Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні шлях Жызьнеўскага — ад Майдана да гомельскай вёскі


Міхаіл Жызьнеўскі
Міхаіл Жызьнеўскі

28 студзеня труну зь целам загінулага на кіеўскіх барыкадах гамяльчука Міхаіла Жызьнеўскага маюць прывезьці на радзіму. Напярэдадні ў Кіеве разьвітацца зь ім у Міхайлаўскі сабор і на Майдан прыйшлі тысячы ўкраінцаў. Яго праводзілі як героя. Пахаваюць Міхаіла ў вёсцы ля Гомеля.

Маці Міхаіла Жызьнеўскага Ніна Васільеўна сама не паехала ва Ўкраіну з прычыны кепскага здароўя. Сёньня яна ўдакладніла, хто з родных паехаў у Кіеў:

«Паехаў забіраць мой муж Міхаіл, Мішына сястра й пляменьнік. Сёньня вечарам будуць тэлефанаваць, калі прывязуць. Дакладна пакуль ня ведаем».

Міхаіла Жызьнеўскага пахаваюць на вясковых могілках у паселішчы Сьцяг Працы, што пад Гомелем. Ніна Жызьнеўская кажа, што ў маленстве Міша часта бываў у ейнай роднай вёсцы. Да школы ён тут, па сутнасьці, гадаваўся — у бацькоў Ніны Васільеўны:

«Там Міша малым бегаў, рос у вёсцы. Цётка ў яго ў вёсцы засталася. Бацькі мае памерлі — і мама, і тата. Тата нядаўна памёр. Там пахаваны. У мяне там усе карані пахаваныя. І дзядуля з бабуляй — усе там».

Маці кажа, што апошні раз размаўляла з сынам праз тэлефон у сьнежні — ён абяцаў вярнуцца з Украіны дамоў:

«Казаў: „Мама, я прыеду дамоў“. Я яму: „Сынок, дзеля Бога, прыяжджай!“ Я слабая, „села“ на ногі — хадзіць не магу. У мяне сэрца хворае. Тэлефанаваў ён у сьнежні. Потым мне мая сяброўка Таня — яна ведала, што Міша ў Кіеве — сказала пра Майдан. Нават яна падумала: „Госпадзі, хоць бы туды Мішка не пайшоў“. А ў мяне, як толькі Таня сказала, закралася думка: ён жа туды пойдзе! Людзкі боль, калі чалавеку балюча, Міша перажываў. Ён імкнуўся кожнаму чалавеку дапамагчы, аказаць дапамогу, наколькі сілы яму дазвалялі гэта зрабіць».
Маці Міхаіла Ніна Жызьнеўская
Маці Міхаіла Ніна Жызьнеўская

У гомельскай школе № 4, дзе Міша вучыўся з 1 па 9 клясу, адзначалі ў характарыстыцы, што ён вучань «спагадлівы, цікаўны», «добра размаўляе, шмат чытае». «Праблемных сытуацый не ствараў, захапляўся спортам».

Навучаньне ў дзесятай клясе з ваенным ухілам ён вырашыў працягваць у 15-й сярэдняй школе — кілямэтры за чатыры ад дому, на самым ускрайку Навабеліцы.

Былы выкладчык ваеннай падрыхтоўкі гэтай школы апавёў, што цьмяна прыгадвае Мішу, бо вучыўся той у 15-й школе толькі год:

Міхаіл Жызьнеўскі ў часы вучнёўства
Міхаіл Жызьнеўскі ў часы вучнёўства
«Гэта ж прайшло амаль дзесяць гадоў. Ён такі ціхі, незаўважны быў. Звычайна, калі хтосьці вельмі шустры, тых запамінаеш надоўга. А яго я цьмяна памятаю. Ціхі хлопчык. Была ў клясе пачатковая ваенная падрыхтоўка, як яна была і ў савецкі час — такая праграма была ў той клясе. Была страявая падрыхтоўка, а што да стральбы, то ў ДТСААФ яны езьдзілі».

Пакуль ніводная школа, дзе вучыўся Міша Жызьнеўскі, ніяк не адгукнулася на трагедыю. Толькі грамадзкія актывісты Гомеля й іншых рэгіёнаў выказваюць спачуваньне сям’і забітага абаронцы Майдану. Яны ж зьбіраюць сродкі на пахаваньне. Пра гэта апавядае гомельскі актывіст Андрэй Стрыжак:

«Родныя вельмі ўдзячныя за гэтую дапамогу, бо яна абсалютна неацэнная. І грошы — гэта той невялікі сродак, празь які цяпер можна выказаць сваю салідарнасьць і павагу да гэтага чалавека — дапамагчы сям’і. Я ўзяўся за гэтую справу не таму, што падзяляю палітычныя погляды, якіх мог прытрымлівацца Міхаіл. Я быў у свой час на Майдане — там, дзе і Міхаіл, і пачуваўся бясьпечна. Але атрымалася так, што бясьпека была ўяўная. Міхаіла забілі. На яго месцы мог быць і я. І калі б так атрымалася, ня дай Бог, вядома, але я ўпэўнены, што хтосьці таксама б узяўся і дапамагаў маёй маці».
Панэльны дом на Севастопальскай вуліцы ў Гомелі, дзе наймаюць кватэру бацькі Міхаіла Жызьнеўскага
Панэльны дом на Севастопальскай вуліцы ў Гомелі, дзе наймаюць кватэру бацькі Міхаіла Жызьнеўскага

Пахаваньне Міхаіла Жызьнеўскага адбудзецца 28 студзеня а 12–13 гадзіне на могілках у вёсцы Сьцяг Працы, калі родным удасца перавезьці нябожчыка празь мяжу бяз доўгай затрымкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG