Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мэмарыял у Трасьцянцы: грошы ёсьць, справы — няма


Мэмарыяльны знак у Трасьцянцы

Мэмарыяльны знак у Трасьцянцы

27 студзеня з ініцыятывы Генэральнай асамблеі ААН у сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту. У 1945 годзе ў гэты дзень у Польшчы быў вызвалены канцэнтрацыйны лягер Асьвенцым. На тэрыторыі Беларусі нацысты закатавалі больш за 800 тысяч габрэяў, аднак памяць пра многіз ахвяраў дагэтуль належным чынам не ўшанаваная.

Адно з найбуйнейшых габрэйскіх гета ў Эўропе падчас вайны нацысты стварылі ў Менску. На месцы масавага забойства жыхароў гета ў 1942 годзе цяпер — мэмарыяльны комплекс «Яма». Дзясяткі помнікаў ахвярам Галакосту стаяць і ў іншых гарадах Беларусі, найбольшыя — у Гарадзеі, Слуцку, Давыд-Гарадку. Тым ня менш застаюцца месцы, дагэтуль ніяк не абазначаныя, а вывучэньне трагедыі беларускіх габрэяў далёкае ад завяршэньня, кажа старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Рэспубліканскі фонд Галакост» Вадзім Акапян:

«Пры ўсім тым, што гісторыя Галакосту і сама Другая ўсясьветная вайна — гэта адна з самых задакумэнтаваных тэмаў, наперадзе нават не відаць завяршэньня гэтай працы. Адкрываюцца архівы, таксама на Захадзе архівы адкрываюцца — там мільёны, дзясяткі мільёнаў дакумэнтаў. Гэта проста гіганцкая праца, і ўсё гэта яшчэ наперадзе».

Аднак не ўшанаванымі як мае быць застаюцца нават вядомыя месцы, дзе масава забівалі габрэяў. Паводле зьвестак Усясьветнай асацыяцыя беларускіх габрэяў, адно з такіх месцаў — Мазыр, дзе гараджанаў на пачатку вайны спалілі. Яшчэ адно з найбуйнейшых месцаў зьнішчэньня людзей з розных краінаў сьвету, у тым ліку габрэяў, — Трасьцянец пад Менскам. Аўтар мэмарыялаў «Яма» і «Хатынь», старшыня Саюзу беларускіх габрэйскіх аб’яднаньняў і абшчын, архітэктар Леанід Левін — адзін з аўтараў помніка тым, хто загінуў у Трасьцянцы. Паводле спадара Левіна, праект атрымаў фінансавую падтрымку зь Нямеччыны, але працам не даюць распачацца гарадзкія ўлады Менску:

Леанід Левін

Леанід Левін

«Каля году таму шмат маладых скульптараў аб’ядналіся са мной ня толькі вакол нашай габрэйскай абшчыны, але вакол ідэі. Гэта сапраўдныя беларусы. Мы зрабілі выдатны праект. І грошы на яго ёсьць, але, як па-расейску кажуць, воз і дагэтуль там. Я так разумею, што пакуль гэты чэмпіянат сьвету ня пройдзе, пакуль сто гадкоў гэтай трагедыі ня будзе — нічога ня будзе. Трэба, каб была нейкая зацікаўленасьць Менгарвыканкаму, а пакуль яе ня будзе, то розныя прычыны будуць знаходзіцца, але і праекту ня будзе».

Паводле спадара Левіна, цяпер ён таксама працуе над мэмарыялам у гонар праведнікаў народаў сьвету — сямі сотняў простых беларусаў, якія ў вайну, рызыкуючы жыцьцём, ратавалі ад гібелі габрэяў. Помнік беларускім праведнікам мае паўстаць намаганьнямі Саюзу беларускіх габрэйскіх аб’яднаньняў і амбасады Ізраілю, кажа Леанід Левін:

«Будзем рабіць сьцяну ў гонар Праведнікаў народаў сьвету: на ёй будуць напісаныя імёны ўсіх, хто мае гэтае званьне. Гэта амаль 800 чалавек, дакладна — 771. Гэта простыя людзі, з рукамі зь зямлі — ніякія не чыноўнікі, не начальнікі, якія пасады займаюць, а простыя людзі, якія ўзялі на сябе такую вялікую справу ў час вайны і рабілі ўсё гэта пад рулямі аўтаматаў. Ніякая іншая краіна ня мае гэтулькі праведнікаў народаў сьвету, і мы аддаём ім пашану. І я лічу, што гэтыя людзі — гонар усёй Беларусі, гэта „залатое калосьсе“ нашай краіны. Спадзяёмся, што да Дня Перамогі гэтую сьцяну адкрыем».

З нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр Галакосту ў Менску пройдзе шэраг памятных імпрэзаў, арганізаваных прадстаўніцтвам ААН супольна з амбасадамі Італіі, Ізраілю, габрэйскімі грамадзкімі арганізацыямі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG