Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЮГ аб’явіў вотум недаверу дырэктару


Тэатар юнага гледача
Тэатар юнага гледача

Калектыў Беларускага рэспубліканскага тэатру юнага гледача аб’явіў вотум недаверу дырэктару тэатру Мікалаю Казюліну.

Такое рашэньне прынята 26 студзеня на пасяджэньні мастацкай рады і на агульным сходзе калектыву.

ТЮГаўцы спадзяюцца, што іх пачуюць і простыя гледачы, і чыноўнікі зь Мінкультуры, і адміністрацыя прэзыдэнта.

Адной з прычынаў вотуму недаверу стала рашэньне Казюліна звольніць мастацкага кіраўніка ТЮГа Ўладзімера Савіцкага і наагул скасаваць гэтую пасаду. У выніку аднаасобным гаспадаром тэатру можа застацца дырэктар. Кантракт з Савіцкім, аднак, заканчваецца толькі ў красавіку 2015 году. Калі Савіцкага звольняць, частка актораў абяцае пакінуць тэатар.

Мікалай Казюлін заняў пасаду дырэктара беларускага Тэатру юнага гледача некалькі месяцаў таму, пасьля сьмерці папярэдняга кіраўніка тэатру Юрыя Куліка.

Неўзабаве тэатар пераедзе ў адрамантаваны будынак. Апошнія 5 гадоў ён мусіў працаваць на непрыстасаваных пляцоўках.

ТЮГ — адзіны беларускі тэатар, які спэцыялізуецца на беларускамоўных пастаноўках для дзіцяча-юнацкай аўдыторыі.

Цяперашні мастацкі кіраўнік тэатру Ўладзімер Савіцкі — ляўрэат некалькіх драматургічных конкурсаў, аўтар інсцэніровак і п’ес.

Драматург, сцэнарыст, тэатральны крытык Жана Лашкевіч сказала карэспандэнту Свабоды, што калектыў не прыняў новага дырэктара за яго непрафэсійнасьць:

«У нас канфлікт вельмі высокага кшталту. Бо такія ўстановы, як наша, з аднаго боку, выхаваўчыя і ідэалягічныя, а з другога — мастацкія. І адна рэч, калі мы наўпрост, колячы вока, будзем казаць: „Любі радзіму“, а іншая, калі мы пакажам дзецям Каліноўскага і распавядзём дзецям, у чым гэтая любоў палягае.

Наш канфлікт палягае ў тым, што высокапрафэсійнага чалавека, якім ёсьць наш мастацкі кіраўнік, чамусьці скарачаюць. І тлумачаць нам, што цяпер чамусьці ня трэба „Сіняй птушкі“, „Зацюканага апостала“, а будзем гледачоў забаўляць. Нас гэта бянтэжыць. Драматычнае мастацтва не такое простае, патрэбна шмат досьведу і ведаў. А прыйшоў чалавек і вырашыў, што за два месяцы дырэктарства ён уведаў самае складанае мастацтва драматычнага тэатру для дзяцей.

Мы робім усё, каб пасярод Менску заставаўся на плыву, у высокім працоўным стане беларускі тэатар для дзяцей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG