Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым была добрая савецкая прэса


Адна мая знаёмая днямі ўдзельнічала ў міжнароднай канфэрэнцыі. Яе фотаздымак зьмясьціў папулярны сайт, і неўзабаве зьявіліся камэнтары. Першы быў - «У яе твар – як ж...».

Другі мой знаёмы днямі пабраўся шлюбам, пра гэта паведаміла інтэрнэт-выданьне. У старыя добрыя часы новае сужэнства павіншавалі б. Цяпер таксама павіншавалі, але ня ўсе. Ананімныя камэнтатары імгненна перамылі косьці жаніху, прааналізавалі яго асабістае жыцьцё, выказалі настойлівыя пажаданьні нявесьце. Трэба прызнаць, што на рэальным вясельлі аўтары большасьці допісаў рызыкавалі б калі не здароў'ем, дык тварам - дакладна.

Абодва мае знаёмцы – вядомыя асобы (інакш інфармацыя пра іх на папулярных сайтах не з'яўлялася б). А значыць, скажуць мне, як публічныя асобы, яны павінны быць гатовыя да публічнага ж абмеркаваньня сваёй пэрсоны і свайго жыцьця.

Гэта нібыта слушна. Але часта аўтары камэнтароў пераступаюць межы крытыкі і абразы, зразумелай цікавасьці да вядомых асобаў і цалкам інтымных, прыватных аспэктаў.

Як правіла, падобныя камэнтары – ананімныя. І бянтэжаць ня толькі выказваньні за мяжой фолу. І зьмест, і інтанацыя часта наводзяць на думку, што галоўная мэта іх аўтараў – гэта імкненьне выказацца. Напісаць кнігу альбо артыкул – няма ні таленту, ні здольнасьцяў, а выказацца – аж сьвярбіць. І выказваюцца, і самавыяўляюцца. Прычым асаблівую асалоду атрымліваюць ад абразаў чалавека, да якога ў рэальным жыцьці яны б, магчыма, нават не асьмеліліся б падыйсьці.

Журналісцкая праца ў віцебскай газэце прывучыла мяне з першага позірку выяўляць ў пошце лісты тых, каму, скажам гэтак, не зашкодзіла б псыхіятрычная дапамога. Слова «позірк» тут мае літаральны сэнс: трапляліся лісты, радкі ў якіх чаргаваліся паводле колеру – сіняга, зялёнага, чырвонага. Альбо так: адзін абзац чырвоны, а другі – зялёны. Былі лісты, напісаныя ненатуральна каліграфічным почыркам – як правіла, іх зьмест сьведчыў пра душэўную хваробу аўтара. Яшчэ адзін паказчык неадэкватнасьці – вялізны памер пасланьняў: некаторыя дасягалі 50-ці старонак дробным почыркам.

Хто толькі не пісаў – аўтары «машыны часу», «незаконнанароджаныя дзеці Машэрава», распрацоўшчыкі «эканамічнай мадэлі выратаваньня плянэты» і г.д. і г.д. Думаю, кожная правінцыйная газэта мела дзесяткі падобных «карэспандэнтаў» (у сталічных, зразумела, іх колькасьць вымяралася сотнямі). Ўладзімеру Арлову ў часе працы намесьнікам рэдактара наваполацкай газэты «Химик» давялося нават атрымаць мэмуары непасрэдна ад удзельніка Кулікоўскай бітвы (1380 год) – на гора іх аўтара, пісьменьніка больш цікавілі падзеі беларускай, а не расейскай гісторыі...

Кожны ліст, дасланы ў рэдакцыю, мусіў быў быць зарэгістраваны. І на кожны аўтар павінен быў атрымаць адказ, хаця б фармальны. Гэтая руціна займала безьліч часу.

А на старонкі газэты зьмяшчаўся добра калі адзін допіс з тысячы. І аўтары ананімак прарвацца на старонкі газэты ня мелі ніякіх шанцаў.

Каб патрапіць на старонку, ліст сапраўды павінен быў закранаць нейкую важную тэму. Так, вельмі часта ў рэчышчы камуністычнай прапаганды, але друкаваліся і карысныя прапановы (мой прыход у газэту якраз супаў з пачаткам гарбачоўскай галоснасьці, і я зьмяшчаў допісы з патрабаваньнямі захаваць ці аднавіць помнікі дойлідзтва. Мушу пакаяцца: часта сам арганізоўваў такія лісты; прапановы ад «працоўных масаў» начальствам успрымаліся куды больш сур'ёзна, чым ад журналіста).

Галоснасьць пашырыла межы свабоды, а Інтэрнэт увогуле зьняў якія б тое ні было бар'еры на шляху выказваньняў. Мне скажуць, што гэта цалкам адпавядае прынцыпам адкрытага грамадзтва. У адказ на гэта заўважу, што адначасна – і надзвычай дэвальвавала вагу выказваньняў, увогуле вагу слова.

І я ўсё больш разумею тых калег, хто не чытае камэнтароў нават пад сваімі артыкуламі.

Ну і галоўнае: у кожным СМІ ёсьць рэдактар, якому ня варта забывацца на сваю місію. Гэта – зусім іншае, чым цэнзар. Цэнзар абараняе рэжым. А рэдактар – чытачоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG