пуцінскай Расеяй».

Саакашвілі піша:

«У апошнія гады прэзыдэнту Пуціну надае сьмеласьці думка, што Злучаныя Штаты і Эўропа перагружаныя іншымі крызысамі ў іншых рэгіёнах. Яму надаюць сілы і палітычныя посьпехі ў Армэніі і Грузіі, як і ў самой Украіне – у 2010 годзе ён арганізаваў скіданьне ўраду, сфармаванага пасьля пагарджанай ім «аранжавай рэвалюцыі» 2004 году. Пуцін, як здаецца, быў перакананы, што нарэшце яму ўдаецца выціскаць Захад з постсавецкай прасторы, якую ён лічыць сваёй натуральнай вотчынай. І ўсё складвалася дабра для спадара Пуціна; нават адмова Ўкраіны ў апошні момант у лістападзе летась падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам спачатку выглядала як трыюмф ягонага ўмельства весьці геапалітычную гульню. Але ў дзеяньне ўступіў нечаканы чыньнік: імкненьне украінцаў жыць у дэмакратычным, адкрытым і эўрапейскім грамадзтве, на чале якога стаяў бы ўрад зь незаплямленымі рукамі».

Усё, што Пуцін уяўляе сабою для Расеі і яе суседзяў, сьцьвярджае былы прэзыдэнт Грузіі, мае свой пачатак у «старым КГБ». Саакашвілі працягвае:

«З пункту гледжаньня Крамля ў Расеі няма межаў, у яе ёсьць толькі пэрыфэрыя, якая на векі вечныя асуджаная быць карумпаванай, ахопленай хаосам, незаможнай і няздольнай стварыць функцыянальныя дэмакратычныя дзяржавы».

Паводле Саакашвілі, цяпер у Кіеве вырашаецца будучыня рэгіёну. Перамога ўкраінскіх пратэстоўцаў будзе азначаць канец мары Пуціна пра «адбудаваную расейскую імпэрыю». Іх параза будзе значыць «магутны адкат эўрапейскага ўплыву і каштоўнасьцяў».

Згадваючы мэтафару патрыярха Украінскай праваслаўнай царквы Філарэта, які параўнаў Украіну з казаком, якога байцы «Бэркута» зьбілі і выставілі голым на мароз, Саакашвілі зьвяртаецца да краінаў Захаду:

«Дэмакратычны сьвет не павінен пакідаць гэтага казака на марозе. Прыйшоў час дзейнічаць. Што можна зрабіць? Урады краінаў Захаду ўжо асудзілі жорсткую сілавую акцыю рэжыму Януковіча. Але адных словаў мала. ЗША і ЭЗ павінны ўвесьці санкцыі супраць тых прадстаўнікоў ўкраінскага кіраўніцтва і іх прыхільнікаў зь ліку алігархаў (кім бы яны ні былі), якія адказныя за рэпрэсіі. Санкцыі павінны ўключаць забарону на выдачу візаў і замарожваньне асабістых рахункаў за мяжой. Лідэраў пратэсту, уключаючы Віталя Клічко, варта запрасіць у Вашынгтон ці іншую заходнюю сталіцу для сустрэчаў на высокім узроўні. А Маскву трэба наўпрост перасьцерагчы, каб яна перастала ўмешвацца ў справы Украіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG