Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яцанюк адмовіўся ад прэм’ерства, а законы 16 студзеня адменяць


Алег Цягныбок, Віталь Клічко, Арсень Яцанюк

Алег Цягныбок, Віталь Клічко, Арсень Яцанюк

У адміністрацыі прэзыдэнта позна ўвечары сёньня скончыліся чарговыя перамовы лідэраў апазыцыі Арсеня Яцанюка, Віталя Клічко і Алега Цягныбок з прэзыдэнтам Віктарам Януковічам, першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Андрэя Партнова і міністрам юстыцыі Аленай Лукаш, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Яны доўжыліся больш за чатыры гадзіны.

Як паведаміла пасьля іх заканчэньня Лукаш, у прыватнасьці, Яцанюк ня даў згоды ўзначаліць урад Украіны, перамовы будуць працягнутыя.

Бакі таксама прынялі «палітычнае рашэньне аб адмене прынятых 16 студзеня гэтага года законаў», якія выклікалі «шматлікія дыскусіі», паведаміла яна і тут жа дадала: «Але тыя законы, якія не выклікаюць заўваг, заўтра будуць прынятыя парлямэнтам зноў».

Што тычыцца вяртаньня да Канстытуцыйных нормаў 2004 года, «бакі канстатавалі недасканаласьць нормаў Закону № 2222 (якім былі ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю, вядомыя як рэдакцыя 2004 году — РС.). І канстатавалі адсутнасьць асабістых напрацовак тэкстаў Канстытуцыі», гаворыцца ў паведамленьні.

Акрамя таго, па выніках сустрэчы бакі прыйшлі да «канцэптуальнай згоды» прагаласаваць пра закон «Аб амністыі».

Пры гэтым, заявіла Алена Лукаш, патрабаваньні ўладнага боку наступныя: амністыя ўступіць у сілу толькі ў выпадку вызваленьня ўсіх захопленых памяшканьняў і аўтадарог, у адваротным выпадку зьдзейсьненыя правапарушэньні амніставаныя ня будуць.

Падчас папярэдняга кола такіх перамоваў у адміністрацыі прэзыдэнта, што адбылося пазаўчора, апазыцыі прапанавалі пасаду прэм’ер-міністра для Арсеня Яцанюка і віцэ-прэм’ера па гуманітарных пытаньнях для Віталя Клічка, магчымасьць вызваліць з-пад арышту затрыманых удзельнікаў пратэстаў і вызваліць ад адказнасьці ўдзельнікаў усіх пратэстаў, магчымасьць разгледзець мэханізм вяртаньня да Канстытуцыі ў рэдакцыі 2004 года, якая значна абмяжоўвала паўнамоцтвы прэзыдэнта, і зьмяніць законы 16 студзеня ў выпадку, калі пра гэта будзе «палітычны кансэнсус». Ад апазыцыі патрабавалі адвесьці людзей зь месца супрацьстаяньня на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве і «спыніць супрацьпраўныя дзеяньні».

Апазыцыя патрабуе вызваленьня ад адказнасьці дэманстрантаў і прыцягненьня да адказнасьці парушальнікаў — сілавікоў, прызнаньні несапраўднымі законаў 16 студзеня, адстаўкі ўрада і датэрміновых выбараў і парлямэнту, і прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG