Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад надзвычайнага становішча


У выпадку ўвядзеньня надзвычайнага становішча ва Ўкраіне будуць істотна абмежаваныя правы чалавека, а войска і органы ўлады атрымаюць дадатковыя паўнамоцтвы. Працу СМІ могуць заблякаваць.

Міністар юстыцыі Ўкраіны Алена Лукаш заявіла: калі будынак Мін’юста неадкладна ня вызваляць, яна будзе вымушана зьвярнуцца да прэзыдэнта з просьбай выйсьці зь перамоўнага працэсу. У нядзелю ўвечары будынак захапілі актывісты арганізацыі «Спільна Справа» і пабудавалі вакол барыкады. Міністар таксама заявіла, што зьвернецца ў Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны, каб абмеркаваць магчымасьць надзвычайнага становішча.

Паводле закону «Аб прававым рэжыме надзвычайнага становішча» надзвычайнае становішча ўводзіцца толькі пры наяўнасьці рэальнай пагрозы бясьпецы грамадзян або канстытуцыйнаму ладу, ухіленьне якой іншымі спосабамі немагчыма.

Рэжым надзвычайнага становішча ўводзіць прэзыдэнт сваім указам, аднак у двухдзённы тэрмін яго павінна зацьвердзіць Вярхоўная Рада большасьцю галасоў. Прапановы аб увядзеньні надзвычайнага становішча прэзыдэнту падае Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны, якой кіруе прэзыдэнт.

У выпадках, калі надзвычайнае становішча тычыцца нейкіх тэхнагенных або экалягічных катастроф, з ініцыятывай можа выступіць урад. Пасьля зацьвярджэньня парлямэнтам указу прэзыдэнта аб увядзеньні надзвычайнага становішча ён неадкладна публікуецца.

На тэрыторыі Ўкраіны надзвычайнае становішча можа ўводзіцца на 30 дзён, а ў асобных мясцовасьцях — на 60 дзён.

Існуе сем прычын для ўвядзеньня надзвычайнага становішча:

— цяжкія надзвычайныя сытуацыі тэхнагеннага і прыроднага характару

— масавыя тэракты, якія суправаджаюцца гібельлю людзей

— міжнацыянальныя і міжканфэсійныя канфлікты ці захоп асобных важных аб’ектаў

— масавыя беспарадкі, якія суправаджаюцца гвалтам над грамадзянамі

— спробы захопу дзяржаўнай улады або зьмяненьня канстытуцыйнага ладу гвалтоўным чынам

— уварваньне з тэрыторыі сумежных дзяржаў

— неабходнасьць аднаўленьня канстытуцыйнага правапарадку.

Ключавая роля пры надзвычайным становішчы адводзіцца арміі.

Усе органы ўлады працуюць «ва ўзаемадзеяньні з ваенным камандаваньнем». Камэндатуры надзяляюцца правам выдаваць абавязковыя да выкананьня рашэньні, загады і дырэктывы.

Падчас надзвычайнага становішча Вярхоўная Рада працуе ў пленарным рэжыме. У гэты час нельга зьмяняць канстытуцыю ці выбарчае заканадаўства.

Магчыма таксама істотнае абмежаваньне працы СМІ і доступу грамадзян да інфармацыі. Прадугледжана забарона на выраб інфармацыйных матэрыялаў, якія «могуць дэстабілізаваць абстаноўку».

Камэндатуры атрымліваюць права рэгуляваць працу тэле- і радыёцэнтраў і ўводзіць асаблівы рэжым перадачы дадзеных праз кампутарныя сеткі.

Акрамя таго, улада атрымае магчымасьць забараняць функцыянаваньне аматарскіх радыёперадавальных прылад і прымачоў.

Пры абвяшчэньні надзвычайнага становішча можа быць вызначаны дакладны пералік правоў чалавека, якія часова абмяжоўваюцца.

Аднак пры надзвычайным становішчы ня можа абмяжоўвацца права на прававую дапамогу і права не выконваць злачынныя загады.

Паводле Канстытуцыі нельга абмяжоўваць права на жыцьцё, асабістую недатыкальнасьць і судовую абарону.

За выкананьнем правоў чалавека ва ўмовах надзвычайнага становішча павінен сачыць упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека.

Ва ўмовах надзвычайнага становішча ўводзіцца адмысловы рэжым уезду і выезду, а таксама абмежаваньне свабоды перамяшчэньня.

Камэндатуры могуць абмяжоўваць рух транспарту і аглядаць усе аўтатранспартныя сродкі. Органы ўлады забараняюць правядзеньне масавых мерапрыемстваў і страйкаў, а камэндатуры могуць прымусова адчужаць або адбіраць маёмасьць у інтарэсах дзяржавы.

Камэндатуры на месцах могуць уводзіць камэнданцкую гадзіну з забаронай знаходзіцца на вуліцах без спэцпропускаў у пэўныя гадзіны.

Бяз санкцыі суду могуць праводзіцца праверкі дакумэнтаў і ператрусы.

Таксама магчымая забарона дзейнасьці палітычных партый і грамадзкіх арганізацый.
XS
SM
MD
LG