Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася анталёгія латвійскай паэзіі па-беларуску


Латвійская амбасада ў Менску

Латвійская амбасада ў Менску

У выдавецтве "Галіяфы" пабачыла сьвет анталёгія латвійскай паэзіі. Гэта першае такое выданьне ў літаратурных кантактах дзьвюх суседніх краінаў.

"Ня плач.
Ты соснам маім над абрывам падмыла карэньне".


Гэта радкі народнага паэта Латвіі Оярыса Вацыеціса (1933 – 1983).

Усяго ў кнізе дзесяць аўтараў, бальшыня якіх займела сабе літаратурнае імя ўжо ў постсавецкія часы. Прычым палова з іх пішуць па-латыску, а палова – па-расейску. Вось таму, кажа выдавец і адзін са складальнікаў кнігі Зьміцер Вішнёў, яна і называецца анталёгіяй латвійскай паэзіі, то бок створанай у Латвіі.

"Так склалася, што ў Латвіі з 80-х гадоў сапраўды моцна разьвіваюцца дзьве літаратуры – латыскамоўная і расейскамоўная. Яны суіснуюць, на мой погляд, даволі камфортна, не варагуюць, а супрацоўнічаюць. Прыклад таму куратар выданьня з латвійскага боку Сяргей Марэйна, які актыўна перакладае латыскамоўных аўтараў на расейскую мову. Менавіта таму было прынята супольнае рашэньне выдаваць анталёгію не латыскай, а менавіта латвійскай паэзіі".

Пераклад на беларускую з арыгіналу зрабілі Вольга Гапеева, Альгерд Бахарэвіч, Павал Надольскі, Арцём Кавалеўскі, Ірына Хадарэнка, Зьміцер Вішнёў.

Чакаецца, што з нагоды выхаду анталёгіі ўвесну ў Менску адбудзецца вялікая беларуска-латвійская паэтычная вечарына.

Творчыя кантакты з пісьменьнікамі з краіны балтыйскіх выдмаў усталяваліся яшчэ за часы сяброўства Янкі Купалы з клясыкам латыскай літаратуры Янісам Райнісам. Пазьней на беларускую шмат перакладалі Рыгор Барадулін і Сяргей Панізьнік, якіх латыскі ўрад за ўклад ва ўмацаваньне культурных стасункаў дзьвюх краін-суседак адарыў вышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Нядаўна ў Менску выйшла кніга яшчэ аднаго клясыка латвійскай паэзіі Улдыса Берзынша "Салаўіны крык" у перакладзе Алеся Разанава і Андрэя Гуцава.
XS
SM
MD
LG