Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жызьнеўскага маюць пахаваць сёньня ўвечары


Журналісты Радыё Свабода прыбылі ў вёску Сьцяг Працы. Каля вёскі — могілкі, і якраз цяпер брыгада пачынае выкопваць магілу.

Пахаваньне пачнецца, магчыма, гадзіне а 17–18-й.

Адзін са сваякоў нябожчыка, Міхаіл, кажа: паводле ягоных зьвестак, ва Ўкраіне зь Белай Царквы выехалі, каб забраць цела хлопца з моргу, але забралі ўжо ці не, у яго зьвестак няма.

Сюды прыехалі таксама актывісты з Гомеля, сярод іх — праваабаронца Валер Шчукін. Яны таксама дзяжураць на могілках і не выключаюць, што ўлады спрабуюць дэзарыентаваць тых, хто хоча разьвітацца зь Міхасём. Таму, паводле іх, магчымыя такія супярэчлівыя зьвесткі адносна таго, забралі ўжо цела з моргу ці не.

Пакуль яны стаялі на могілках і пільнавалі, да іх прыяжджаў старшыня пасялковага савету — хтосьці ўжо яго праінфармаваў, што сюды прыехалі людзі.

Актывісты зь Менску — групы «Салідарнасьць разам», «За волю» і іншыя — таксама зьбіраюцца прыехаць у Гомель.

Карэспандэнтам Свабоды ўдалося паразмаўляць з суседкай сям’і Жызьнеўскіх — Тацянай. Яна добра ведала Міхаіла, які гадоў да чатырнаццаці часта прыяжджаў у вёску, улетку фактычна рос у гэтай вёсцы, яго ўсе ведалі. А потым зьехаў. Суседка толькі ўчора даведалася, што Міхась, аказваецца, загінуў у Кіеве.
XS
SM
MD
LG